Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад упершыню афіцыйна падтрымае ў Беларусі Ўсясьветны тыдзень прадпрымальніцтва


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Урад упершыню афіцыйна падтрымае Ўсясьветны тыдзень прадпрымальніцтва, які восьмы раз пройдзе ў Беларусі 12–18 лістапада. Пра гэта сёньня заявіў журналістам намесьнік міністра эканомікі Беларусі Дзьмітры Матусевіч.

Ён сказаў, што міністэрства адмыслова падрыхтавала прапановы, каб беларускія бізнэсоўцы маглі лепш адаптавацца да зьменлівых умоваў вядзеньня бізнэсу. Ініцыятывы ўраду ўпершыню будуць агучаныя на адмысловай панэлі Тыдня прадпрымальніцтва. А выказаць сваё стаўленьне да навацыяў бізнэсоўцы змогуць на круглым стале «Бізнэс у эпоху лічбавай эканомікі».

Пад крэдыт можна закласьці аўтамабіль

Кіраўніца прадстаўніцтва Міжнароднай фінансавай карпарацыі ў Беларусі Вольга Шчарбіна сказала, што карпарацыя чарговым разам апякуецца мерапрыемствамі Тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі. Сёлета экспэрты прадставяць новыя інструмэнты доступу да крэдытных рэсурсаў. Адзін з такіх інструмэнтаў — закладная рухомая маёмасьць. Гэта азначае, што бізнэсовец можа закласьці свой уласны аўтамабіль і пад яго атрымаць крэдыт.

Спадарыня Шчарбіна паведаміла, што кожны ўдзельнік дыскусіі пра новыя інструмэнты доступу да крэдытаў атрымае асабісты пульт. І зможа ў рэжыме онлайн выказаць сваё стаўленьне да кожнай прапановы.

У 2018 годзе МФК асаблівую ўвагу аддае жаночаму прадпрымальніцтву. Міністэрства эканомікі пагадзілася з прапановай карпарацыі ўвесьці дзьве дадатковыя прэміі для найлепшых бізнэсоўцаў году: «Найлепшая жанчына-бізнэсовец-2018» і «Найлепшая жанчына-бізнэсовец, якая сёлета распачала бізнэс».

Амэрыканцы падтрымліваюць фінансава і экспэртна

Усясьветны тыдзень прадпрымальніцтва ў Беларусі традыцыйна праводзіцца пры падтрымцы Агенцтва Злучаных Штатаў Амэрыкі па міжнародным разьвіцьці. Ня стане выключэньнем і гэты год, запэўніла прадстаўніца агенцтва Анастасія Гламбоцкая.

Паводле яе, праграма падтрымкі беларускага прадпрымальніцтва з боку ЗША існуе ўжо 10 гадоў. Апошняй навацыяй стала падтрымка агенцтвам тэхналягічных стартапаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG