Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве аднаўляюць гістарычныя габрэйскія могілкі, якім пагражае татальная зачыстка


Пляцоўка, якую ўзяліся ўпарадкоўваць на габрэйскіх могілках

Гістарычную частку кладоў узяліся аднаўляць на прыватныя ахвяраваньні, якія зьбірае юдэйская рэлігійная грамада «Хабат». Работы пачаліся, каб уратаваць старыя надмагільлі ад зьнішчэньня і дамагчыся для могілак статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

«Парадкуем могілкі і дамагаемся для іх ахоўнага статусу»

Суму сабраных сродкаў кіраўніцтва суполкі не агучвае.

«Наша задача — адрэстаўраваць надмагільныя збудаваньні і атрымаць для могілак статус гісторыка-мэмарыяльнай каштоўнасьці. Ён будзе гарантаваць іх недатыкальнасьць», — кажа старшыня юдэйскай рэлігійнай грамады «Хабат» Алег Каган.

«На могілках, — дадае ён, — пахавана нямала вядомых асобаў апошніх двухсот гадоў. Многія зь іх укладалі пры жыцьці няма высілкаў і сродкаў у разьвіцьцё гораду. Плён гэтага мы можам пабачыць, прыкладам, у помніках архітэктуры. Наш клопат, каб іхныя магілы таксама ацалелі і сталі часткай беларускай гісторыі».

Камлі, урослыя ў агароджу пахаваньняў за час занядбаньня могілак
Камлі, урослыя ў агароджу пахаваньняў за час занядбаньня могілак

Для атрыманьня ахоўнага статусу, запэўніваюць у габрэйскай грамадзе, пакет дакумэнтаў сабраны. Пытаньне разглядае Магілёўскі гарвыканкам.

Пад пагрозай зьнішчэньня старыя надмагільлі апынуліся пасьля ўступленьня ў сілу новай рэдакцыі закону «Аб пахаваньні і пахавальнай справе», прынятай у 2015 годзе. Цяперашнія нормы даюць мясцоваму дзяржаўнаму спэцыялізаванаму прадпрыемству права ўтылізаваць надмагільлі, «калі ступень разбурэньня выключае рамонт і аднаўленьне». Такіх на магілках больш за сто.

З гісторыі габрэйскіх могілак

  • Афіцыйна могілкі існуюць з 1809 году. Пляцоўку пад іх тагачасная габрэйская грамада выкупіла ў гораду.
  • З другой паловы 1970-х могілкі пачалі занепадаць. У той час значна скарацілася габрэйская грамада, якая прыглядала ня толькі за магіламі сваіх родзічаў, але і за пахаваньнямі сваякоў тых, што загінулі ў Галакосьце. — Фармальна могілкі лічацца закрытымі. Хаваць дазваляецца толькі пры наяўнасьці месца на агароджаных пляцоўках. Ад 1970-х гадоў на іх хаваюць асобаў розных веравызнаньняў.
  • У 2014 годзе актывісты габрэйскай грамады апісалі больш за 600 тутэйшых старых магіл. Кожнай шостай пагражае зьнішчэньне адпаведна новай рэдакцыі закону «Аб пахаваньні і пахавальнай справе».
  • У 2018 годзе сытуацыяй на могілках зацікавілася амбасада Ізраілю. Прадстаўнікі гарвыканкаму паабяцалі хадайнічаць перад Міністэрствам культуры, каб могілкам надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Чыноўнікі, аднак, паставілі ўмову: на працягу двух гадоў на кладах мае быць наведзены парадак.
Паваленаму надмагільлю пагражае дэмантаж, калі яго не адрэстаўруюць
Паваленаму надмагільлю пагражае дэмантаж, калі яго не адрэстаўруюць

Рабочы: «Занядбаных могілак ня мусіць быць — гэта наша гісторыя»

Габрэйскія могілкі займаюць 6,6 гектара. Гістарычная частка ахоплівае траціну гэтай плошчы. Пакуль працай ахоплена невялікая пляцоўка 15×15 мэтраў. На ёй апрабоўваюцца захады для далейшай рэстаўрацыі ўсіх тутэйшых надмагільляў. Па ёй будзе вызначаны і аб’ём неабходнага фінансаваньня.

Для ходнікаў з пліткі падрыхтавалі траншэі
Для ходнікаў з пліткі падрыхтавалі траншэі

На гэтай пляцоўцы прыбранае сьмецьце, высечанае кустоўе. Ад урослых камлёў вызваляюцца агароджы. Пні вялікіх дрэваў апрацаваныя адмысловым рэчывам, каб за зіму яны спарахнелі. Падрыхтаваныя траншэі для ходнікаў з пліткі. Як запэўніваюць рабочыя, да зімы іх пракладуць.

«Працы тут шмат, — кажа рабочы Сяргей. — І ня дзіва, бо столькі гадоў могілкі былі без прыгляду. Месцамі ад надмагільляў застаўся толькі падмурак, а помнік зьнік».

На пляцоўцы нямала паваленых мармуровых помнікаў. Па словах Сяргея, гэта наступствы разрастаньня каранёў.

Ратаваць могілкі даводзіцца сякерай, бо ў дрэвы ўрасьлі фрагмэнты агароджаў і надмагільляў
Ратаваць могілкі даводзіцца сякерай, бо ў дрэвы ўрасьлі фрагмэнты агароджаў і надмагільляў

Рабочы кажа: упарадкаваная пляцоўка пакажа наведнікам, як будуць выглядаць адноўленыя могілкі.

Габрэйскія надмагільлі — помнікі гісторыі і культуры

Лідэр грамадзкай габрэйскай грамады гораду Аляксей Каплан адзначае: габрэйскія могілкі разбураюцца ва ўсёй Усходняй Эўропе. Нашчадкі пахаваных альбо загінулі ў Галакосьце, альбо зьехалі, і клады засталіся безгаспадарнымі.

Паводле яго, у Нямеччыне і часткова ў Польшчы адказнасьць за іх захаваньне бярэ дзяржава. Ва Ўкраіне гэтым займаюцца валянтэры, якіх падтрымліваюць мясцовыя спонсары ды фонды. Могілкі ў Магілёве, кажа ён, могуць стаць першымі ў Беларусі, якім надалі ахоўны статус і якія адноўленыя на прыватныя ахвяраваньні. Перашкод у гэтых пытаньнях з боку ўлады няма.

Помнікі даўніны на могілках. Ратаваць давядзецца дзясяткі
Помнікі даўніны на могілках. Ратаваць давядзецца дзясяткі

Суразмоўца зьвяртае ўвагу, што на габрэйскіх могілках шмат помнікаў, зробленых прафэсійнымі рэзчыкамі з дарагога каменю ды аздобленых індывідуальнымі эпітафіямі і выявамі, характэрнымі для ХІХ стагодзьдзя. Выраблялі іх у Варшаве, Вільні, Санкт-Пецярбургу.

«Асаблівасьць габрэйскіх могілак у Магілёве ў тым, — даводзіць Аляксей, — што такія надмагільлі захаваліся толькі тут, бо старыя клады ў Менску, Гомлі, Горадні, Віцебску разбураныя. Магілёўскімі могілкамі цікавяцца звычайныя людзі і адмыслоўцы. Некаторыя зь іх ахвяруюць грошы і вераць у тое, што іхныя сродкі выратуюць могілкі».

Паводле Аляксея, тыя з іншаземцаў, якія ўбачылі на ўласныя вочы стан пахаваньняў, ня могуць застацца абыякавымі.

Адновяць і помнікі на магілах сваякоў прэзыдэнта Ізраілю

На пляцоўцы, якую ўзяліся аднаўляць, магілы сваякоў цяперашняга прэзыдэнта Ізраілю Рэўвэна Рыўліна.

Адзін з помнікаў на магіле родзіча прэзыдэнта Ізраілю Рэўвэна Рыўліна
Адзін з помнікаў на магіле родзіча прэзыдэнта Ізраілю Рэўвэна Рыўліна

Мясцовыя дасьледнікі габрэйскай мінуўшчыны, абапіраючыся на кнігу «Генэалёгія сям’і Рыўліных», а таксама энцыкляпэдычныя зьвесткі, сьцьвярджаюць: пахаваныя на кладах купцы Арон-Эліэзэр і Хаім Сімховічы — родзічы кіраўніка ізраільскай дзяржавы. Як і Рэўвэн Рыўлін, яны паходзяць з старажытнага роду, карані якога сягаюць у XVI стагодзьдзе да сьвятога рабіна Ёсіфа.

Помнікі Сімховічаў, Рыўліных, як і многіх іншых, пашкоджаныя, альбо паваленыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG