Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што затрымалі эпатажнага «сьвятара» ў Наваградку? І пры чым тут закрытая фэнтэзі-сядзіба?


Часова закрытая сядзіба Літоўка пад Наваградкам, дзе часта бываў Дзьмітры Бондар
Часова закрытая сядзіба Літоўка пад Наваградкам, дзе часта бываў Дзьмітры Бондар

Апошнія тыдні Наваградак гудзе: затрымалі Дзьмітрыя Бондара, які абвясьціў сябе «сьвятаром», а сядзіба Літоўка, што належыць ягонаму сябру і дзе бачылі «дэманаў», закрылася на няпэўны час. Свабода паспрабавала разабрацца ў прычынах скандальнай гісторыі.

Затрымалі месяц таму

Дзьмітры Бондар, які на пачатку году нарабіў шуму як «сьвятар з інстаграмам», зноў даў нагоду для абмеркаваньня. Каля месяца таму яго затрымалі ў фэнтэзі-сядзібе Літоўка, дзе ён быў частым госьцем. Дзьмітры сябраваў з гаспадаром сядзібы Сяргеем Кавалём.

Наваградак у тумане
Наваградак у тумане

Асноўная вэрсія гараджан — Дзіма мог заразіць іншага чалавека ВІЧ-інфэкцыяй. Мяркуюць, што магла пацярпець не адна асоба. Сьцьвярджаюць, што праваахоўнікі заняліся Бондарам, калі празь яго пацярпела сям’я высокага чыноўніка з Горадні.

За Дзьмітрыем у горадзе замацавалася рэпутацыя адкрытага гомасэксуала.

Узначальваў БРСМ, кіраваў кінавідэасеткай

Дзьмітрыю 35 гадоў. Прынамсі, такі ўзрост пазначаны ў ягоным акаўнце ў сацсетцы. Зь дзяцінства ён жыве ў Наваградку. Тут жыве і ягоная маці Валянціна, бацька даўно памёр. Дзьмітры — адзінае дзіця ў сям’і. Маці — вядомая ў горадзе асоба, яна дырэктарка кавярні і камбінату школьнага харчаваньня, які забясьпечвае ежай усе школы раёну.

Пасьля школы хлопец хацеў паступіць у каталіцкую духоўную сэмінарыю, спачатку ў Горадні, потым у Пінску. Аднак мясцовы сьвятар нібыта ня даў яму патрэбнай для паступленьня рэкамэндацыі. Урэшце хлопец узначаліў раённую ячэйку БРСМ, дзе прапрацаваў 10 гадоў. Пасьля кіраваў кінавідэасеткай.

«Гавораць, што ён „галубым“ дае шлюб»

Пра тое, калі Дзьмітры стаў «сьвятаром», думкі разыходзяцца. Некаторыя кажуць, што летась, іншыя — што гадоў ужо дзесяць таму.

«Ці сьвятар ён? Ніякі ён не сьвятар... Потым я чую — Бондар на ксяндза пераўтвараецца. Гавораць, што ён „галубым“ дае шлюб. Асабліва прыяжджаюць зь Менскай вобласьці, на менскіх нумарах», — кажа баба Ніна, якая ведае Дзіму змалку.

Бондар прадстаўляўся старакаталіцкім сьвятаром, потым «біскупам сьвету».

«Кажуць бабулькі, хай бы быў заслужаны ксёндз, а ня ганьбіў нас, палякаў», — працягвае баба Ніна.

«Там усё робіцца дзеля фота»

Хлопец нават зладзіў у прыватным доме царкву, назваўшы яе імем Сьвятога Марціна.

«Я ня ведаю. Я ніколі не мяшаюся ў такія справы. Машына езьдзіць, маці ягоная прыяжджае», — кажа бабуля-суседка пра затрыманьне і паказвае, як знайсьці дом Бондара.

Цагляны дом — у глыбіні прыватнага сэктару. Ніякіх азнакаў, якія б нагадвалі пра царкву, не відаць. Участак абнесены высокім плотам. Праўда, у ім ёсьць шырокі ўваход. На доме вісіць камэра відэаназіраньня. У двары пуста.

Дзьмітры Бондар уладкаваў царкву ў цагляным доме сярод прыватнага сэктару Наваградку. Без аніякіх адпаведных зьнешніх прыкметаў
Дзьмітры Бондар уладкаваў царкву ў цагляным доме сярод прыватнага сэктару Наваградку. Без аніякіх адпаведных зьнешніх прыкметаў

​Ці ладзіліся там нейкія набажэнствы, невядома.

«Там усё робіцца дзеля фота: стаў, сфоткаўся, і ўсё. Гэта для яго гульня такая. Ён як блазен. Нехта рэжысіруе ягоную старонку. Нехта ведаў, як яго паставіць, як сфатаграфаваць, якую разумную цытату ўставіць», — мяркуе жыхар Наваградку Ян.

Сьвятар-самазванец, па словах жыхароў Наваградку, паводзіў сябе абуральна ў публічных месцах: лаяўся матам, езьдзіў у адзеньні сьвятара на кабрыялеце разам зь дзяўчынай, выкладаў аголеныя фота ў сацсеткі, падыходзіў да турыстаў з прапановай іх блаславіць і ўскладаў на іх рукі, чытаў пропаведзі. Асноўным месцам «дзейнасьці» Дзьмітрыя была сядзіба Літоўка.

Благачынны Наваградзкай акругі протаярэй Анатоль Герасімук кажа, што праваслаўныя і каталіцкія сьвятары спрабавалі зьвярнуць увагу ўладаў на «самаабвешчанага» сьвятара. На пачатку году яны разам пайшлі да старшыні райвыканкаму і выказалі сваю занепакоенасьць паводзінамі Бондара. Наколькі ведае айцец Анатоль, пасьля гэтага Дзьмітрыя выклікалі на гутаркі, «прасілі адумацца, заклікалі да сумленьня».

Від на рэшткі замкавай вежы ад уваходу ў наваградзкі касьцёл
Від на рэшткі замкавай вежы ад уваходу ў наваградзкі касьцёл

«Дзьмітры Бондар не айцец. Ён сабе храм пабудаваў, даваў шлюб. Так нельга рабіць. У нас ёсьць закон аб свабодзе рэлігій. Грамада атрымлівае рэгістрацыю і можа ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць. У яго нічога такога не было», — кажа айцец Анатоль.

Каталіцкія герархі падрыхтавалі зварот да вернікаў, дзе тлумачылі, што Бондар — фальшывы сьвятар. Гэты зварот чыталі публічна ў наваградзкіх касьцёлах.

Дзяўчына, якая ведала Дзьмітрыя ў юнацтве, кажа, што хлопец заўжды быў такім эпатажным, якім цяпер яго бачаць у інстаграме.

«Думаю, ніхто з наваградзкіх жыхароў ня ставіўся да яго сур’ёзна як да сьвятара. Дзіма быў „ксяндзом“ заўжды, зь дзяцінства. Гэта хутчэй ягоная мянушка, чым статус», — кажа крыніца, якая прасіла не называць сябе.

Яна мяркуе, што рэлігійнасьць Бондара была кшталту хобі.

«Памятаю, як мы па дарозе на дыскатэку кампаніяй заходзілі да Дзімы. Ён там прачытае па-лацінску свае малітвы, пахрысьціць нас, мы пасьмяёмся і пойдзем на дыскатэку».

«Яму трэба раскручваць гэтую Літоўку»

Імя Дзьмітрыя Бондара жыхары цяпер згадваюць у пары з гаспадаром Літоўкі Сяргеем Кавалём, якога ў горадзе называюць няйначай як Француз. Мянушка быццам замацавалася ў 1990-я гады, калі Сяргей вазіў адзеньне сэканд-хэнд з Эўропы. На гэтым бізнэсе і «падняўся». Потым перайшоў на тавары з Расеі. Цяпер у Каваля няма бачнага бізнэсу ў горадзе, як раней. Адзіная ягоная справа — Літоўка, але і тое некамэрцыйны праект.

Сяргей вядомы ў горадзе і як мэцэнат: паставіў на тэрыторыі былога гета помнік габрэйскай дзяўчынцы Міхле Сасноўскай.

Каваль — таксама тутэйшы жыхар. Яму 47 гадоў, двойчы жанаты, двое дзяцей.

Бондар часта гасьцяваў у Літоўцы. Мужчыны разам адпачывалі на Гоа. Кажуць, пасьля падарожжа яны сталі іншымі, нейкімі дзіўнымі. Маўляў, зь Сяргеем цяпер цяжка камунікаваць, ён размаўляе нібы з космасам.

«Яны хваліліся, што даішнікі не правяраюць іх на алькаголь, а адразу на наркотыкі. Усё ім было беспакарана, усё сыходзіла з рук. Яны былі недатыкальныя», — кажа Ян.

У Літоўцы ладзіліся вечарыны. Сяргей зьбіраў сваіх сяброў, мастакоў, майстроў, мясцовую «багему». Суразмоўцы асьцярожна дзеляцца вэрсіяй, што на сядзібе мог дзейнічаць прытон, аднак ніхто ня бачыў, хто туды езьдзіў.

«Француз стаяў убаку, ня надта ў гэта лез. Моцна там не бушавалі. Навошта яму хлопчык? Яму трэба раскручваць гэтую Літоўку», — мяркуе Ян.

Крыж на могілках каля Літоўкі, які ўсталяваў Дзьмітры Бондар
Крыж на могілках каля Літоўкі, які ўсталяваў Дзьмітры Бондар

Маці Сяргея Каваля пацьвердзіла Свабодзе, што ў Літоўцы была міліцыя, але болей гаварыць наконт гэтай сытуацыі не захацела.

Блізкая да Бондара асоба: «Выступаў супраць страшнага бізнэсу, у які ператварылі рэлігію»

Асоба, блізкая да Дзьмітрыя Бондара, сказала карэспандэнту Свабоды, што яго затрымалі 2 кастрычніка, а цяпер ён у сьледчым ізалятары ў Горадні. У ягоным доме ў Наваградку і ў сядзібе ў Літоўцы зрабілі вобшукі.

«25 амапаўцаў і два сабакі. Гэта быў наваградзкі баявік. Нічога не знайшлі, але Дзьмітрыя забралі. Абвінавачаньне прад’яўленае чыста фармальнае паводле артыкулу 343 (распаўсюд парнаграфіі). А далей рыюць зямлю і паліваюць гразьзю. Гэта адназначна заказная справа», — кажа крыніца.

Сваякам пакуль не дазволілі спатканьня з затрыманым.

«Тое, што ён пад арыштам, нонсэнс. Усё робіцца дзеля таго, каб не перашкаджалі сьледзтву. Рыць, капаць і закапаць», — кажа блізкая асоба.

На вуліцах Наваградка
На вуліцах Наваградка

Яна назвала «поўным абсурдам» інфармацыю ў сацсетках, што Дзьмітры Бондар нібыта ўжываў наркотыкі.

«Прызначана мноства экспэртыз, і ніводная ня вызначыла ніякіх наркотыкаў. Нават бралі на экспэртызу попел ад араматычных палачак для пошуку наркатычных сьлядоў. Але нічога і нідзе ня выяўлена».

Чуткі, што Дзьмітры нібыта заразіў ВІЧ-інфэкцыяй некалькіх чалавек, крыніца назвала «страшнай бруднай хлусьнёй».

«Нават у страшным сьне такое не прысьніцца, — кажа суразмоўца. — Гэта замова сьвятароў, каб усяляк яго прынізіць».

Паводле крыніцы, прадстаўнікі Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў неаднаразова скардзіліся ў райвыканкам, што Дзьмітры ходзіць у сьвятарскай рызе.

«Пісалі, што там сатанізм, хоць яго і блізка няма. Дзьмітры ўвесь час выступаў супраць таго, што сьвятары жыруюць на продажы таямніц. Ён разварушыў гэтую датклівую тэму. І такім чынам закрануў самыя высокія інтарэсы».

Паводле крыніцы, Бондар — сьвятар старакаталіцкай царквы, высьвяцілі яго ў 2007 годзе. Калі працаваў дырэктарам кінатэатру, ён гэтага не афішаваў, а пасьля звальненьня расказаў. Мае нібыта граматы аб прыналежнасьці да царквы, і ўсё гэта правяралася сьледчымі.

Крыніца лічыць, што Дзьмітры цярпіць за сваё іншадумства, за яркае, нестандартнае мысьленьне.

«Ніякай дэструктыўнай палітыкі, апроч адзінства ўсіх рэлігій. Адзінае, што ён выступаў супраць страшнага бізнэсу, у які ператварылі рэлігію», — сьцьвярджае суразмоўца.

Што такое старакаталіцкая царква?

Гэта канфэсія, якая адлучылася ад рымска-каталіцкай царквы ў сярэдзіне — другой палове XIX стагодзьдзя, не пагадзіўшыся з шэрагам пастаноў Першага Ватыканскага сабору, у прыватнасьці — аб непахібнасьці Папы Рымскага.

Старакаталіцызм прадстаўлены шэрагам цэркваў у Галяндыі, Нямеччыне, Польшчы, Чэхіі, Швайцарыі, ЗША. Пасьля Другой усясьветнай вайны ў Заходняй Эўропе і ЗША старакаталіцкія супольнасьці пачалі разьвівацца ў больш лібэральным, пратэстанцкім кірунку, нават уводзілі жаночае сьвятарства і прызнавалі гомасэксуальнасьць нормай.

«То бок гэта ня нейкая шарашчына кантора, а сур’ёзная канфэсія. Два старакаталіцкія прыходы ёсьць у Боне, дзе я жыву. У Нямеччыне ў пэўны пэрыяд рымска-каталіцкія сьвятары пераходзілі ў старакаталіцкую царкву, бо хацелі жаніцца і пры гэтым быць сьвятарамі. Сярод прыхаджанаў ёсьць і моладзь, якую прыцягвае лібэральнасьць гэтай царквы ў спалучэньні зь літургічнасьцю», — сказала Свабодзе тэоляг, дырэктарка цэнтру «Экумэна» Натальля Васілевіч.

Яна лічыць, што калі Дзьмітры Бондар называе сябе старакаталіцкім сьвятаром, то было б нядрэнна, каб ён мог пацьвердзіць гэта дакумэнтальна.

«Кожны мае свабоду веравызнаньня. Ты не павінен належаць да супэрафіцыйнай зарэгістраванай царквы, каб мець права ажыцьцяўляць рэлігійную дзейнасьць і посьціць фоткі ў інстаграме. Калі ён кажа, што ён старакаталіцкі сьвятар, то павінен гэта неяк пацьвярджаць, каб ня ўводзіць у зман людзей наконт свайго статусу ў названай канфэсіі. Але хоць як назавіся, калі людзі давяраюць нейкай асобе як свайму духоўнаму пастыру і хочуць зь ім маліцца, то гэта іхная справа».

Натальля Васілевіч кажа, што ня можа ацэньваць глыбіню рэлігійных пачуцьцяў Дзьмітрыя Бондара.

«Ці ён хрысьціянскі рэлігійны дзяяч, ці фрык, ці пазёр, ці гэта ў яго такі сцэнічны вобраз, я таксама не магу ацэньваць. Але нават калі ён і фрык, які гуляецца ў сьвятара, то гэта ягонае права, як і права ажыцьцяўляць абрады, якія не парушаюць грамадзкага спакою, не парушаюць правоў і свабодаў іншых грамадзян. Разьбірацца, наколькі ён аўтэнтычны, гэта справа не грамадзкасьці, а ягоных прыхаджанаў, якія яму давяраюць, а таксама ягоных фолавэраў у інстаграме, якія ставяць яму лайкі».

Уласьнік Літоўкі: «Можа, зараз сюды пад’едзе варанок, і я паеду»

Сяргей Каваль часова закрыў сядзібу Літоўка для наведнікаў. Тэрыторыя абцягнутая будаўнічай стужкай, пры ўваходзе вісіць шыльда «Закрыта з тэхнічных прычын». Гаспадар тлумачыць гэта гасьцям і выбачаецца. Кажа, што раней за выходныя празь сядзібу праходзілі 3-4 тысячы чалавек.

На сядзібе Літоўка
На сядзібе Літоўка

Цяперашнюю сытуацыю Сяргей называе страшнай і кажа, што ў яго грандыёзныя праблемы. Але дадае, што закрыцьцё сядзібы і затрыманьне Дзьмітрыя — «гэта дзьве абсалютна пакуль розныя рэчы».

«Я закрыўся з прычыны шматлікіх скаргаў людзей на тое, што на тэрыторыі возера часам выпіваюць. Тут убачылі элемэнты сатанізму, дэманізму».

Сяргей Каваль
Сяргей Каваль

Сяргей кажа, што гэта было ягонае асабістае рашэньне, улады ня ціснулі. Ён адзначыў, што на тэрыторыі сапраўды ёсьць розныя рэлігійныя знакі, але нікому не хацеў нашкодзіць ці абразіць пачуцьці вернікаў.

«Я чалавек нерэлігійны, але паважаю ўсе рэлігіі. Я хутчэй агностык».

Ён мяркуе, што, магчыма, памыліўся праз тое, што зрабіў праект некамэрцыйным і дазволіў усім свабодна ўваходзіць на тэрыторыю. Вінаваціць у гэтым толькі сябе.

Каваль адмовіў, што ў сядзібе ўжываліся наркотыкі, ладзіліся сэкс-вечарыны.

«Я заяўляю: ніякіх вечарын тут не было. Магчыма, вядзецца сьледзтва, магчыма, ноччу я ад’яжджаю, магчыма, тут нешта было. Я заяўляю, што я сачыў, каб тут не было нічога такога».

Цяпер Сяргей не бярэцца казаць, што будзе далей зь ягонымі вялікімі плянамі разбудоўваць сядзібу. Кажа, што ўвайшоў у лёгкі ступар і моцна перажывае.

«Можа, зараз сюды пад’едзе варанок, і я паеду... Магчыма, у гэтага месца будзе другі гаспадар. У мяне сілы на зыходзе».

Сяргей кажа, што асноўнай мэтай сядзібы было прыцягнуць сюды людзей, разьвіць турыстычны бізнэс, хоць праект і быў некамэрцыйны. Зьяжджаць зь Беларусі ён не жадае. Шмат падарожнічаў, але жыць хоча на радзіме.

Сьледчы камітэт інфармацыі не падаў

Ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Горадзенскай вобласьці ніякай інфармацыі па справе карэспандэнту Свабоды не далі.

«Што да фізычных асобаў, то мы зыходзім з патрабаваньняў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, які забараняе распаўсюджваньне дадзеных папярэдняга расьсьледаваньня», — сказаў нам прадстаўнік упраўленьня Сяргей Шаршаневіч.

Паводле яго, у падразьдзяленьні УСК па Гарадзенскай вобласьці «няма крымінальных спраў, якія ўзбуджаліся адносна сьвятароў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG