Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля 18 гадоў кіраваньня АГП Лябедзька пакідае пасаду старшыні. На 99,5%


Прэс-канфэрэнцыя Правацэнтрысцкай кааліцыі. Анатоль Лябедзька
Прэс-канфэрэнцыя Правацэнтрысцкай кааліцыі. Анатоль Лябедзька

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў пра адмову балятавацца на чарговы тэрмін і мае засяродзіцца на дыскусійнай пляцоўцы ў рамках новай арганізацыі «Эўрапейскі дыялёг».

«У маім працоўным графіку, у маіх плянах на 2018 год такога пункту, як удзел у выбарах старшыні АГП, ня значыцца, — сказаў Свабодзе Анатоль Лябедзька. — Гэта на 99,5%. Але 0,5% я пакідаю, бо можа ўзьнікнуць, як кажуць, непрадбачаная сытуацыя. Я ў палітыцы ня першы год і ведаю, што ўзьнікаюць абсалютна непрагназаваныя падзеі і абставіны. І калі будзе неабходнасьць, рашэньне я магу прыняць калі не на працягу трох хвілін, то на працягу сутак дакладна».

Тым часам ужо зарэгістраваная новая арганізацыя, дзе Лябедзька будзе на галоўных ролях. Гэта Цэнтар сацыяльна-эканамічных, гістарычных, культурных дасьледаваньняў і прагнозаў разьвіцьця «Эўрапейскі дыялёг». Анатоль Лябедзька запэўнівае, што яе стварэньне не было запасной пляцоўкай на выпадак сыходу з пасады старшыні АГП.

«Каб у нашых мэдыях былі больш разьвітыя аналітычныя структуры, яны не знайшлі б ніякай сэнсацыі. Нават калі пагартаць падборкі 2018 году, будзе шмат пасланьняў і ад мяне асабіста, і ад АГП: на парадку дня востра стаіць пытаньне адкрытай дыскусійнай пляцоўкі.

Нехта ведае пра „Менскі дыялёг“. Так, гэта важная пляцоўка для Беларусі, але яна робіцца пад пратэктаратам МЗС. І хоць зьнешне гэта падаецца як месца для дыскусій, насамрэч склад удзельнікаў праходзіць праз цэнзуру. А я лічу, што пляцоўка павінна быць адкрытая для ўсіх, са сьпікерамі, якія будуць дыскутаваць, а не рабіць такі выгляд. Вось для гэтага і створаны „Эўрапейскі дыялёг“. Ня трэба наўпрост да нечага прывязваць. Тэма паўстала яшчэ летась, сёлета адбылася рэгістрацыя».

Лябедзьку прапанавалі сысьці з пасады старшыні АГП. Хто з апазыцыянэраў кіруе партыямі найдаўжэй

На пытаньне, ці можна сказаць, што рашэньне не балятавацца на пасаду старшыні АГП было прынятае пад зьнешнім ціскам, Лябедзька адказаў адмоўна.

«Такое рашэньне я публічна агучыў яшчэ некалькі месяцаў таму — яшчэ да ўсіх дыскусій, — кажа Лябедзька. — Так, пэўная колькасьць людзей прыйшлі ў раж, але я не разумею, з чым яны ваююць. Ня бачу іншага тлумачэньня, як толькі спробы зарабіць сабе папулярнасьць на прозьвішчы Лябедзькі».

Чарговы зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дзе пройдуць выбары новага старшыні, згодна са Статутам, адбудуцца не пазьней за 10 ліпеня. Пакуль сярод патэнцыйных кандыдатаў называюць некалькі асобаў, сярод іх дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая і намесьнік старшыні АГП з Гомля Васіль Палякоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG