Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіі, паліва, іспыты для кіроўцаў. Чаго чакаць у лістападзе


Ілюстрацыйнае фота

Павялічылі пэнсіі, перайшлі на зімовае паліва, увялі новы экзамэн для кіроўцаў. Свабода сабрала зьмены, якія адбудуцца ў лістападзе.

Павялічылі пэнсіі

У Беларусі ад 1 лістапада пэнсіі павялічылі ў сярэднім на 5,3%.

Колькі атрымаюць?

  • Сярэдняя працоўная пэнсія складзе — 388,1 рубля;
  • Пэнсія па ўзросьце — 393,96 рубля;
  • Сацыяльныя пэнсіі — 235,63 рубля.

Ад пачатку году пэнсіі ў Беларусі павялічацца на 22%. Апошні раз пэнсіі павялічвалі ў жніўні — на 10%.

Пражытковы мінімум павялічылі на 54 капейкі

Ад 1 лістапада бюджэт пражытковага мінімума ў сярэднім на душу насельніцтва павялічылі з 213,67 да 214,21 рубля. На II квартал 2018 году 5,7% беларусаў мелі менш за пражытковы мінімум.

Павялічылі дапамогу за нараджэньне дзіцяці

Адзінаразовую дапамогу за нараджэньне дзіцяці ад 1 лістапада павялічылі на 5-7 рублёў:

  • за нараджэньне першага дзіцяці будуць даваць 2142,1 рубля;
  • другога і наступнага — 2998,94 рубля.

Адзінаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасьці складзе 214,21 рубля. Таксама павялічыліся:

  • дапамога на дзяцей з 3 да 18 гадоў на час выхаваньня дзіця ва ўзросьце ад 3 гадоў;
  • дапамога на дзяцей інвалідаў;
  • іншыя сацыяльныя выплаты.

Паліць стане даражэй

Цэны на асобныя віды цыгарэт з 1 лістапада падняліся ад 2 да 10 капеек. Беларускія вытворцы і імпартэры цыгарэт могуць штомесяц дакляраваць максымальныя розьнічныя цэны на тытунёвыя вырабы.

Пачнецца рэпэтыцыйнае тэставаньне

Першы этап рэпэтыцыйнага тэставаньня пачнецца 11 лістапада. Такім чынам абітурыенты Беларусі рыхуюцца да здачы цэнтралізаванага тэставаньня, неабходных для паступленьня ў ВНУ. Сёлета здаць РТ па аднаму прадмету каштуе 7 рублёў.

Абітурыенты 2019 году будуць здаваць ЦТ па новых правілах. Чыноўнікі Міністэрства адукацыі абяцаюць зрабіць шкалу тэставых балаў лінейнай, каб яна лёгка суадносілася з школьнай дзесяцібальнай сыстэмай. Сыстэму ранжыраваньня абяцаюць захаваць, але ўдасканаліць. Настаўнікі, рэпэтытары скрытыкавалі гэтыя зьмены.

Пачалі прадаваць зімовае паліва

Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы перайшлі на выпускі зімовага дызэльнага паліва 15 кастрычніка. Да 1 лістапада на зімовае паліва мусяць перайсьці ўсе АЗС краіны. Дзяржстандарт раіць выкарыстоўваць зімовае паліва да 1 красавіка.

Іспыт для кіроўцаў

Ад 1 лістапада пачала дзейнічаць пастанова Савету міністраў, якая вызначае парадак пацьверджаньня кампэтэнтнасьці кіроўцаў-міжнароднікаў. Кіроўцам, якія выконваюць міжнародныя грузаперавозкі, трэба будзе праходзіць навучальныя курсы паводле праграмы Міністэрства транспарту. Пасьля навучаньня ім трэба будзе здаць экзамэн і атрымаць кваліфікацыйную картку. Праходзіць навучаньня і здаваць іспыт трэба будзе не радзей за 5 гадоў.

Пасьведчаньні кіроўца-міжнароднікаў выдадзеныя да 1 лістапада 2018 году дзейнічаюць да сканчэньня іх тэрміну, але не пазьней за 31 сьнежня 2019 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG