Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рагачоўскім раёне ўшанавалі памяць украінцаў — ахвяр Галадамору. ФОТА


Амбасадар Украіны Ігар Кізім
Амбасадар Украіны Ігар Кізім

У Доўску (Рагачоўскі раён Гомельскай вобласьці) асьвяцілі адноўлены Крыж памяці і ўдзячнасьці, пастаўлены ўкраінцамі як памяць пра ахвяр Галадамору і знак удзячнасьці беларусам за дапамогу ў 30-я гады.

«Мы зноў і зноў згадваем Галадамор, каб гэта ніколі не паўтарылася. Мы памятаем — сьвет прызнае», — падкрэсьліў амбасадар Украіны Ігар Кізім.

Крыж каля царквы ў Доўску быў пастаўлены з ініцыятывы ўкраінскай дыяспары і амбасады ў 2003 годзе. Цяпер, у 85-ю гадавіну Галадамору, драўляны помнік замянілі на мэталічны. На ім пяць каласкоў — сымбаль страшных часоў, калі мільёны ўкраінцаў загінулі ад голаду.

«Крыж у Доўску — сымбаль падзякі ўсім беларусам»

85 гадоў таму тысячы ўкраінцаў прарываліся праз кардоны НКВД з тэрыторыі тагачаснай УССР, каб пазьбегнуць галоднай сьмерці. Беглі і на захад, і на поўнач. Часта кавалак хлеба і прытулак знаходзілі ў палескіх вёсках. Колькі дакладна ўкраінцаў уратавалі беларусы, невядома. Дасьледчая праца вядзецца, але закрытыя архівы КДБ Беларусі не дазваляюць цалкам аднавіць карціну тых часоў.

Гісторыя Крыжа памяці і ўдзячнасьці ў Доўску пачалася з украінца Віталя Ішчанкі. Яго бабуля была з Чаркаскай вобласьці. Разам зь сям’ёй у 30-я гады яна ўцякала ад голаду на поўнач і за 700 кілямэтраў ад дому знайшла прытулак у вёсцы Клецішча Рагачоўскага раёну, непадалёк ад Доўску. Потым улады пачалі вылоўліваць украінцаў і вяртаць на радзіму. Але дзякуючы дапамозе беларусаў украінская сям’я выжыла.

«Такіх гісторый было шмат. Сьведак таго, як беларусы дапамагалі ўкраінцам, знаходзілі ў экспэдыцыях у Мазырскім, Бабруйскім і іншых раёнах беларускага Палесься. Крыж у Доўску — сымбаль падзякі ўсім беларусам», — сказала кіраўніца цэнтру ўкраінскай культуры «Січ» Валянціна Логвін.

«Падстаўляць плячо тым, хто трапіў у бяду»

Перад асьвячэньнем новага крыжа ў мясцовай Сьвята-Пакроўскай царкве прайшло набажэнства.

«Мы памятаем і молімся за тых людзей, якія здолелі выказаць сваю хрысьціянскую любоў і згодна сваёй веры прынялі людзей, якія былі ў вялікай бядзе. Прынялі і дапамаглі выжыць. Мы не павінны забываць сваю адзіную веру, адступаць ад яе, павінны захоўваць у сваім сэрцы любоў і заўсёды падстаўляць плячо тым, хто трапіў у бяду», — сказаў настаяцель царквы айцец Георгій.

Ён дабраславіў прадстаўнікоў украінскай дыяспары, якія «памятаюць сваіх продкаў, свае традыцыі і плячо ў плячо жывуць у братэрстве з нашым беларускім народам».

«Вялікі голад — гэта генацыд супраць украінскага народу»

Намесьнік старшыні Рагачоўскага райвыканкаму Павел Беразінскі нагадаў пра даніну павагі і памяці прадстаўнікам «брацкіх народаў», якія маюць агульную гісторыю і агульныя трагедыі. Па словах чыноўніка, голад у 30-я гады ва Ўкраіне быў наступствам індустрыялізацыі і неўраджаю.

«Украінцы прыйшлі сюды і знайшлі тут дапамогу», — сказаў намесьнік старшыні райвыканкаму.

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім у сваім выступе падкрэсьліў, што ў вялікім голадзе ва Ўкраіне вінаваты не неўраджай, а сталінская палітыка. Па мінімальных ацэнках, ахвярамі Галадамору сталі 4 мільёны ўкраінцаў.

«Гэта як два Менскі, як Кіеў цяпер», — падкрэсьліў амбасадар.

Паводле яго, у гісторыі Галадамору і ўкраінцаў, якія знаходзілі прытулак у тыя часы ў Беларусі, застаецца шмат белых плямаў.

Кіраўніца цэнтру ўкраінскай культуры «Січ» Валянціна Логвін і амбасадар Украіны Ігар Кізім
Кіраўніца цэнтру ўкраінскай культуры «Січ» Валянціна Логвін і амбасадар Украіны Ігар Кізім

«Улады лавілі тут украінцаў, садзілі на баржы і адвозілі дахаты, на верную сьмерць. Удумайцеся — людзі паміралі без вайны, гэта было забойства голадам. Для чаго мы зноў і зноў гаворым пра Галадамор? Каб гэта ніколі больш не паўтарылася. Мы называем гэта генацыдам супраць украінскага народу. У нас ёсьць дэвіз: мы памятаем — сьвет прызнае. Мы будзем гаварыць пра гэта ўсяму сьвету», — казаў Ігар Кізім.

Паводле яго, амбасада плянуе ўсталяваць ля крыжа мэмарыяльную шыльду са словамі ўдзячнасьці беларусам.

Аднаўляць крыж дапамог дыплямат, продкі якога выратавалі хлопчыка ў Галадамор

Валянціна Логвін заўважыла, што ў Крыжы памяці і ўдзячнасьці шмат сымбалічнага. Ён стаіць на скрыжаваньні дарог і ня толькі сымбалізуе памяць пра тых, хто загінуў ад Галадамору, але і нагадвае, як простыя людзі падтрымлівалі адзін аднаго ў цяжкія часы.

У аднаўленьні крыжа браў удзел супрацоўнік украінскай амбасады, продкі якога былі на тэрыторыі Тэрнопальскай вобласьці і ў 30-я гады дапамаглі ўратавацца сіраце.

«Тэрнопальская вобласьць тады не была ў складзе СССР, і голаду там не было. На мяжы ля ракі Збруч былі кардоны, каб не прапусьціць украінцаў на захад. Нашы землякі з заходняга боку ракі на плытах адпраўлялі якую-кольвек ежу на ўсходні бок. А з савецкага боку людзі на плытах адпраўлялі па рацэ дзяцей — у надзеі, што нехта іх прыме і выратуе ад галоднай сьмерці. Такога сірату выгадавалі продкі супрацоўніка ўкраінскай амбасады. А ён зараз дапамагаў зрабіць гэты крыж удзячнасьці тым людзям, якія ратавалі ўкраінцаў ад голаду», — дадала Валянціна Логвін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG