Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяткаваньне 7 лістапада ў Беларусі — гэта прадукт «на экспарт у Расею», — Трусаў


Бюст Леніна ў Глыбокім

Госьць «Інтэрвію тыдня» — гісторык, палітык Алег Трусаў. Ён адказвае, навошта беларуская ўлада сьвяткуе 7 лістапада, тлумачыць, што засталося ў сёньняшняй Беларусі ад СССР, і заяўляе, што ніколі беларусы так добра не жылі за апошнія 200 гадоў, як пры сёньняшняй уладзе.

Гэта як бы шчыгрынавая скура СССР — унутры пад скурай усё даўно не савецкае, але зьнешне яно блішчыць.

— У Беларусі, фактычна адзінай краіне на постсавецкай прасторы, адзначаюць 7 лістапада ў якасьці дзяржаўнага сьвята. Навошта цяперашняй беларускай ідэалёгіі гэтае «сьвята»?

— Каб паказаць, што яны самыя лепшыя на ўсёй постсавецкай прасторы, што менавіта яны і ёсьць пераемнікі СССР.

— Нядаўна Лукашэнка заявіў, што трэба надаць «новы сэнс» сьвяткаваньню гэтага дня. Які «новы сэнс» можна надаць гэтай даце?

— Гэты дзень вельмі асаблівы для ўсяго сьвету. Самі бальшавікі 10 гадоў называлі яго пераваротам, толькі потым Сталін прыдумаў, што гэта рэвалюцыя. Цяпер беларускім прапагандыстам трэба паказаць, што мы ня здраднікі, не пабеглі ствараць алігархаў, мы за народ. Яшчэ сто гадоў будзем абяцаць зямлю сялянам, а фабрыкі рабочым.

— Але ў сёньняшняй Беларусі, нягледзячы на стэрэатыпы, савецкага вельмі мала. Няма ані савецкай улады, ані савецкай эканомікі, ані зямлі ў сялянаў, фабрык у рабочых. Што засталося савецкага, што вымушае падкрэсьліваць неабходнасьць гэтага сьвята?

— Застаўся каркас савецкай адміністрацыйна-намэнклятурнай сыстэмы. На сёньня апарат і сыстэма кіраваньня стопрацэнтна савецкія. Ёсьць пяцігодкі, пляны, «народныя сходы». Гэта такая як бы шчыгрынавая скура СССР — унутры пад скурай усё даўно не савецкае, але зьнешне яно блішчыць.

Алег Трусаў
Алег Трусаў

Таму ўлада і захоўвае гэтае сьвята — маўляў, мы ня здрадзілі, не перайшлі на алігархічны капіталізм. Дарэчы, што сапраўды засталося ў Беларусі — гэта адносная сацыяльная роўнасьць. На постсавецкай прасторы мы самыя роўныя, мяжа паміж багатымі і беднымі ў Беларусі адна з самых нізкіх. Гэта тое, чым яшчэ можа спэкуляваць нашая ўлада. Нібыта ёсьць нейкія гарантыі, быццам бы бясплатная адукацыя, мэдыцына, шмацьцё савецкай сацыяльнай дзяржавы, якое дажывае апошнія дні.

Ніколі беларусы так добра не жылі за апошнія 200 гадоў, як пры сёньняшняй уладзе

— Хіба людзі не заўважаюць таго парадоксу, што ўлада, якая галоўнай сваёй мэтай паставіла не дапусьціць перамен, гарантаваць стабільнасьць і парадак, — адзначае дзень рэвалюцыі?

— Беларусы людзі практычныя — таму і выжываюць пры ўсіх рэжымах. Ніколі беларусы так добра не жылі за апошнія 200 гадоў, як пры сёньняшняй уладзе. Яны бачаць, што ў параўнаньні з СССР цяпер лепш — але яшчэ захоўваюцца некаторыя, савецкія на іхнюю думку, каштоўныя моманты, такія як бясплатная мэдыцына, адукацыя.

— Ну, а тое, што ў многіх 7 лістапада асацыюецца менавіта з самымі чорнымі старонкамі савецкай гісторыі — рэпрэсіі, калектывізацыя, голад? Ці ўлада лічыць, што такіх людзей няшмат?

— Яны маюць рацыю — такіх людзей у Беларусі працэнтаў 5–7, ня больш. Асноўная маса людзей нават хваляць Савецкі Саюз, маюць масу мітаў, забываюць пра нэгатыў, памятаюць нейкія станоўчыя дробязі. Пра рэпрэсіі, можа, добра ведаюць 5–7 працэнтаў. Улада ведае гэта і спрыяе таму, каб гэтае кола тых, хто нічога ня ведае, заставалася стабільным.

— Тым ня менш улада апошнія гады робіць нейкія крокі, якія называюць «мяккай беларусізацыяй», яна відавочна заклапочаная праблемай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Аднак застаюцца 7 лістапада, 23 лютага — сьвяты, якія ня маюць ніякага дачыненьня да беларускай гісторыі?

— Гэта прадукт на экспарт у Расею. Калі сустракаюцца Лукашэнка і Пуцін, то Пуцін кажа: «Я пераемнік СССР». А Лукашэнка адказвае: «Які ты пераемнік, у нас 7 лістапада адзначаецца, а ня ў вас». Гэта козыр для гульні з Расеяй — маўляў, «мы, у адрозьненьне ад вас, ня маем такой розьніцы паміж беднымі і багатымі. У нас няма беларусаў, якія „Чэлсі“ купілі».

Гэта ўсё ідзе на экспарт у адну краіну, у Расею.

Гэта ўсё козыры ў змаганьні з усходнім ідэалягічным прэсам, з «русским миром»

— А чаму гэта можа падабацца Расеі, якая ў сябе даўно адмяніла 7 лістапада?

— Якраз Расеі гэта не падабаецца, але яна вымушаная маўчаць, бо гэта ёй дакор. «Вы кепскія, а мы лепшыя, дайце нам крэдыт за гэта». То бок наша ўлада выступае як маральны аўтарытэт постсавецкай прасторы. У нас нават камсамол сьвяткавалі лепей і больш, чым у Расеі. Дарэчы, Пуцін не выступаў нідзе з нагоды 100 гадоў камсамолу, а Беларусь усёй краінай сьвяткавала. Яшчэ заявілі, што і беларускі камсамол будуць сьвяткаваць.

То бок гэта ўсё ідзе як козыры ў змаганьні з усходнім ідэалягічным прэсам, з «русским миром». А ім цяжкавата. Як яны могуць крытыкаваць Беларусь за тое, што тут 7 лістапада сьвяткуюць? Нават тролі расейскія тут маўчаць.

Шэсьце і мітынг КПРФ, Масква, 7 лістапада 2017 году
Шэсьце і мітынг КПРФ, Масква, 7 лістапада 2017 году

Гэта такая складаная ідэалягічная канцэпцыя, дзякуючы якой гэтая ўлада стабільная ўжо 25 гадоў. Будучыя сацыёлягі будуць падручнікі пісаць, як невялікай краіне ўдавалася прайсьці паміж Сцылай і Харыбдай.

— Як вы кажаце, гэта сьвята выключна на экспарт. Але што гэта за ўлада, якая робіць усё «на экспарт» і ня дбае пра ўласную беларускую ідэнтычнасьць, якая ніяк ня можа быць прывязаная да 7 лістапада? Як раней казаў Лукашэнка, «Ленін і Сталін — бацькі беларускага народу». Але для беларусаў з моцнай нацыянальнай ідэнтычнасьцю гэта гучыць проста ганебна.

— Так, але пакуль такіх людзей істотная меншасьць, гэтая ўлада будзе трымацца. Большасьць так ня думае, як мы з вамі. І ўсё гэта кансэрвуецца дзякуючы такім сьвятам. То бок сыстэма як у балоце — не высоўвайся.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG