Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары праз інтэрнэт і скарачэньне міліцыі ўдвая. Якую Беларусь хоча пабудаваць Статкевіч


Партыя Мікалая Статкевіча апублікавала праект праграмы «Беларусь, якую мы пабудуем». У праекце падрабязна апісваюцца зьмены, якія «Народная грамада» хоча правесьці пасьля прыходу да ўлады.

Партыя Статкевіча, дарэчы, адмовілася ад дадатковай назвы «Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя». Цяпер яна называецца проста «Народная грамада» і пазыцыянуецца як «партыя сапраўдных сацыял-дэмакратаў».

Праграма складаецца з больш як паўсотні старонак. Пачынаецца яна з 20 тэзісаў беларускай сацыял-дэмакратыі пра агульны намер пабудаваць багатую, бясьпечную і справядлівую дзяржаву пад бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй».

Праграма закранае ўсе аспэкты дзяржаўнага жыцьця: палітыку, эканоміку, адукацыю, войска, ахову здароўя, культуру. Коратка пра галоўнае:

Дэбюракратызацыя

  • Скароцяць колькасьць міністэрстваў і дзяржаўных службоўцаў
  • Чыноўнікаў пазбавяць прывілеяў і льготаў

Электронная дзяржава

  • Абарачэньне дакумэнтаў пяройдзе ў сеціва
  • Галасаваць на выбарах можна будзе праз інтэрнэт
  • ID-карта грамадзяніна заменіць усе дакумэнты і дазволіць карыстацца ўсімі дзяржаўнымі паслугамі

Прэзыдэнт і прэм’ер-міністар

  • Пераход да парлямэнцка-прэзыдэнцкай дзяржавы з абмежаваньнем паўнамоцтваў прэзыдэнта
  • Парлямэнт будзе абірацца паводле зьмешанай сыстэмы зь вяртаньнем паўнамоцтваў на ўзор 1996 году
  • За мінімум 25% адсутнасьці на працы дэпутатаў будуць пазбаўляць мандату

Судовая ўлада

  • Судзьдзі будуць абірацца пажыцьцёва
  • Абавязковыя відэазапісы і трансьляцыя адкрытых працэсаў. Іх адсутнасьць будзе падставай для скасаваньня абвінаваўчага прысуду
  • Рэабілітацыя асуджаных у палітычных справах і выплата кампэнсацыяў
  • Прызнаньне юрысдыкцыі Эўрапейскага суду ў правах чалавека
  • Мараторый на сьмяротнае пакараньне

Палітычныя партыі

Адзінай умовай для рэгістрацыі партыі стане наяўнасьць ня менш яктысячы чальцоў і статуту

Выбары

  • Выбарчыя камісіі павінны фармавацца з давераных асобаў кандыдатаў і чальцоў партыяў, якія бяруць удзел у выбарах
  • Датэрміновае галасаваньне будзе скасаванае

Мясцовае самакіраваньне

  • Прамыя выбары мэраў і кіраўнікоў тэрытарыяльных адзінак
  • Будзе ўведзены новы адміністрацыйны падзел — на 20–25 земляў

Эканоміка

  • Зьмяншэньне падаткаў
  • Скасаваньне ліцэнзаваньня ў некаторых галінах
  • Маштабная прыватызацыя неэфэктыўных дзяржаўных актываў

Барацьба з карупцыяй

  • Атрыманьне хабару высокапастаўленым чыноўнікам будуць прыроўніваць да дзяржаўнай здрады
  • Чыноўнікі мусяць даказваць, што маёмасьць набылі законна
  • Будзе створаная камісія прымаць скаргі ад насельніцтва

Сельская гаспадарка

  • ​Прыватная ўласнасьць на зямлю
  • Прыватызацыя грамадзянамі зямельных участкаў
  • Ільготныя крэдыты для фэрмэраў у мэтах куплі або арэнды тэхнікі і абсталяваньня

Энэргетыка

  • Буйныя дзяржаўныя інвэстыцыі ў міжнародныя трубаправоды
  • Тэрміналы звадкаванага прыроднага газу, напрыклад у Клайпедзкім порце

Адукацыя

  • Стыпэндыі не ніжэйшыя за мінімальны памер аплаты працы
  • Наведваньне музэяў, канцэртаў, выставаў за дзяржаўны кошт
  • Вяртаньне льготнага праезду
  • Спыненьне абавязковага разьмеркаваньня
  • Дыстанцыйная, хатняя і онлайн-адукацыя

Мэдыцына

  • Пераход ад бюджэтнага фінансаваньня да сыстэмы, якая злучае бюджэтнае фінансаваньне і індывідуальнае страхаваньне
  • Выбар лекараў ня будзе абмежаваны месцам рэгістрацыі
  • Фінансаваньне мэдыцынскіх установаў і заробак лекараў будуць залежаць ад іх наведваньня грамадзянамі

Пэнсіі

  • Пэнсійныя выплаты будуць з трох складнікаў: сацыяльная пэнсія, індывідуальны назапашвальны рахунак у дзяржаўным пэнсійным фондзе, добраахвотныя назапашвальныя рахункі ў прыватных пэнсійных фондах.
  • Два ўзросты выхаду на пэнсію
  • Пры налічэньні працоўнага стажу зноў будуць улічвацца служба ў арміі, вучоба, догляд дзяцей і інвалідаў, праца ў шкодных умовах

Моладзевая палітыка

Спыненьне выдаткаў на праўладныя моладзевыя арганізацыі (БРСМ, піянэры)

Жыльлё

Доля дзяржаўнага арэнднага жыльля будзе павышаная да некалькіх дзясяткаў працэнтаў жыльлёвага фонду

Экалёгія

  • Будзе спыненае выкарыстаньне радыяактыўна забруджаных тэрыторыяў у сельскай гаспадарцы
  • Зьмяншэньне долі вугалю, торфу і нафтапрадуктаў у энэргетыцы

Свабода слова

Гайд-парк у Лёндане
Гайд-парк у Лёндане
  • ​Правы чыноўнікаў у дачыненьні да СМІ будуць абмежаваныя
  • Дзяржаўныя СМІ стануць грамадзкімі
  • Паведамляльны прынцып арганізацыі мітынгаў і дэманстрацыяў у цэнтрах гарадоў
  • У цэнтрах гарадоў будуць вылучаныя свабодныя зоны на ўзор лёнданскага Гайд-парку. У Менску — плошча Свабоды

Мова і нацыянальная палітыка

Рэальная роўнасьць у правах расейскай і беларускай моваў
Чыноўнікі будуць здаваць экзамен на валоданьне абедзьвюма мовамі

Рэлігія

З рэлігійных арганізацыяў будуць браць падатак за эканамічную дзейнасьць

Роўнасьць полаў

Сьпіс даступных для жанчын прафэсіяў будзе пашыраны, акрамя тых, якія наносяць шкоду менавіта жаночаму здароўю, напрыклад, рэпрадукцыйным функцыям

Праваахоўныя органы

  • Скарачэньне колькасьці супрацоўнікаў праваахоўных органаў на 50%
  • Пакараньне адказных за палітычныя рэпрэсіі

Спэцслужбы

  • КГБ зьменіць назву на Службу бясьпекі Беларусі
  • Пераатэстацыя супрацоўнікаў КГБ і скарачэньне складу
  • Расьсьледаваньне палітычных справаў
  • Рассакрэчваньне інфарматараў КГБ, залучаных у палітычны перасьлед

Ваенны нэўтралітэт

​Пытаньне аб уступленьні ў міждзяржаўныя палітычныя аб’яднаньні можа вырашацца толькі на рэфэрэндуме пад міжнародным кантролем

Беларусь і Расея

Вайсковыя аб’екты РФ у Беларусі па заканчэньні тэрміну дзеяньня дамоваў арэнды павінны быць закрытыя

Беларусь і Эўропа

  • «Супраць бяздумнага капіяваньня эўрапейскіх практык і навязваньня іх нашаму народу»
  • Вывад эканомікі Беларусі на рынкі краін ЭЗ

Войска

  • Выдаткі на войска не павінны быць ніжэйшыя за 2% ВУП
  • Усеагульны прызыў у войска
  • У кожным раёне краіны таксама будуць створаныя падразьдзяленьні тэрытарыяльнай абароны

Аўтары праграмы заклікаюць далучацца да публічнага абмеркаваньня на форуме партыйнага сайту. Заўвагі абяцаюць улічыць і потым прапануюць дакумэнт у якасьці агульнай праграмы Беларускаму Нацыянальнаму Кангрэсу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG