Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ўдар па носе». Чаму дзяржаўныя органы больш не карыстаюцца інтэрнэт-паслугамі кампаніі Зісера


У офісе хостынг-правайдэра Hoster.by

У ТАА «Надзейныя праграмы» (hoster.by) пракамэнтавалі Свабодзе рашэньне Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце выключыць кампанію Юрыя Зісера зь пераліку пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг дзяржаўным органам і арганізацыям, якія выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасьці зьвесткі, што складаюць дзяржаўныя сакрэты.

«Гэта хутчэй удар па носе»

Старшыня агульнага сходу ўдзельнікаў ТАА «Надзейныя праграмы» Юры Зісер ня лічыць гэта моцным ударам па кампаніі.

Юры Зісер
Юры Зісер

​«Мы вельмі мала страцім у грашах, бо гэтыя кліенты цяжкія, выдаткі вялікія на абаронены гостынг, а цэны ў нас ніжэйшыя за іншых. Таму я ня ўпэўнены, што мы наагул нешта страцім. Таму гэты ўдар па носе трэба ацэньваць у кантэксьце таго, што апошнім часам адбываецца вакол мяне і Tut.by», — сказаў заснавальнік найбуйнейшага ў Беларусі інтэрнэт-партала.

Паводле Зісера, наступ на іхнюю паслугу «Абаронены гостынг» ідзе даўно. Яшчэ ў мінулым годзе многім кліентам кампаніі разаслалі лісты, каб яны пераходзілі на паслугі Белтэлекама ці beCloud.

Проста выключылі, і ўсё. Без тлумачэньняў

«Нехта перайшоў, а нехта не захацеў, бо нашы паслугі лепшыя і да іх прызвычаіліся. Потым летам мэнэджары beCloud пачалі тэлефанаваць нашым кліентам і прапаноўвалі перайсьці да іх, бо ў нас хутка адбяруць паслугу абароненага гостынгу, выключаць са сьпісу. Кліенты на гэта не паддаліся. А цяпер ужо выйшаў гэты загад, нас ніхто не папярэджваў, ніякіх абвінавачваньняў не было. Проста выключылі, і ўсё. Без тлумачэньняў».

Каб гарантаваць бясьпеку, захаваньне дзяржаўных таямніцаў, кампанія «Надзейныя праграмы» мусіла набыць адмысловае праграмнае забесьпячэньне і спэцыяльнае, даволі дарагое абсталяваньне.

Ці парушае цяперашняе рашэньне Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце нейкім чынам свабоду вядзеньня бізнэсу?

«Безумоўна. Калі нехта зь віцэ-прэм’ераў казаў, што ўладам ня трэба кашмарыць бізнэс, што ўсе формы ўласнасьці аднолькавыя, то гэта наглядны прыклад адваротнага. Бо ў сьпісе засталіся амаль усе дзяржаўныя і дзьве невялікія прыватныя кампаніі, якія я ня ўпэўнены, што наагул аказваюць такія паслугі. Фактычна гэтае карэктаваньне сьпісу вядзе да манаполіі дзяржавы», — сказаў карэспандэнту Свабоды Юры Зісер.

Старшыня агульнага сходу акцыянэраў ТАА «Надзейныя праграмы» (hoster.by) Юры Зісер — таксама заснавальнік сайту Tut.by. У жніўні ў офісе Tut.by адбыліся ператрусы, зьвязаныя са «справай БелТА». А некалькі дзён таму стала вядома, што чатыром супрацоўнікам Tut.by выстаўленыя абвінавачаньні ў гэтай справе — за незаконны доступ да кампутарнай інфармацыі.

«Для нас гэта іміджавая шкода, але не фінансавая»

Генэральны дырэктар ТАА «Надзейныя праграмы» Сяргей Павалішаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што кампанія аказвала такія паслугі з 2010 году.

Раней у кампаніі было 300–400 кліентаў. На пачатак лістапада засталося каля сотні. У сьнежні 2017 году частка кліентаў на ўмовах канфідэнцыйнасьці паведамілі «Надзейным праграмам», што атрымалі ад вышэйшых органаў прадпісаньне — цягам двух тыдняў перанесьці сайты на іншыя пляцоўкі.

Аб прадпісаньні мы даведаліся ад разгубленых кліентаў, якія зьвярталіся да нас па тлумачэньні

«Як тады, так і цяпер для нас гэта было нечаканасьцю. Аб прадпісаньні мы даведаліся ад разгубленых кліентаў, якія зьвярталіся да нас па тлумачэньні. Аб прычынах цяперашняга рашэньня ААЦ можна толькі здагадвацца», — сказаў генэральны дырэктар ТАА «Надзейныя праграмы».

Паводле Павалішава, абсалютную бальшыню кліентаў гэтае рашэньне не закранае. Але такія дзеяньні парушаюць раўнапраўе суб’ектаў гаспадараньня.

«Для нас гэта іміджавая шкода, але не фінансавая. Самі паслугі дзяржорганам і арганізацыям не прыносяць у нашым бізнэсе істотнага прыбытку. Наша кампанія зьяўляецца найбуйнейшым у Беларусі гостынг-правайдэрам. Ад паслугі „абаронены гостынг“ мы не адмаўляемся, а будзем разьвіваць і прапаноўваць яе не для дзяржорганаў, якія маюць доступ да дзяржтаямніц і дзяржсакрэтаў, а для ўсіх ахвотных — у тым ліку для бізнэсу. І ў гэтым мы бачым патэнцыял і прагназуем попыт на такія паслугі».

«Справа БелТА». Што важна ведаць

Што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.

Сьледчыя падчас вобшуку ў офісе Tut.by
Сьледчыя падчас вобшуку ў офісе Tut.by

  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
  • Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
  • Ператрусы таксама прайшлі ў офісах Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
  • Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
  • 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну, яна аспрэчыла гэтую інфармацыю.
  • Рэдактар Tut.by Дзьмітры Бобрык заявіў, што падпісаў дакумэнт «пра супрацоўніцтва» пасьля пагрозаў у Сьледчым камітэце.
  • У дадатак да прад'яўленага раней усім затрыманым абвінавачваньня Марыне Золатавай таксама інкрымінавалі бязьдзейнасьць адказнай асобы (артыкул ч.2 артыкула 425 КК — да 5 гадоў зьняволеньня і забарона займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю).
  • У лістападзе абвінавачаным па справе выставілі сумы для кампэнсацыі ад 3000 да 17 000 рублёў.

Чым унікальная «справа БелТА». Пяць момантаў

Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс​

Прадстаўляліся суседзямі, адключалі тэлефоны. Як сьледчыя затрымлівалі журналістаў Tut.by

5 пытаньняў рэдактаркі TUT.BY Калтыгінай да Сьледчага камітэту

«Справа БелТА». Ці сапраўды ва ўсім вінаваты опэр?

Мадона, янот і Анджэліна Джалі: заходнія агенцтвы кажуць, што БелТА бярэ здымкі без дазволу

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG