Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чапіга-«Башыраў» стаў «Героем Расеі» за эвакуацыю Януковіча, — расьсьледаваньне


«Руслан Башыраў», які, паводле дадзеных журналісцкіх расьсьледаваньняў, зьяўляецца палкоўнікам ГРУ Анатолем Чапігам
«Руслан Башыраў», які, паводле дадзеных журналісцкіх расьсьледаваньняў, зьяўляецца палкоўнікам ГРУ Анатолем Чапігам

Палкоўнік Галоўнага ўпраўленьня Генштабу Ўзброеных сілаў Расеі (больш вядомага пад папярэдняй назвай ГРУ) Анатоль Чапіга, якога Вялікая Брытанія падазрае ў атручваньні сям’і Скрыпалёў, узначальваў апэрацыю вывазу ў Расею экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.

Пра гэта піша расейскі журналіст Сяргей Канеў, які ўдзельнічаў у расьсьледаваньні The Insider і Bellingcat і вымушаны быў тэрмінова пакінуць Расею на мінулым тыдні.

«У лютым 2014-га супрацоўнік ГРУ Чапіга ўдзельнічаў у эвакуацыі былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча ў складзе Сілаў спэцыяльных апэрацый (ССА) Мінабароны РФ, атрымаўшы за гэта званьне Героя Расеі.

Разам зь ім у Крамлі ўзнагароды ўручылі былому асабістаму ахоўніку Пуціна Аляксею Дзюміну, які пасьля стаў губэрнатарам Тульскай вобласьці, а таксама групе «музыкаў» з «Кансэрваторыі» з вуліцы Народнага апалчэньня, якая ў далейшым склала касьцяк ПВК «Вагнэр», — піша журналіст у расьсьледаваньні, распаўсюджаным 1 кастрычніка сайтам «МБХ Медиа», зьвязаным з расейскім бізнэсоўцам, беглым Міхаілам Хадаркоўскім.

Журналіст Канеў анансаваў украінскаму інтэрнэт-выданьню «Громадське», што днямі апублікуе дэталёвае расьсьледаваньне па фактах удзелу Чапігі (ці «Руслана Башырава» — пад гэтым імем расеец быў паказаны ў тэлеінтэрвію ў Расеі) у спэцапэрацыі па эвакуацыі Януковіча з Украіны.

Паводле апублікаванага 1 кастрычніка расьсьледаваньня, Чапіга-«Башыраў» быў запрошаны ў ГРУ ў сярэдзіне 2000-х гадоў. Як гаворыцца ў тэксьце, характарыстыка на Анатоля Чапігу была выдатнай: тройчы пабываў у Чачні, мае ўзнагароды, быў маральна ўстойлівым, добрым сем’янінам.

У Крамлі не знайшлі зьвестак аб узнагароджаньні званьнем «Героя Расеі» палкоўніка Анатоля Чапігі, які падазраецца ў замаху ў Вялікай Брытаніі, сказаў 28 верасьня прадстаўнік прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў.

26 верасьня сьледчыя міжнароднай групы Bellingcat і расейскага выданьня The Insider апублікавалі ўжо трэцюю частку іх расьсьледаваньня на падставе знойдзеных у адкрытым доступе і атрыманых ад неназваных крыніц матэрыялаў аб двух расейцах, якія падазраюцца ў спробе атручваньня Скрыпалёў.

Гэтыя людзі, якія мелі пашпарты на імёны «Аляксандар Пятроў» і «Руслан Башыраў», на расейскім прапагандысцкім тэлеканале RT назвалі сябе турыстамі. Але, паводле сьледчых, яны зьвязаныя з расейскім Міністэрствам абароны, а дакладней, з былым ГРУ (цяпер — Галоўным упраўленьнем Генштабу Ўзброеных сілаў Расеі).

​Па новых дадзеных сьледчых, імя сама меней аднаго зь іх аказалася выдуманым: «прадавец спартовага харчаваньня Руслан Башыраў» аказаўся палкоўнікам ГРУ Анатолем Чапігам. МЗС Расеі назваў апублікаваныя сьледчымі новыя зьвесткі «новым укідам».

Масква традыцыйна адмаўляе ўсе зьвесткі, якія кампрамэтуюць яе. У прыватнасьці, ужо некалькі разоў расейскія вайскоўцы, затрыманыя ў ходзе баявых дзеяньняў на Данбасе, паводле Масквы аказваліся вызваленымі з шэрагаў Узброеных сілў Расеі як раз перад затрыманьнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG