Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦТ зноў рэфармуюць. Чаму гэта не падабаецца настаўнікам


Ілюстрацыйнае фота. Сваякі і блізкія ў чаканьні студэнтаў, якія праходзяць ЦТ, 2010 год
Ілюстрацыйнае фота. Сваякі і блізкія ў чаканьні студэнтаў, якія праходзяць ЦТ, 2010 год

У 2019 годзе ўнясуць чарговыя зьмены ў цэнтралізаванае тэставаньне па выніках навучаньня ў сярэдніх школах, патрэбнае для паступленьня ў ВНУ. Міністэрства адукацыі рыхтуе зьмены. І гэта далёка ня першая рэформа ЦТ.

Ацэньваць вынікі тэстаў будуць па-новаму. Чыноўнікі Міністэрства адукацыі абяцаюць зрабіць шкалу тэставых балаў лінейнай, каб яна лёгка суадносілася з школьнай дзесяцібальнай сыстэмай. Сыстэму ранжыраваньня абяцаюць захаваць, але ўдасканаліць. Аднак настаўнікі, рэпэтытары ўжо рэзка скрытыкавалі гэтыя зьмены.

З гісторыі ЦТ

Цэнтралізаванае тэставаньне ўвялі ў Беларусі ў 2004 годзе. Іспыт па кожным прадмеце праводзіцца ў адзін дзень і ў адзін і той жа час па ўсёй Беларусі. Абітурыенты абіралі 3 профільныя прадметы і з вынікамі ЦТ ішлі паступаць у ВНУ. Усе працы правяраў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. Праз 10 дзён пасьля ЦТ абітурыент атрымліваў сэртыфікат з колькасьцю балаў — ад 1 да 100.

Студэнты ідуць здаваць ЦТ, 2008 год (ілюстрацыйнае фота)
Студэнты ідуць здаваць ЦТ, 2008 год (ілюстрацыйнае фота)

Адзін абавязковы прадмет для ўсіх абітурыентаў — мова (на выбар: беларуская ці расейская), два іспыты можна было выбіраць. Калі абітурыент ідзе на тэхнічную спэцыяльнасьць, зьвязаную з дакладнымі навукамі, ІТ — звычайна гэта матэматыка і фізыка. На прыродазнаўчыя спэцыяльнасьці — хімія, біялёгія, геаграфія. Што да гуманітарных спэцыяльнасьцяў — замежныя мовы (адна зь пяці на выбар: ангельская, нямецкая, гішпанская, француская, кітайская), гісторыя Беларусі, усясьветная гісторыя, грамадазнаўства. Аднак і выпускнікі, і іхнія бацькі шмат наракалі на абмежаваную колькасьць прадметаў, бо трэба было загадзя дакладна вызначыцца з выбарам. І нават на блізкія спэцыяльнасьці прадметы маглі розьніцца: на адны, да прыкладу, патрэбны быў вынік ЦТ па ўсясьветнай гісторыі, на другія — гісторыі Беларусі, на трэція — па грамадазнаўстве.

У 2017 годзе дазволілі здаваць тэсты па чатырох прадметах.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Да 2012 году сэртыфікаты выдаваліся ўсім, хто набраў на ЦТ хаця б 1 бал. У 2012 годзе парадак зьмянілі: каб паступаць у ВНУ, па кожным прадмеце трэба было набраць ня менш за 7 балаў са 100, калі менш — абітурыент ня мог паступаць.

У 2013 годзе ніжняя плянка ўзьнялася яшчэ вышэй. Па мовах — да 10. Для матэматыкі, фізыкі, хіміі, біялёгіі парогам стала 15 балаў. 20 балаў — па ўсіх астатніх прадметах.

У 2015 годзе адбыўся падзел на першыя і другія прадметы профільнага іспыту, і ніжнія парогі зноў зьмяніліся.

У 2016 годзе для тых, хто хоча паступаць у ВНУ Мінабароны, МУС, МНС на спэцыяльнасьці, па якіх недабор на бюджэтныя месцы, а таксама на некаторыя сельскагаспадарчыя спэцыяльнасьці (жывёлагадоўля, расьлінаводзтва, мэліярацыя і іншыя), абітурыенту на ЦТ трэба было набраць ня менш за 5 балаў.

У 2019 годзе ЦТ будзе па-новаму

Сёлета быў прызначаны новы дырэктар Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў — Юры Міксюк. Ён абяцае прывесьці тэсты ў адпаведнасьць са школьнымі праграмамі і падручнікамі.

У 2019 годзе вынікі ЦТ будуць ацэньваць на новай сыстэме. Шкала тэставых балаў стане лінейнай, і, як сьцьвярджаюць чыноўнікі Міністэрства адукацыі, яе лёгка будзе перавесьці ў знаёмую школьную дзесяцібальную сыстэму. Будуць уведзеныя павышальныя каэфіцыенты, будзе новы падлік балаў. Што гэта такое, як гэта будзе, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў абяцаюць расказаць на прэсавай канфэрэнцыі 31 кастрычніка.

Аднак адмыслоўцы, экспэрты, пэдагогі ўжо скрытыкавалі зьмены ў сыстэму ЦТ.

ТБШ: «Хацелі як лепш, атрымаецца як заўсёды»

Намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч лічыць, што сыстэма ацэнкі ведаў праз ЦТ і раней была недасканалая. Бо былі толькі два ўзроўні заданьняў — «а» і «б», не было трэцяга ўзроўню — «в», дзе правяраюцца ня толькі веды і элемэнтарныя навыкі.

Тамара Мацкевіч
Тамара Мацкевіч

«Неабходныя заданьні, дзе правяраюцца кампэтэнцыі: кемлівасьць, аналітычныя здольнасьці, уменьне выстраіць лягічны ланцужок. То бок заданьні на ўменьне выкарыстаць свае веды ў жыцьцёвай сытуацыі і так званыя „soft skills“: крэатыўнасьць, крытычнае мысленне, здольнасьці да камунікацыі і супрацы. У нас да гэтага не даходзіла, правяраліся чыста зазубраныя веды. Таму ЦТ неабходна было ўдасканаліць.

Але замест таго каб удасканаліць, хочуць зрабіць, каб гэтая сыстэма адпавядала ацэнкам, якія дзеці атрымліваюць у школе. І цяпер хочуць зрабіць такую сыстэму, якая проста аўтаматычна падвысіць балы. І кожнай задачы прысвояць нейкую колькасьць балаў. Але, як кажуць, хацелі як лепш, а атрымалася як заўсёды. Сыстэма аказалася несправядлівай, хібнай — гэта вам лепш рэпэтытары скажуць», — кажа намесьніца старшыні ТБШ Тамара Мацкевіч.

Рэпэтытар па фізыцы: «Чаму, калі вучань рашае больш задач, ён атрымлівае менш балаў?»

Аляксей Васілеўскі, рэпэтытар па фізыцы, кажа, што ў школе дзяцей прывучаюць да справядлівасьці, усё павінна быць сумленна, па-чэснаму. Працуеш добра — атрымаў добрую адзнаку, лянуесься, дрэнна працуеш — дрэнную адзнаку. А цяпер ламаюць сыстэму каштоўнасьцяў, цалкам перакрэсьліваюць пачуцьцё справядлівасьці, перакананы Аляксей Васілеўскі.

«Дзіця рашае менш за траціну заданьняў — і атрымлівае за гэта больш за палову балаў. Гэта нонсэнс. Самае вялікае пытаньне — чаму каэфіцыент мяняецца ў залежнасьці ад набранага першаснага бала? У кожнай частцы заданьне каштуе пэўную колькасьць балаў. Калі дзіця набрала мала першасных балаў, павышальны каэфіцыент у яго ў раёне 6, а калі вучань набірае значна больш балаў, у яго рэзка паніжаецца гэты павышальны каэфіцыент. То бок за тыя ж задачы ён атрымлівае значна менш балаў.

Калі дзіця рашае больш задачаў, яно атрымлівае менш балаў! Няма справядлівасьці. Дзеці разумеюць, што гэта несумленна. Розьніца паміж моцнымі і слабымі вучнямі будзе мінімальная».

На думку Аляксея Васілеўскага, можна было б зрабіць заданьні, якія каштуюць 1 бал, дадаць складаныя заданьні, якія будуць каштаваць, да прыкладу, 7 балаў, а ў суме ўсе заданьні павінны быць 100 балаў. Тады будзе ўсё празрыста.

«У мяне адно пытаньне да чыноўнікаў ад Мінадукацыі: «Чаму адны і тыя ж заданьні ў залежнасьці ад набранага першаснага бала памнажаюцца на розны каэфіцыент? То бок чаму, калі вучань рашае больш задач, ён атрымлівае менш балаў? Выходзіць, што ў нас перадавікоў ня любяць. Зьнізу ўсё вельмі моцна завышаецца, а зьверху, пры набліжэньні да 90 балаў, балы вельмі моцна заніжаюцца», — кажа Аляксей Васілеўскі.

***

У 2018 годзе рэзка павысіліся прахадныя балы ў ВНУ, асабліва на модныя, прэстыжныя спэцыяльнасьці.

На спэцыяльнасьці ў БДУ — лінгвакраіназнаўства, міжнародныя адносіны, псыхалёгія, сацыяльныя навукі, мытная справа, мэнэджмэнт, прыкладная інфарматыка — прахадныя балы сёлета былі больш за 370.

«Зашкальвалі» прахадныя балы і ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі: каб трапіць на бюджэт на спэцыяльнасьць «Эканоміка электроннага бізнэсу», неабходна было набраць 384 балы з 400, «Электронны маркетынг» — 377, «Інфарматыка і тэхналёгіі праграмаваньня» — 371 бал.

А вось прахадны бал у Беларускім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце на спэцыяльнасьць «матэматыка» сёлета —133 балы, фізыка —146. Праз чатыры гады гэтыя настаўнікі прыйдуць у школу вучыць дзяцей.

Каб паступіць на аўтатрактарны, вайскова-тэхнічны факультэты БНТУ, дастаткова было набраць усяго толькі 110 балаў з 400 магчымых.

Сярэдні прахадны бал у Беларускім дзяржаўным аграрным унівэрсытэце ў 2018 годзе склаў 120–130.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG