Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАН Беларусі паставіла задачу вылучаць беларускіх навукоўцаў на Нобэля


Акадэмія навук, фота ©Shutterstock
Акадэмія навук, фота ©Shutterstock

Кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі патлумачыў, чаму сярод беларускіх вучоных няма нобэлеўскіх ляўрэатаў.

Старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ўладзімер Гусакоў адказаў на пытаньне Свабоды пра пэрспэктывы Нобэлеўскай прэміі для беларускіх навукоўцаў.

Гусакоў прызнаў, што, паводле ягоных падлікаў, каля трох дзясяткаў навукоўцаў зь беларускімі каранямі зьяўляюцца ляўрэатамі Нобэля, у прыватнасьці Жарэс Алфёраў — расейскі навуковец родам зь Менску.

«Я думаю, што беларуская навука занадта сьціплая, — сказаў Гусакоў. — Талерантнасьць, якая характарызуе беларусаў, адбіваецца і на гэтай сытуацыі. Гістарычна склалася так, што мы чамусьці праяўляем боязь, нерашучасьць. Ад гэтага трэба адыходзіць. І цяпер мы ставім задачу вылучаць беларускіх навукоўцаў на прэмію Нобэля, бо па сваіх адкрыцьцях мы не саступаем амэрыканскім, японскім і эўрапейскім навукоўцам».

Уладзімер Гусакоў
Уладзімер Гусакоў

Гусакоў падкрэсьліў, што цяпер атрымаць прэмію Нобэля складаней, чым 20 ці 10 гадоў таму.

Акадэмік Гусакоў назваў самыя пэрспэктыўныя тэмы, якія распрацоўваюцца беларускімі навукоўцамі і маглі б прэтэндаваць на міжнароднае прызнаньне:

  • стварэньне новага (другога) беларускага спадарожніка,
  • стварэньне беларускай антарктычнай станцыі, што па складанасьці не саступае стварэньню касьмічных апаратаў,
  • стварэньне бесьпілётнага БелАЗа грузападымальнасьцю 180 тон,
  • стварэньне самага сучаснага кампутара,
  • стварэньне электракандэнсатара на прынцыпова новай аснове для зараджаньня электрамабіляў.

Паводле дырэктара Інстытуту фізыкі НАН Мікалая Казака, беларускія навукоўцы цяпер працуюць над дзьвюма цікавымі рэчамі — па-першае, над прыладамі, якія змогуць працаваць пры тэмпэратуры 800–1000 градусаў Цэльсія (цяпер максымальная мяжа — 600 градусаў), па-другое — над прыборам, які дазволіць хутка вызначыць тып вірусу. Цяпер на гэта траціцца ад 10 да 20 дзён.

«Мы хочам, каб наш прыбор упраўляўся з гэтай задачай цягам 10–20 хвілін», — падкрэсьліў Мікалай Казак.

Паводле кіраўніка НАН, навуковыя кадры беларускай акадэміі апошнім часам амаладзіліся. Цяпер сярэдні ўзрост навукоўцаў — 46,3 года, яшчэ нядаўна ён быў каля 60 гадоў.

Кіраўнік нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі казаў пра сваіх калегаў-навукоўцаў. Вядома, што Нобэля ў галіне літаратуры за 2015 год атрымала беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG