Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Работнік Брытанскага візавага цэнтру ў Маскве распавёў, як яго вэрбавала ФСБ, каб паслаць у краіну «пару чалавек»


Выданьне The Insider і група Bellingcat апублікавалі расьсьледаваньне аб тым, як маглі атрымаць брытанскія візы Аляксандар Пятроў і Руслан Башыраў, якіх брытанскія ўлады падазраюць у атручваньні Сяргея і Юліі Скрыпалёў у Солсберы на тэрыторыі Вялікабрытаніі.

Грамадзянін Расеі і былы супрацоўнік брытанскага візавага цэнтру TLSсontact, які абслугоўвае Вялікабрытанію і яшчэ некалькі эўрапейскіх краін, заявіў, што ФСБ спрабавала завэрбаваць яго, каб паслаць у краіну «пару чалавек».

Вадзім Мітрафанаў (імя зьмененае) сьцьвярджае, што супрацоўнікі ФСБ зьвязаліся зь ім у сакавіку 2016 году і папрасілі, каб «пара людзей» бесьперашкодна атрымалі візы ў Вялікабрытанію «бязь лішніх праверак».

«Ён (супрацоўнік ФСБ) дастаў узор дамовы аб супрацоўніцтве з ФСБ і сказаў, што ў мяне два варыянты: альбо я пачынаю добраахвотна супрацоўнічаць з ФСБ, падаючы інфармацыю, якой валодаю дзякуючы маёй працы ў візавым цэнтры, альбо ён узбудзіць крымінальную справу супраць маёй маці», — заявіў Мітрафанаў.

У заяве на атрыманьне прытулку ў ЗША, якая ёсьць у распараджэньні The Insider і Bellingcat, Мітрафанаў распавёў, што ў яго ёсьць жонка, якая не зьяўляецца грамадзянкай РФ, а таксама двое дзяцей, зь якіх ніводзін таксама не зьяўляецца грамадзянінам Расеі. Калі ён у 2015 годзе прыехаў зь сям’ёй у Расею, ён спрабаваў атрымаць для жонкі і дачкі часовы від на жыхарства, зарэгістраваўшы іх у сваёй маці. Але жонцы і дачцэ мужчыны было адмоўлена ў атрыманьні ВНЖ: на думку Мітрафанава, без усялякіх падставаў. Пры гэтым паліцыя і ФМС «на працягу сакавіка 2016 года некалькі разоў наведалі дом маёй маці з інспэкцыяй», патрабуючы, каб ім прадʼявілі замежнікаў. І менавіта пасьля гэтага, паводле сьцьвярджэньня Мітрафанава, зь ім упершыню выйшаў на кантакт нейкі Андрэй, апэратыўны супрацоўнік ФСБ.

«Мне пагражалі арыштам жонкі, дэпартацыяй і далейшай забаронай на ўезд у Расею. Акрамя таго, мне пагражалі турэмным зьняволеньнем маёй маці ў выпадку адсутнасьці супрацоўніцтва з ФСБ», — падкрэсьлівае супрацоўнік візавага цэнтру ў заяве на атрыманьне прытулку ў ЗША.

Паводле Мітрафанава, калі ён усё ж пад ціскам пагадзіўся супрацоўнічаць з ФСБ, зь ім на сувязь выйшаў нехта Аляксандар, «спэцыяліст з упраўленьня „К“ ФСБ». У чэрвені 2016 году ён запатрабаваў даць яму доступ да сыстэмаў візавага цэнтру Вялікабрытаніі, а таксама «падрабязна распытваў аб узаемадзеяньні TLScontact (RU) з консульствамі: як яны дастаўляюць пашпарты ў консульства, у каго ёсьць доступ да кампутарных сыстэм на тэрыторыі консульстваў і гэтак далей».

Неўзабаве пасьля гэтага Пятроў і Башыраў першы раз апынуліся ў Вялікабрытаніі.

Мітрафанаў таксама распавёў, што ФСБ прымусіла яго адсочваць атрыманьне віз Аляксеем Галубовічам, адным са сьведкаў у справе Міхаіла Хадаркоўскага і Платона Лебедзева, а таксама паведамляць, «калі дакумэнты на брытанскую візу падасьць хтосьці з банкіраў аднаго расейскага банку».

З трэцяга разу, у верасьні 2016 году, Мітрафанаву і ягонай сямʼі ўдалося вылецець у краіну, грамадзянкай якой зьяўляецца яго жонка, а адтуль — у ЗША. Там ён падаў заяву аб наданьні яму прытулку, а таксама паведаміў кіраўніцтву TLSсontact аб вярбоўцы.

Сяргей Скрыпаль — былы выведнік ГРУ РФ, абвінавачаны ў Расеі ў шпіянажы на карысьць Вялікабрытаніі. Ён атрымаў рэальны тэрмін, а затым быў абмяняны на аднаго з расейскіх выведнікаў, выкрытых на Захадзе, пасьля чаго атрымаў прытулак у Вялікабрытаніі. Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія, якая прыляцела да яго з Расеі, былі 4 сакавіка 2018 году знойдзеныя без прытомнасьці ў парку ў брытанскім горадзе Солсбэры.

Брытанскія сьледчыя лічаць, што Скрыпалі былі атручаныя бінарным рэчывам «Навічок», распрацаваным у 80-я гады ў СССР і, верагодна, вырабленым у Расеі. Брытанскія ўлады лічаць, што Крэмль і расейскія спэцслужбы «вельмі верагодна» мелі дачыненьне да атручваньня Скрыпалёў, а саму апэрацыю правялі двое супрацоўнікаў ГРУ. Яны заехалі ў краіну з пашпартамі на імёны Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава і адразу ж пасьля апэрацыі вярнуліся назад у Расею.

Расейскія ўлады неаднаразова адмаўлялі, што Крэмль, Расея і ГРУ датычныя да атручваньня Скрыпалей. Аднак вэрсія, хто такія Пятроў і Башыраў, на працягу апошніх месяцаў неаднаразова зьмянялася, а цяпер расейскія ўлады ўвогуле адмаўляюцца яе абмяркоўваць.

Паводле расьсьледаваньняў, пад імем Пятрова хаваецца ваенны лекар і супрацоўнік ГРУ Аляксандар Мішкін, а пад імем Руслана Башырава — Герой Расеі і таксама супрацоўнік ГРУ Анатоль Чапіга.

Паводле інфармацыі, якую знайшлі тыя, хто расьсьледуюць справу, Пятроў і Башыраў акрамя Вялікабрытаніі па тых жа пашпартах выяжджалі ў Чэхію, Нідэрлянды і Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG