Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўныя экспэрты «зарубілі» другі законапраект дэпутаткі Канапацкай


Ганна Канапацкая, архіўнае фота
Ганна Канапацкая, архіўнае фота

Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Беларусі даў адмоўнае заключэньне на абноўлены варыянт Кодэксу аб зямлі, які падрыхтавала апазыцыйная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. У дакумэнце, які атрымала дэпутатка, сьцьвярджаецца, што яе прапановы «супярэчаць шматлікім указам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

На пытаньне Свабоды, чаму юрысты, якія ёй дапамагалі, дапусьцілі такія хібы, Канапацкая адказала, што яны зыходзілі з таго, што павінны дзейнічаць законы, а ня ўказы.

«Мы ўсе гаворым пра тое, што Беларусь нібыта прававая дзяржава. Але ў прававых краінах стасункі ўсталёўваюцца ня ўказамі, няхай нават і прэзыдэнцкімі, а законамі. Менавіта за гэта я і змагаюся як дэпутат Палаты прадстаўнікоў», — кажа спадарыня Канапацкая.

Чаму патрэбная экспэртыза?

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў маюць права заканадаўчай ініцыятывы. Яны могуць самастойна падрыхтаваць праект таго ці іншага закону. Дэпутаты цяперашняга скліканьня гэтым правам рэдка, але карыстаюцца. Так вырашыла зрабіць і Ганна Канапацкая, рыхтуючы лібэральныя зьмены да Кодэксу аб зямлі.

Аднак згодна з рэглямэнтам працы Палаты прадстаўнікоў ініцыятар новага закону абавязкова павінен прадставіць меркаваньні так званых «зацікаўленых», гэта значыць шэрагу міністэрстваў і ведамстваў, часам і грамадзкіх арганізацый.

«Зямельны» законапраект, які істотна зьмяншае ролю дзяржавы ў зямельных адносінах, Канапацкая накіравала для экспэртызы амаль у 30 адрасоў. Бальшыня дзяржаўных устаноў яго прадказальна не падтрымалі, некаторыя даслалі нэўтральныя рэцэнзіі.

Так, паводле заключэньня Камітэту дзяржаўнага кантролю, прапановы дэпутаткі зробленыя ў інтарэсах землекарыстальнікаў і «пазбаўляюць дзяржаву важных мэханізмаў рэгуляваньня зямельных дачыненьняў». Генэральная пракуратура лічыць захады Канапацкай «заўчаснымі», бо яны могуць прывесьці да «завуаляванага продажу зямельных участкаў».

Пазытыўны водгук даў толькі першы віцэ-прэмʼер Аляксандар Турчын, і то ў якасьці кіраўніка грамадзкай структуры — Рады разьвіцьця прадпрымальніцтва. Ён засьведчыў, што «Рада падтрымлівае шэраг ініцыятываў».

Галоўнае, інтэгруючае слова ў экспэртызе застаецца за Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых дасьледаваньняў. А ён прызнаў законапраект супярэчным прэзыдэнцкім указам. У выніку Канапацкая апынулася перад дылемай — або ўносіць папраўкі і тым самым прызнаць, што прэзыдэнцкія ўказы ў Беларусі вышэйшыя па сваёй юрыдычнай сіле за дзяржаўныя законы, або адмовіцца ад далейшай працы над Кодэксам аб зямлі.

Што прапануе Канапацкая

  • Зьліквідаваць абмежаваньні ў выкарыстаньні зямельных участкаў.
  • Скараціць падставы для іх канфіскацыі.
  • Зьліквідаваць няроўнасьць у правах розных землекарыстальнікаў пры ажыцьцяўленьні гаспадарчай і іншай дзейнасьці.
  • Не дапускаць пазасудовай канфіскацыі зямельнага ўчастку дзяржавай у землекарыстальніка.
  • Дазволіць дзяліць зямельны ўчастак.
  • Зьняць абмежаваньні на прызначэньне зямельнага ўчастку, якім можа валодаць грамадзянін на правах уласнасьці.
  • Скасаваць плату за права заключыць дамову арэнды.
  • Выкарыстоўваць маёмасныя падаткі і арэндную плату толькі на разьвіцьцё адпаведных тэрыторый.

Падрыхтаваць зьмены ў «Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі» Ганну Канапацкую падштурхнулі канфлікты з прычыны недасканаласьці зямельных праўных стасункаў паміж грамадзянамі, у прыватнасьці прадпрымальнікамі, і дзяржавай. Законапраект Канапацкай накіраваны на лібэралізацыю зямельных праўных стасункаў. Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, ён «зьмяншае ролю дзяржавы ў зямельных стасунках, наколькі гэта магчыма».

25 верасьня Канапацкая ўпершыню прэзэнтавала экспэртам і журналістам свой праект зьменаў і дапаўненьняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі. 30 кастрычніка ў рамках круглага стала ў часопісе «Директор» дакумэнт абмяркоўвала бізнэс-супольнасьць.

«Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі» дзейнічае з 23 ліпеня 2008 году. Апошнія зьмены і дапаўненьні ў яго прынятыя ў 2015 годзе.

Канапацкая: Мне ніхто не дапамагае

Адмоўную рэцэнзію Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Ганна Канапацкая атрымала другі раз. Упершыню гэткую ж ацэнку яшчэ ў жніўні далі і яе зьменам да выбарчага заканадаўства. Спаслаліся на тое, што «зьмены не адпавядаюць некаторым дзейным заканадаўчым актам». Тады ж дэпутатка паабяцала «дапрацаваць законапраект і зноў даслаць яго ў Нацыянальны цэнтар».

Ці зрабіла яна гэта?

«На жаль, яшчэ не пасьпела. Не хапае на ўсё рук і сіл, — сказала Свабодзе дэпутатка. — У мяне цяпер вельмі шмат законапраектаў, над якімі даводзіцца працаваць. Гэта і Працоўны кодэкс, і Падатковы, і „наркотыкі“, і іншае. Скажу шчыра, я працую фактычна адна. Абʼяднаная грамадзянская партыя мне не дапамагае. Добра, што хоць часам дапамагаюць БХД і рух „За свабоду“».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG