Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанію Зісера выключылі зь ліку пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг для дзяржаўных органаў


Ілюстрацыйнае фота

Кампаніі ТАА «Надзейныя праграмы» (hoster.by) і ІПУП «АйБиЭй АйЦі Парк» выключаныя зь пераліку пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг дзяржаўным органам і арганізацыям, якія выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасьці зьвесткі, што складаюць дзяржаўныя сакрэты, паведамляе БелаПАН.

Гэта прадугледжана загадам Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце ад 2 лістапада, які апублікаваны 7 лістапада на pravo.by. Дакумэнт уносіць адпаведныя зьмены і дапаўненьні ў загад ад 17 сьнежня 2010 году.

У абноўлены пералік пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг не ўвайшлі кампаніі ТАА «Надзейныя праграмы» і «АйБіЭй АйЦі Парк» (IBA IT Park).

ТАА «Надзейныя праграмы» (hoster.by), паводле інфармацыі з сайта кампаніі, — найбуйнейшы правайдэр воблачных рашэньняў і хостынгу, тэхнічны адміністратар дамэнаў .BY і .БЕЛ, акрэдытаваны рэгістратар міжнародных дамэнаў.

Старшынёй агульнага сходу акцыянэраў ТАА «Надзейныя праграмы» (hoster.by) зьяўляецца Юры Зісер, заснавальнік сайта tut.by. У жніўні ў офісе tut.by адбыліся ператрусы, зьвязаныя са «справай БелТА». А некалькі дзён таму стала вядома, што чатыром супрацоўнікам tut.by выстаўленыя абвінавачаньні па гэтай справе — за незаконны доступ да кампутарнай інфармацыі.

Замежнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «АйБіЭй АйЦі Парк» (IBA IT Park) — цэнтар распрацовак IBA Group, заснаваны ў жніўні 2006, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій зь лютага 2007 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG