Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы цэнтар Анатоля Лябедзькі правёў першую імпрэзу


Анатоль Лябедзька, архіўнае фота
Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

Цэнтар «Эўрапейскі дыялёг», які стварыў Анатоль Лябедзька пасьля сыходу з пасады старшыні АГП, сабраў у Менску экспэртаў і палітыкаў са Швэцыі і Беларусі.

Цэнтар выступіў арганізатарам беларуска-швэдзкай канфэрэнцыі «Паглыблены дыялёг», на якой абмяркоўвалася стратэгія для беларускай апазыцыі.

Дыскусія паказала, што ў беларускай апазыцыі і яе эўрапейскіх партнэраў існуе рознае разуменьне таго, што павінна быць галоўнай задачай для дэмакратычнай супольнасьці Беларусі.

Кіраўнік цэнтру «Эўрапейскі дыялёг» Анатоль Лябедзька патлумачыў падыходы:

«Мы лічым, што на першым месцы павінна быць правядзеньне выбараў паводле стандартаў АБСЭ. А Захад канцэнтруе ўвагу на іншым — увядзеньні ў Беларусі мараторыю на сьмяротнае пакараньне. Пакуль мы „прабіваем“ новы законапраект аб выбарах, Эўропа націскае на беларускія ўлады, патрабуючы мараторыю».

Удзельнікі дыскусіі Сяргей Калякін, Алена Яськова, Валер Шчукін казалі, што ў такой сытуацыі галоўнае слова павінна быць хутчэй не за палітыкамі, а за экспэртамі. Менавіта адмыслоўцы, асабліва сацыёлягі, мусяць вызначыць, над чым неабходна працаваць беларускай дэмакратычнай супольнасьці ў першую чаргу, чаго патрабуюць людзі.

Восем швэдзкіх удзельнікаў канфэрэнцыі (6 палітыкаў і 2 экспэрты) задавалі шмат пытаньняў беларускім калегам. Генэральны сакратар Партыі зялёных Тэрэза Нэсман цікавілася судовай сыстэмай Беларусі: хто, як і на які час прызначае судзьдзяў?

Прадстаўнік Партыі лібэралаў Марцін Энгбі спытаўся: наколькі рэальна зьмяніць выбарчае заканадаўства да пачатку выбарчых кампаній па абраньні прэзыдэнта і парлямэнта? Швэдзкія экспэрты падтрымалі ідэю, якая ўзьнікла падчас дыскусіі, выдаць да выбараў невялічкі буклет, дзе ў форме пытаньняў і адказаў распавесьці пра найбольш актуальныя праблемы Беларусі.

Што такое «Паглыблены дыялёг»

«Паглыблены дыялёг» — беларуска-швэдзкая камунікацыйная пляцоўка, якая існуе 5 гадоў. Анатоль Лябедзька лічыць гэты праект найбольш пасьпяховым прыкладам супрацы дэмакратычных арганізацыяў Беларусі з аналягічнымі ў іншых краінах.

«Гэтая пляцоўка летась інстытуцыянавалася ў тры кірункі дзейнасьці, — тлумачыць Лябедзька. — Іх курыруюць адпаведныя камітэты: прававых, эканамічных і сацыяльных пытаньняў. Сёньня мы робім справаздачу за 2018 год і абмяркуем пляны на год 2019. Абазначым пэрспэктыўныя тэмы, вызначымся, які досьвед хочам атрымаць. Прызнаюся, што АГП у свой час скарысталася досьведам швэдаў пры падрыхтоўцы праграм аб стварэньні новых працоўных месцаў і барацьбе з карупцыяй».

Зь беларускага боку ў «Паглыбленым дыялёгу» ўдзельнічаюць 11 арганізацый, 6 зь іх прадстаўляюць палітычныя партыі: ад АГП да «Справядлівага сьвету».

З швэдзкага боку камунікуюць 5 арганізацый, выключна палітычныя партыі. Прынцыповае адрозьненьне партыйцаў дзьвюх краін у тым, што ўсе 5 партый Швэцыі шырока прадстаўленыя ў сваім парлямэнце. А беларускія апазыцыйныя партыі маюць у Палаце прадстаўнікоў на ўсіх толькі адну дэпутатку — Ганну Канапацкую.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG