Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЗС Беларусі адрэагавалі на заяву Клімкіна пра небясьпеку знаходжаньня ўкраінцаў у Беларусі


Міністэрства замежных спраў Беларусі, ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі лічаць неадпаведнымі рэчаіснасьці заявы кіраўніка МЗС Украіны Паўла Клімкіна пра небясьпечнасьць знаходжаньня ўкраінцаў у Беларусі, паведамляе Interfax.by.

«Няма сэнсу камэнтаваць гэтую, мякка кажучы, байку. Давайце спытаем у 160 тысяч украінскіх уцекачоў, якія прыехалі ў нашу краіну, дзе ім бясьпечней жыць. Або ў 1,5 млн украінскіх грамадзян, якія наведалі Беларусь», — сказаў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз на брыфінгу 25 кастрычніка ў Менску.

«Складваецца ўражаньне, што нашы ўкраінскія калегі перастроіліся на мысьленьне выключна ваеннымі катэгорыямі, у тым ліку і ў дачыненьні свайго самага блізкага суседа — Беларусі, — дадаў Глаз. — Літаральна ўчора ў Вене яны намалявалі страшылкі пра нейкія танкавыя армады нападнікаў на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі».

Амбасадар Украіны ў Беларусі: Ня трэба выдзіраць гэтыя словы з агульнага кантэксту

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім ахарактарызаваў словы кіраўніка ўкраінскага МЗС Паўла Клімкіна пра «патэнцыйную небясьпеку» знаходжаньня ўкраінцаў у Беларусі як «мяккі дыпляматычны выраз» і заклікаў «не выдзіраць» гэтыя словы з агульнага кантэксту добрых украінска-беларускіх стасункаў, паведамляе Interfax.by.

Ігар Кізім
Ігар Кізім

«Па-мойму, ён (Клімкін — РС) сказаў, што патэнцыйна небясьпечна знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Гэта мяккі дыпляматычны выраз. Але ў той жа час ён сказаў, што тычыцца палітычных, эканамічных, культурных дачыненьняў (Украіны і Беларусі. — РС), у нас усё выдатна. Таму тут ня трэба выдзіраць з кантэксту», - сказаў Ігар Кізім.

На думку амбсадара, «як мяркуецца, Клімкін меў на ўвазе, напэўна, выпадкі з затрыманьнямі Шаройкі і Грыба (украінцы Павел Шаройка і Павел Грыб — РС) на тэрыторыі Беларусі і ў гэтым зьвязку патэнцыйную небясьпеку».

Як паведамлялася, кіраўнік МЗС Украіны Паўло Клімкін у інтэрвію польскаму выданьню Rzeczpospolitа заявіў, што гісторыі затрыманьняў украінскіх грамадзян у Беларусі і перадачы іх Расеі сьведчаць пра тое, што знаходжаньне украінцаў у гэтай краіне можа ўяўляць небясьпеку.

Паўло Клімкін
Паўло Клімкін

«Гэта сьведчыць, што знаходжаньне грамадзян Украіны на тэрыторыі Беларусі зьяўляецца патэнцыйна небясьпечным, і пра гэта мы будзем гаварыць зь Менскам. Мы разумеем, што на тэрыторыі Беларусі дзейнічаюць расейскія ўладныя структуры. Расея прысутнічае там у сфэры бясьпекі», — сказаў Клімкін.

У той жа час, як адзначыў кіраўнік МЗС, у двухбаковых стасунках Украіны і Беларусі — палітычных і эканамічных — «няма вялікіх праблем».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG