Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі сёмы раз адмовіла у рэгістрацыі «БХД»


Віталь Рымашэўскі, Вольга Кавалькова, Павал Севярынец.

Міністэрства юстыцыі сёмы раз адмовіла ў рэгістрацыі партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Гэтае рашэньне аргкамітэт плянуе на працягу месяца абскардзіць у Вярхоўным судзе.

Адказ зь Мінюсту аб чарговай адмове ў рэгістрацыі атрымала сустаршыня БХД Вольга Кавалькова. Яна паведаміла агенцтву БелаПАН, што сярод падстаў для адмовы ў рэгістрацыі былі пазначаныя «адсутнасьць хатніх або працоўных нумароў некалькіх заснавальнікаў», а таксама «памылкі ў датах нараджэньня двух заснавальнікаў».

«Але гэта ўсё тэхнічныя памылкі, якія маглі б быць выпраўленыя. Яны не павінны быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі палітычнай партыі», — лічыць Кавалькова.

Таксама ў Мінюсту паўсталі пытаньні наконт памяшканьня, якое было пазначана ў якасьці юрыдычнага адрасу. «Усе патрэбныя дакумэнты, датычныя адрасу, былі прадстаўленыя ў міністэрства, таму ніякіх пытаньняў не павінна было ўзьнікнуць», — упэўненая сустаршыня БХД.

«Зразумела, што і на гэты раз рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі было палітычным. Мы яго, безумоўна, будзем абскарджваць», — падкрэсьліла Кавалькова.

Апошні ўстаноўчы зьезд БХД адбыўся 23 сьнежня 2017 году. На ім колькасьць сустаршынь арганізацыі была павялічана да чатырох чалавек. Раней аргкамітэт партыі ўзначальвалі тры сустаршыні — Георгій Дзьмітрук, Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец. Зьезд вырашыў пашырыць колькасьць сустаршынь яшчэ на аднаго чалавека — ім стала Вольга Кавалькова.

Папярэднія ўстаноўчыя зьезды праводзіліся: у 2009 годзе, двойчы — у 2010-м, адзін раз — у 2011-м і двойчы — у 2015-м.

У сакавіку 2011 году ў інтэрвію амэрыканскай газеце The Washington Post Аляксандар Лукашэнка заявіў, што БХД, «верагодна, ніколі ня будзе зарэгістраваная». «Яны ўдзельнічалі ў беспарадках. Яны не хрысьціянскія дэмакраты, яны бандыты», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

БХД плянуе правесці яшчэ адзін, восьмы па ліку, устаноўчы зьезд, каб зарэгістраваць партыю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG