Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрыст пра прапанову забараніць публічныя здымкі: «Гэта не зусім здаровая ініцыятыва»


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Канстытуцыйны суд Беларусі прапанаваў ураду распрацаваць законапраект, які прадугледжвае забарону на фота- і відэаздымку грамадзянаў бязь іх папярэдняга дазволу.

У рашэньні гаворыцца, што мэта законапраекту — забесьпячэньне канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, абароны грамадзянска-прававымі сродкамі ад незаконнага ўмяшаньня ў асабістае жыцьцё, ліквідацыя нявызначанасьці ў прававым рэгуляваньні выкарыстаньня і аховы выявы грамадзяніна.

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў, колішні судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў перакананы, што падобная ініцыятыва ня мае ніякіх аб’ектыўных падставаў для рэалізацыі.

Міхаіл Пастухоў
Міхаіл Пастухоў

«Гэта, мякка кажучы, не зусім здаровая ініцыятыва, хоць, канечне, можна колькі заўгодна прыкрывацца тым, што ўсё робіцца ў мэтах абароны асабістага жыцьця, — лічыць экспэрт. — Аднак у дадзеным выпадку трэба дакладна адрозьніваць: калі ідзе фатаграфаваньне ў мэтах ідэнтыфікацыі — гэта адно, калі гаворка пра людзей, якія выпадкова трапляюць у аб’ектыў ці сабраліся на акцыю, — зусім іншае. Нельга забараняць агулам, гэта ўжо поўная бязглузьдзіца. З такім ж посьпехам можна прыдумаць, што нельга фатаграфаваць прыроду ці гістарычныя помнікі».

Паводле суразмоўцы, паўстае лягічнае пытаньне: чаму можна адным, а нельга іншым? Гэта тычыцца перадусім пратэставых акцый, калі праваахоўнікі без усялякага дазволу фільмуюць удзельнікаў шэсьця ці мітынгу.

«Што тычыцца людзей пры выкананьні, дык яны ўжо даўно сталі штатнымі тэлеапэратарамі сілавых структураў, — кажа Міхаіл Пастухоў. — Фатаграфуюць з розных ракурсаў, не пытаючыся ніякіх дазволаў. Калі ж здымаюць журналісты ці актывісты, то ім, выходзіць, выстаўляюць прэтэнзіі: маўляў, ці спыталіся вы ў натоўпу згоды, каб фатаграфаваць? Наагул незразумела, чым выкліканы такі нарматыўны акт, ці ня спушчаны ён некім зьверху? Прынамсі, у экспэртаў ёсьць нагода разабрацца, наколькі ён адпавядае Канстытуцыі, замахваецца на правы і свабоды грамадзянаў».

Стала вядома, што ініцыятарам разгляду ў Канстытуцыйным судзе пытаньня аб забароне на публічныя здымкі выступіла Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў. На думку яе прадстаўнікоў, пры распаўсюдзе фота і відэа ў інтэрнэце нярэдка парушаюцца правы грамадзянаў. Юрысты лічаць, што выкарыстаньне выявы бяз згоды чалавека — гэта ўварваньне ў яго прыватнае жыцьцё і парушэньне права на асабістую таямніцу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG