Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі завод тры месяцы не плаціў заробкаў. Пасьля палова работнікаў атрымала па 355 рублёў за месяц


Менскі завод аўтаматычных лініяў імя Машэрава, ілюстрацыйнае фота
Менскі завод аўтаматычных лініяў імя Машэрава, ілюстрацыйнае фота

Работнікі Менскага заводу аўтаматычных лініяў імя Машэрава зь ліпеня па кастрычнік не атрымлівалі заробкаў, апошні раз атрымалі па 300 рублёў, расказвае Tut.by.

26 кастрычніка каля 40% работнікаў заводу атрымалі свае заробкі цалкам, сьцьвярджае кіраўніцтва заводу, але астатнім 60% выплацілі па паўтара бюджэта пражытковага мінімуму за месяц — па 355 рублёў за кожны, усяго 1065 рублёў. Рэшту абяцаюць даплаціць да 20 лістапада.

Супрацаўнік заводу расказаў, што дырэктар «пэрыядычна зьбірае ўсіх, просіць пачакаць» і не звальняцца з працы. Некаторыя паслухаліся, некаторыя звольніліся. Тыя, хто ня мелі пэнсіяў, стыпэндыяў або падпрацовак, але вырашылі застацца на заводзе, бралі крэдыты на жыцьцё.

У цэхах, расказвалі работнікі, пэрыядычна адключаюць электрычнасьць, а рабочыя проста сядзяць і нічога ня робяць. Грошай на ацяпленьне і рамонт абсталяваньня няма, бо няма замоваў.

Цяпер, сьцьвярджае кіраўніцтва заводу, падпісаныя кантракты на пастаўкі прадукцыі на МТЗ на 42 млн эўра і 4,9 млн даляраў, вытворчасьць ужо працуе ў дзьве зьмены пяць дзён на тыдзень. Паводле намесьніка дырэктара, цяпер «няма падставаў меркаваць», што затрымкі заробкаў зноў будуць.

На беларускіх заводах пэрыядычна адбываецца «аптымізацыя» — звальненьне часткі работнікаў. Да 2016 году адкрыта публікавалася статыстыка колькасьці супрацоўнікаў прамысловых гігантаў, якая паказвала, што на той момант за 5 гадоў МАЗ страціў 40% работнікаў, МТЗ — 31%, «Белшына» — 20%, «Нафтан» — 23%, МАПІД — 38%, ММЗ — 33%, а Менскі падшыпнікавы завод — 60%.

Год таму статыстыка таксама паказвала, што за 5 гадоў абвалілася ўсё машынабудаваньне: мінус палова трактароў, мінус дзьве траціны самазвалаў, мінус тры чвэрці грузавікоў… Часам у беларускіх замоўнікаў прадукцыі прамысловых гігантаў няма грошай, каб расплаціцца за ўжо купленую тэхніку: напрыклад, у чэрвені Аляксандар Лукашэнка загадаў даць прадпрыемствам крэдыты на тэхніку МАЗ і МТЗ, набытую тры гады таму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG