Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гатовы змагацца за свой край», — экс-дырэктар аршанскіх заводаў напісаў Лукашэнку з калёніі


Аляксандар Лукашэнка ў час наведваньня Аршанскага інструмэнтальнага заводу, 13 жніўня 2018 году
Аляксандар Лукашэнка ў час наведваньня Аршанскага інструмэнтальнага заводу, 13 жніўня 2018 году

Былы дырэктар Аршанскага авіярамонтнага і Аршанскага інструмэнтальнага заводаў Уладзімер Троіцкі напісаў адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім заявіў, што яго зрабілі «стрэлачнікам», піша Tut.by.

У лютым 2018 году суд Талачынскага раёну прысудзіў Уладзімеру Троіцкаму 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці за «злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі». Паводле суду, Троіцкі ў 2011–2013 гадах учыніў шкоду на больш як 25 тысяч рублёў авіярамонтнаму заводу, які ўзначальваў з 2002-га, завысіўшы на гэтую суму кошт будаўніцтва ахоўнага пэрымэтру аэрадрому.

Ягоныя абаронцы тады настойвалі, што ў працэсе не было доказаў атрыманьня выгады Троіцкім, а акт здачы-прыёму работ падпісаў ня ён, а ягоны намесьнік, на паказаньнях якога грунтавалася абвінавачваньне супраць Троіцкага.

Троіцкі ў адкрытым лісьце да Аляксандра Лукашэнкі сьцьвярджае, што:

  • У 2014 годзе неаднаразова агучваў акцыянэрам авіярамонтнага заводу думкі аб тым, што прадпрыемства на мяжы банкруцтва і што патрэбна больш жорсткая эканамічная палітыка.
  • Акцыянэры вырашылі яго звольніць. Ліст у яго абарону падпісалі 400 работнікаў заводу. Гэты ліст на агульным сходзе зьнішчылі, прыгразіўшы падпісантам пазбаўленьнем працы.
  • Цягам трох гадоў акцыянэры чынілі на яго ганеньні, «хацелі пасадзіць любым спосабам», было 16 заяваў на завядзеньне крымінальных справаў.
  • З 2015-га па 2018 год, пасьля ягонага звальненьня, на заводзе зьмяніліся 6 дырэктараў, а колькасьць работнікаў зьменшылася ў разы.
  • Калі Троіцкі у 2016 годзе ўзначаліў Аршанскі інструмэнтальны завод, гісторыя паўтарылася: ён склаў бізнэс-плян мадэрнізацыі састарэлай вытворчасьці, а кіраўніцтва паспрабавала абвінаваціць яго ў праблемах прадпрыемства «за сьмелыя выказваньні і рашучыя дзеяньні».

«У час вашага наведваньня аршанскіх заводаў усе факты выкрыліся», — піша Лукашэнку Троіцкі.

Ён дадае, што «гатовы даказаць, што прынясе больш карысьці свайму народу па-за межамі калючага дроту» і «гатовы змагацца за свой край», а таксама адзначае, што «яшчэ ў пашпарце савецкага ўзору, калі была свабода выбару нацыянальнасьці, з гонарам пісаў „беларус“».

Менавіта ў час візыту на аршанскія заводы Лукашэнка раскрытыкаваў працу органаў улады, пагражаў міністру прамысловасьці (ужо былому) пераводам на працу на завод, на наступны дзень накрычаў на ўрад, абвінаваціўшы яго ў «пафігічным стаўленьні да даручэньняў прэзыдэнта», на наступным пасьля таго тыдні зьмяніў вярхі ўраду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG