Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі адказалі на скаргу журналісткі Шчыраковай у ААН


Журналістка Ларыса Шчыракова
Журналістка Ларыса Шчыракова

Беларускія ўлады адрэагавалі на скаргу гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай у Камітэт правоў чалавека ААН.

Шчыракова неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасьці за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» для тэлеканалу «Белсат», яе каралі за гэта буйнымі штрафамі.

На што скардзілася Шчыракова

Журналістка пісала ў Камітэт ААН, што кожны раз спрабавала абскардзіць судовыя рашэньні і вычарпала ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, уключна з Генэральнай пракуратурай. Яна зрабіла выснову, што незалежным журналістам у Беларусі ствараюцца штучныя перашкоды, каб зрабіць немагчымым выконваць прафэсійныя абавязкі.

«Вызначаны заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадак акрэдытацыі ў якасьці журналіста сродку масавай інфармацыі, накіраваны на стварэньне ўмоў для рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, ня можа разглядацца як абмежаваньне названага права п. 3 арт. 19 Пакту», — цытуе дакумэнт ураду Беларусі, накіраваны ў ААН, сайт Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Камітэт ААН нагадаў, што менавіта дзяржава павінна даваць прававое абгрунтаваньне любога абмежаваньня права свабоднага выказваньня думак. Аднак у беларускіх уладаў наконт гэтага свае аргумэнты.

Што адказаў урад Беларусі

«Журналістцы Шчыраковай у поўнай меры забясьпечана права на публічны і справядлівы разбор справы кампэтэнтным, незалежным і бесстароньнім судом, створаным на падставе закону, а таксама на перагляд справы вышэйшай судовай інстанцыяй. Права Шчыраковай на свабоднае выказваньне думак у адпаведнасьці з артыкулам 19 Пакту парушана не было», — гаворыцца ў афіцыйным лісьце ўраду Беларусі ў ААН.

Далей аўтары ліста спасылаюцца на 2-ю частку 23-га артыкулу Канстытуцыі Беларусі аб тым, што ніхто ня можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону.

На якой падставе журналістам тэлеканалу «Белсат» ужо шмат гадоў адмаўляюць у магчымасьці акрэдытацыі, беларускі бок не тлумачыць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG