Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскае камандаваньне нецэнзурна камэнтуе захоп украінскіх караблёў. АЎДЫЁ


Расейскія зьнішчальнікі над Керчанскім мостам, 25 лістапада 2018
Расейскія зьнішчальнікі над Керчанскім мостам, 25 лістапада 2018

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны апублікаваў радыёперахоп размоў расейскага камандаваньня з экіпажамі вайсковых караблёў Расеі пры захопе караблёў ВМС Украіны каля Керчанскай пратокі 25 лістапада.

Асьцярожна, нецэнзурнаяя лексыка:

«Мядзьведзеў ужо ў такой паніцы крычыць, такое адчуваньне, што там ужо прэзыдэнт кантралюе ўсю гэтую х... ню», — чуваць на запісе.

Пад Мядзьведзевым можа мецца на ўвазе намесьнік начальніка Памежнай службы ФСБ Расеі - кіраўнік дэпартамэнту берагавой аховы віцэ-адмірал Генадзій Мядзьведзеў.

Як заявілі ва ўкраінскім Генштабе, гэтае аўдыё зьяўляецца «факталягічным доказам мэтанакіраванай агрэсіўнай эскаляцыі сытуацыі ў Чорным і Азоўскім морах ў адпаведнасьці з указаньнямі вайсковага і вайскова-палітычнага кіраўніцтва РФ».

Падчас размовы чуваць загад цалкам пашкодзіць украінскія караблі падчас тарану. Таксама расейцы прызналі пашкоджаньне сваіх караблёў.

25 лістапада Расея заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі — «Бярдзянск», «Яны Капу», «Нікапаль» — захопленыя Расеяй у выніку канфлікту ў Азоўскім моры.

Куды плылі ўкраінскія караблі?

Украінскія караблі накіроўваліся з Адэсы ў Марыюпаль, што дазволена ў адпаведнасьці з артыкуламі 17, 38 Канвэнцыі ААН па марскім праве і артыкулам 2 Дагавору паміж Украінай і РФ 2003 году аб супрацоўніцтве ў выкарыстаньні Азоўскага мора і Керчанскай пратокі.

Але караблі сьпярша былі заблякаваныя расейскімі вайсковымі суднамі, Керчанскую пратоку перакрылі сухагрузам, каб яны не змаглі прайсьці. Расея падняла ў паветра зьнішчальнікі і верталёты.

Апроч таго, расейскі карабель «Дон», пайшоў на таран украінскага рэйдавага буксіра, відэа апублікаванае ў інтэрнэце. У выніку буксір быў пашкоджаны і ня змог самастойна рухацца.

Бой у Азоўскім моры

Увечары 25 лістапада расейскія вайсковыя караблі атакавалі ўкраінскія, у выніку чаго былі параненыя 6 украінскіх маракоў, двое зь іх у цяжкім стане. Усяго Расея захапіла больш за 20 украінскіх маракоў.

Украіна рыхтуецца да ваеннага становішча

Ва Ўкраіне зьбіраюцца абвяшчаць ваеннае становішча на 60 дзён, з такой прапановай выступіла Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны. Гэтае пытаньне парлямэнт Украіны павінен разгледзець увечары 26 лістапада на закрытым паседжаньні, пачатак якога заплянаваны на 16.00. Прапанову падтрымаў прэзыдэнт Пятро Парашэнка.

Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.

Што кажуць у Расеі

Расейскі бок распачаў крымінальную справу па факце парушэньня мяжы. Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці праз Керчанскую пратоку незаконна, хоць яшчэ 2 месяцы таму праблемаў з гэтым не ўзьнікала.

Расея зьвінаваціла Ўкраіну ў правакацыі. Масква заяўляе, што праверкі ўкраінскіх суднаў законныя. Кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў заявіў, што Ўкраіна выкарыстоўвае напружаную сытуацыю ў Азоўскім моры як падставу для ўзмацненьня міжнароднага ціску на Расею.

Міжнародная рэакцыя

Рада Бясьпекі ААН у панядзелак, 26 лістапада, зьбіраецца на экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве. Шэраг эўрапейскіх краінаў рэзка асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры, аднак рэакцыя Эўразьвязу і NATO пакуль стрыманая.

Перадгісторыя канфлікту

Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. У Кіеве было прынятае рашэньне ўмацаваць вайсковы флёт у Азоўскім моры і перакінуць частку караблёў з Адэсы ў Марыюпаль і Бярдзянск.

А што ад гэтага Беларусі?

На думку вайсковага ээкспэрта Аляксандра Алесіна, любое абвастрэньне паміж Расеяй і Ўкраінай не на карысьць Беларусі.

«Бо абодва бакі запатрабуюць дэманстрацыі падтрымкі, а станавіцца на бок аднаго з бакоў у гэтым канфлікце — значыць ісьці супраць уласных інтарэсаў, несьці рэпутацыйныя ды іншыя страты. Зь беларускага боку я чакаю дыпляматычных захадаў, заклікаў не пашыраць канфлікту, сесьці за стол перамоваў ды іншыя агульныя словы. Калі прагучыць ад Менску міратворчая прапанова, прыкладам стаць пасярэднікам у канфлікце, мяркую, яна ня будзе пачутая, бо на сцэну выйдуць магутныя міжнародныя гульцы — ААН, Эўразьвяз ды іншыя», — мяркуе Аляксандар Алесін.

МЗС Беларусі пакуль не адрэагавала на новы віток канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG