Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзею» зарэгістравалі ў Літве і паставілі «на паўзу» ў Беларусі


Грамадзкае абʼяднаньне «Дзея» не зарэгістравалі ў Беларусі, але зарэгістравалі ў Літве. Пра гэта Свабодзе паведаміў праўнік і сябра рады «Дзеі» Максім Ціханаў:

«21 ліпеня мы атрымалі адказ зь Міністэрства юстыцыі, якое займаецца рэгістрацыяй. Адмова зьвязаная зь некаторымі недакладнасьцямі, якія ёсьць у нашых дакумэнтах. Хоць, на наш погляд, гэта не недакладнасьці, а толькі няпоўная інфармацыя. Пры жаданьні яе лёгка было б дапоўніць. Я асабіста некалькі разоў тэлефанаваў у міністэрства, пытаўся, у якім стане нашы дакумэнты, ці ёсьць нейкія пытаньні. І штораз мне адказвалі аднолькава: пачакайце, мы прышлем афіцыйнае рашэньне.

Праз гэтую адмову мы пераканаліся, што ў Беларусі існуе забараняльны прынцып на ініцыятывы грамадзянаў. Калі 55 грамадзянаў Беларусі захацелі стварыць супольную арганізацыю, то міністэрства мусіла б ім у гэтым дапамагчы, а не адкідваць іхныя дакумэнты.

Але мы прагназавалі, што нашы дзяржаўныя органы будуць дзейнічаць па-ранейшаму. І таму ўжо зарэгістравалі „Дзею“ ў суседняй Літве. На ўсё афармленьне спатрэбілася тры дні. А ў нас справу зацягнулі на цэлы месяц».

Абʼяднаньне мае намер займацца дасьледаваньнем сытуацыі з правамі і свабодамі чалавека, зафіксаванымі ў Канстытуцыі Беларусі.

Паводле статуту, задачы арганізацыі наступныя:

  • садзейнічаньне пабудове грамадзянскай супольнасьці і праўнай дзяржавы, сьцьвярджэньню прынцыпаў свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека;
  • стварэньне неабходных умоваў для асьветы грамадзянаў Беларусі ў галіне абароны правоў чалавека;
  • садзейнічаньне забесьпячэньню незалежнасьці і сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусі, падвышэньню яе міжнароднага аўтарытэту як дэмакратычнай праўнай дзяржавы.

Устаноўчы сход арганізацыі адбыўся 20 траўня; вырашана, што кіраваць ёю будзе калегіяльны орган — рада зь дзевяці чалавек.

Адзін зь лідэраў «Дзеі» Алесь Лагвінец сёньня сказаў Свабодзе, што арганізацыя правядзе новы ўстаноўчы сход і зноў перадасьць дакумэнты на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG