Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свае і чужыя. Чаму Аляксандар Лукашэнка не ляціць у Парыж


Аляксандар Лукашэнка ад кантактаў з заходнімі палітыкамі адчувае псыхалягічны дыскамфорт. У камунікацыі з эўрапейцамі ці амэрыканцамі кіраўнік Беларусі мае комплекс вінаватага.

Гэтымі днямі цэнтар міжнароднай палітыкі перамяшчаецца ў Францыю. Сьвет адзначае 100-годзьдзе заканчэньня Першай усясьветнай вайны. З гэтай нагоды ў Парыжы адбудзецца Форум міру. У сталіцы Францыі маюць сабрацца больш за 80 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, у тым ліку прэзыдэнты ЗША, Расеі і Ўкраіны. Беларусь — актыўная ўдзельніца той вайны ў складзе Расейскай імпэрыі, тры гады на беларускай тэрыторыі стаяў фронт. Таму яшчэ ў канцы верасьня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка атрымаў запрашэньне ад імя прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона наведаць урачыстасьці ў Парыжы.

Аднак у чацьвер 8 лістапада стала вядома, што Лукашэнка ў францускую сталіцу не паедзе. Беларускую дэлегацыю на гэтым мерапрыемстве ўзначаліць старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч.

Раней беларускі кіраўнік быў вельмі лёгкі на пад’ём, прымаў амаль усе міжнародныя запрашэньні, наведваў розныя саміты ад ААН да АБСЭ і Руху недалучэньня. І вельмі крыўдзіўся, скандаліў, калі не атрымліваў запрашэньняў на міжнародныя форумы.

Таксама Лукашэнка ахвотна езьдзіў у Эўропу. Паколькі пасьля вядомых падзей 1996 году ён стаў у эўрапейскіх краінах пэрсонай нон грата і яго туды не запрашалі, то карыстаўся любой падставай, каб прыехаць на некаторыя тусоўкі зусім не прэзыдэнцкага ўзроўню. Напрыклад, кіраўнік Беларусі езьдзіў на навуковыя канфэрэнцыі ў Аўстрыю, на Гановэрскі і Ляйпцыгскі кірмашы ў Нямеччыну, эканамічны форум у Кран-Мантана (Швайцарыя). Лятаў катацца на лыжах у Аўстрыю — на запрашэньне тамтэйшага Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

Цяпер усё інакш. Мінулым годам не паехаў у Брусэль на саміт «Усходняга партнэрства». І вось цяпер адмовіўся ад Парыжу, страціў магчымасьць патусавацца ў асяродзьдзі зорак усясьветнай палітыкі. Чаму раптам усё так памянялася? Рызыкну прапанаваць некалькі прычын, якія не супярэчаць, а дапаўняюць адна адну.

Па-першае, мусіць, МЗСу Беларусі не ўдалося арганізаваць сустрэчы Лукашэнкі зь вядомымі ўсясьветнымі лідэрамі, кіраўнікамі вядучых краін. А ехаць у Парыж, каб сустрэцца, напрыклад, з прэзыдэнтам Сэрбіі, беларускі лідэр палічыў ня вартым.

Па-другое, магчыма, Лукашэнка разумее, што ў Парыжы ён згубіцца сярод зорак усясьветнай палітыкі. Можна пагадзіцца з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім, які ў камэнтары інтэрнэт-газэце «Салідарнасьць» казаў: «Аляксандар Лукашэнка ўзважвае і выбірае варыянт, пры якім яго ўезд у Эўропу на белым кані выглядаў бы найбольш трыюмфальна. Што тычыцца ўрачыстасьцяў у Парыжы, то там акцэнт будзе зусім не на Беларусь і яе лідэра. Там будзе і тэма іншая, і наратыў іншы, і іншыя фігуры будуць у цэнтры. Знаходжаньне нават не на другіх, а на трэціх ролях, удзел у масоўцы — усё гэта змажа эфэкт».

Але хацеў бы заўважыць: маючы ўжо некалькі месяцаў запрашэньні прыехаць зь візытам у Латвію і Аўстрыю, Лукашэнка чамусьці таксама не сьпяшаецца.

Па-трэцяе, Лукашэнка састарэў, стаміўся, стаў цяжэйшы на пад’ём, яму часьцей хочацца спакою. Таму ён стаў больш пераборлівы, ня ўсе запрашэньні прымае.

Аднак у такім разе можна задаць пытаньне: навошта ён езьдзіць на гэтыя бясконцыя саміты СНД, АДКБ, ЭАЭС, якія ў асноўным бескарысныя і пустыя? Адказ просты. Гэта неабходны рытуал, за якім сочыць Пуцін і ад выкананьня якога залежыць аб’ём расейскіх субсыдый.

Па-чацьвёртае — і, можа, галоўнае, — Лукашэнка ад кантактаў з заходнімі палітыкамі адчувае псыхалягічны дыскамфорт. У камунікацыі з эўрапейцамі ці амэрыканцамі кіраўнік Беларусі мае комплекс вінаватага. Нават калі яны і маўчаць. Вось на нядаўнім паседжаньні Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы ў Менску, асноўны склад удзельнікаў якога складалі заходнія палітыкі і экспэрты, Лукашэнка раптам пачаў дыскусію пра дэмакратыю і правы чалавека. Хоць ніхто гэтага пытаньня ня ўзгадваў.

Таксама кіраўнік Беларусі апавядаў, як ён доўга дэбатаваў пра правы чалавека з прадстаўнікамі амэрыканскіх аналітычных цэнтраў 6 лістапада.

Вось такіх дэбатаў на самітах СНД, АДКБ ці Руху недалучэньня, падчас візытаў у Кітай, Азію, Блізкі Ўсход не бывае. Там Лукашэнку камфортна, там свае. Таму туды часта і езьдзіць.

А вось з Эўропай неяк не атрымліваецца. Там чужыя. Што б ні абмяркоўвалі, усё роўна, нават па змаўчаньні, Лукашэнка натыкаецца на праблему дэмакратыі. Бо існуе каштоўнасная прорва. Нібы жывая ілюстрацыя да тэорыі Самуэла Гантынгтана пра канфлікт цывілізацый.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG