Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лагвінец зноў паспрабуе зарэгістраваць «Дзею» ў Беларусі


Алесь Лагвінец, архіўнае фота
Алесь Лагвінец, архіўнае фота

На зьезьдзе ў Менску 10 лістапада было прынятае рашэньне зноў паспрабаваць зарэгістраваць у Беларусі аб’яднаньне «Дзея», піша БелаПАН.

У мінулым годзе «Дзею» зарэгістравалі ў Літве як грамадзкую арганізацыю, але адмовіліся рэгістраваць у Беларусі, спаслаўшыся на недакладнасьці ў заяўцы.

Цяпер на сходзе, у якім узялі ўдзел 60 чалавек, зацьвердзілі статут арганізацыі, выбралі кіраўніком заснавальніка «Дзеі» Алеся Лагвінца і пастанавілі зноў падаць дакумэнты на рэгістрацыю ў Беларусі як праваабаронча-асьветніцкае аб’яднаньне.

У Беларусі пэрыядычна рэгіструюць грамадзкія аб’яднаньні (сьцьвярджаецца, што за 2017 год зарэгістравалі 150), але даволі рэдка рэгіструюць праваабарончыя або неяк зьвязаныя з палітыкай аб’яднаньні.

Напрыклад, «Гавары праўду» зарэгістравалі як дасьледча-асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне толькі зь сёмай спробы, і ўжо пасьля таго, як ад руху выстаўлялі кандыдатаў на парлямэнцкіх і нават двойчы на прэзыдэнцкіх выбарах.

І калі рухі яшчэ рэгіструюць, то апошнюю партыю ў Беларусі зарэгістравалі ў 2000 годзе — гэта была КХП БНФ. «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» ужо сем разоў спрабавала зарэгістравацца — і сем разоў атрымлівала адмову. Спробы рэгістрацыі, кажуць у БХД, не спыняюць, хоць чальцам арганізацыі пагражаюць «праблемамі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG