Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінула 75 год ад зьнішчэньня Менскага гета. Чаму ў Беларусі няма музэю Галакосту?


Помнік загінулым габрэям «Яма» на месцы масавых растрэлаў у Менскім гета
Помнік загінулым габрэям «Яма» на месцы масавых растрэлаў у Менскім гета

100 тысяч ахвяраў, 825 дзён трагедыі і гераізму жыхароў менскага гета, ізаляваных і зьнішчаных нацысцкім рэжымам.

21–23 кастрычніка ў Менску праходзяць жалобныя імпрэзы, міжнародныя навуковыя канфэрэнцыі, паказы дакумэнтальных фільмаў, прысьвечаныя 75-годзьдзю зьнішчэньня Менскага гета.

Да Другой усясьветнай вайны ў Беларусі пражывала каля 900 тысяч габрэяў. За гады акупацыі нацысты зьнішчылі тут каля 800 тысяч беларускіх і 50 тысяч эўрапейскіх габрэяў.

Менскае гета — другое па велічыні ў былым СССР

На тэрыторыі Беларусі было створана 250 гета. У самым буйным — Менскім — загінула больш за 100 тысяч чалавек. Яно было адным з самых буйных ва ўсёй Эўропе, на акупаванай тэрыторыі СССР займала другое месца па колькасьці вязьняў пасьля Львоўскага, якое налічвала 136 тысяч чалавек.

Менскае гета было створана ў жніўні 1941 году. Найбольш масавыя забойствы габрэяў (немцы выкарыстоўвалі эўфэмізм «акцыя») адбыліся 7–8 лістапада 1941 году (зьнішчана 18 тысяч габрэяў), 20 лістапада 1941 году (15 тысяч), 2 сакавіка 1942 году (8 тысяч), 28 ліпеня 1942 году (25 тысяч), 21–23 кастрычніка 1943 году (22 000 габрэяў, прывезеных на сьмерць з краінаў Эўропы). Да таго ж зь вясны 1942 году вязьняў Менскага гета пачалі зьнішчаць у душагубках.

На тэрыторыі Менскага гета ў жывых засталося толькі 13 чалавек, якія некалькі месяцаў хаваліся ў сутарэньні дома каля габрэйскіх могілак на вуліцы Сухой і змаглі выйсьці са сховішча толькі ў дзень вызваленьня Менску ў ліпені 1944 году.

Менскае гета на нямецкай карце 1942 году
Менскае гета на нямецкай карце 1942 году

У Беларусі дагэтуль няма ні музэю Галакосту, ні музэю Менскага гета

У жніўні 1946 году ў Менску быў узьведзены першы ў СССР помнік загінулым габрэям «Яма» з надпісам на ідыш «Габрэям — ахвярам нацызму». У ліпені 2000 году зьявілася скульптурная кампазыцыя «Менскае гета». Пачалі зьяўляцца мэмарыяльныя знакі, невялікія помнікі па ўсёй Беларусі. Але сапраўднага, паўнавартаснага музэю, прысьвечанага ахвярам Галакосту, у Беларусі няма.

Прафэсар, доктар гістарычных навук Эмануіл Ёфэ кажа, што яшчэ калі Леанід Левін быў кіраўніком Саюзу габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадаў, ішла гаворка пра стварэньне музэю Галакосту.

«Леаніду Левіну ўвесь час абяцалі, але дагэтуль усё сканчаецца размовамі. Раней зразумела — падтрымлівалася палітыка дзяржаўнага антысэмітызму. На маю думку, гэта залежыць ад кіраўніцтва краіны — прэзыдэнта, ягонай адміністрацыі, далучыцца павінна Міністэрства культуры, парлямэнт павінен прыняць адпаведнае рашэньне. Бо грамадзкія арганізацыі гэтага не пацягнуць — патрэбна сур’ёзнае фінансаваньне. То бок неабходнае палітычнае рашэньне, палітычная воля», — перакананы прафэсар Ёфэ.

Помнікі ахвярам Менскага гета «Стол і крэсла», «Тучынка», мэмарыяльныя знакі каля Чырвонага касьцёла, на праспэкце Дзяржынскага зьявіліся дзякуючы намаганьням грамадзкасьці і асабіста Леаніда Левіна. Менавіта Левін стаў ініцыятарам стварэньня на былой тэрыторыі Менскага гета «Гістарычнай майстэрні», якая цяпер носіць ягонае імя.

У Варшаве ёсьць адмысловы Музэй POLIN, прысьвечаны гісторыі габрэяў

Музэй POLIN у Варшаве, прысьвечаны гісторыі польскіх габрэяў
Музэй POLIN у Варшаве, прысьвечаны гісторыі польскіх габрэяў

Журналіст, дасьледчык гісторыі Менскага гета, аўтар цыклю дакумэнтальных фільмаў «Хроніка Менскага гета» Барыс Герстэн перакананы, што такі музэй патрэбны.

«Ёсьць вельмі шмат матэрыялаў, дасьледаваньняў, унікальных дакумэнтаў, адкрыцьцяў. Вы ж ведаеце, што доўгі час гэтая тэма замоўчвалася, толькі ў апошнія гады яна ўздымаецца: праводзяцца міжнародныя канфэрэнцыі, выходзяць гістарычныя дасьледаваньні, зборнікі. У нас ёсьць што расказаць: і гісторыя, і барацьба, і супраціў, і праведнікі.

Невялічкі музэй габрэйскай гісторыі ёсьць у Культурным цэнтры на вуліцы Харужай, 28, ёсьць экспазыцыі ў Горадні, у Пінску. Але гэтага недастаткова — гісторыя габрэйства на Беларусі вельмі багатая», — перакананы Барыс Герстэн.

Ён прывёў прыклад суседняй Польшчы. У Варшаве створаны Музэй POLIN, прысьвечаны гісторыі польскіх габрэяў. Дакладней, габрэяў з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, пра беларускіх габрэяў там таксама распавядаецца. Ствараўся гэты музэй пад эгідай прэзыдэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага — дзякуючы фінансавай падтрымцы прыватных донараў, а таксама фондаў з ЗША, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі і Польшчы.

Дарэчы, Барыс Герстэн дапамагаў стварыць беларускамоўны аўдыёгід па музэі POLIN, так што беларусы маюць магчымасьць паслухаць паўнавартасную экскурсію па варшаўскім музэі.

«Тэма супраціву ў Менскім ды іншых гета замоўчваецца»

Ілюстрацыйнае фота. Інфармацыя пра жыхароў гета ў горадзенскім Музэі гісторыі габрэяў
Ілюстрацыйнае фота. Інфармацыя пра жыхароў гета ў горадзенскім Музэі гісторыі габрэяў

Прафэсар, доктар гістарычных навук Эмануіл Ёфэ, які некалькі дзясяткаў год дасьледуе тэму Галакосту, кажа, што ў абноўленым музэі Вялікай Айчыннай вайны ёсьць пара стэндаў пра генацыд габрэяў, пра Галакост.

«Але тэма супраціву ў Менскім ды іншых гета не паказваецца, калі і ёсьць нейкія матэрыялы, то яны ў запасьніках. Плянавалася цэлую музэйную залю прысьвяціць менавіта супраціву, але яе дагэтуль няма.

У Менскім гета было больш за 400 падпольшчыкаў, а афіцыйна прызнана некалькі дзясяткаў. Яшчэ ў 1995 годзе гісторык, дасьледчык Яўген Бараноўскі выдаў кнігу „Менскае антыфашысцкае падпольле“. Ён пісаў, што ў Менску падпольле ўтварылася ў верасьні 1941 году, а ў менскім гета — у жніўні 1941 году. Раней наагул лічылася, што габрэі самі паслухмяна ішлі на расстрэл, але гэта ж ня так — яны ўцякалі, змагаліся.

Тое, што ў Варшаўскім гета ў красавіку 1943 году было паўстаньне, вядома ўсяму сьвету. У Варшаве ёсьць шыкоўны асобны музэй Варшаўскага паўстаньня. А што былі паўстаньні ў многіх беларускіх гета ў 1942 годзе, амаль ніхто ня ведае! Пра гэта ня пішуць у падручніках», — скрушна разважае прафэсар Ёфэ.

Паўстаньні і масавыя ўцёкі з гета былі ў Клецку, Нясьвіжы, Міры, Лахве, Кобрыні, Наваградку, Глыбокім.

Ілюстрацыйнае фота. Адкрыцьцё помніка ахвярам наваградзкага гета. Навагадак, верасень 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Адкрыцьцё помніка ахвярам наваградзкага гета. Навагадак, верасень 2017 году

А вось у Менскім гета паўстаньняў не было — вязьні ставілі за мэту вырывацца з гета, уцякаць у партызаны, ствараць партызанскія атрады. Пра гэтыя малавядомыя старонкі супраціву вязьняў Менскага гета, пра кіраўніка падпольля гета Міхаіла Гебелева пісала яшчэ ў 1970–80-я гады навуковая супрацоўніца Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Ганна Купрэева. Але яе дасьледаваньні паклалі ў архівы. Дакумэнтальны нарыс Купрэевай «Менскае гета: схаваная праўда» адважылася апублікаваць толькі рэдакцыя часопіса «Беларуская мінуўшчына». Пазьней артыкул пра грамадзянскі подзьвіг Купрэевай напісала дачка Міхаіла Гебелева Сьвятлана, якая жыве ў ЗША.

«Толькі ў Наваградку ёсьць Музэй супраціву, дзякуючы вельмі імпэтнай музэйшчыцы Тамары Вяршыцкай. Ёй дапамаглі мясцовыя ўлады. Сярод тых, хто зьбег з Наваградзкага гета, — сваячка цяперашняга прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, бабуля ягонага зяця Джарэда Кушнэра Рая», — кажа прафэсар Ёфэ.

Свабода раней пісала пра гісторыю сваякоў Трампа: «Выжыць».

4 ліпеня 2019 году ў Наваградку заплянавана адкрыцьцё Сьцяны памяці ў гонар насельнікаў гета. Стварэньне Сьцяны фінансуе сям’я Кушнэраў. У Наваградку чакаюць, што на адкрыцьцё прыедзе і зяць амэрыканскага прэзыдэнта Джарэд Кушнэр.

На будынку былога шпіталя гета — безыменная мэмарыяльная шыльда

Прафэсар Эмануіл Ёфэ выказаў незадаволенасьць, што недастаткова робіцца дзеля ўвекавечаньня памяці ахвяраў Менскага гета. Так, пасьля доўгіх намаганьняў грамадзкасьці 1 ліпеня 2009 году ў Менску на вуліцы Кастрычніцкай быў урачыста адкрыты помнік падпольшчыкам Кірылу Трусу, Уладзімеру Шчарбацэвічу і габрэйскай дзяўчынцы Машы Брускінай, якія зладзілі ўцёкі ваеннапалонных, за што былі павешаныя на браме дражджавога заводу.

Урачыстае адкрыцьцё помніка падпольшчыкам Кірылу Трусу, Уладзімеру Шчарбацэвічу і Машы Брускінай. 2009 год
Урачыстае адкрыцьцё помніка падпольшчыкам Кірылу Трусу, Уладзімеру Шчарбацэвічу і Машы Брускінай. 2009 год

«Але ў Музэі Айчыннай вайны нічога няма пра подзьвіг Машы Брускінай!

А на цяперашняй музычнай школе № 12, дзе падчас вайны быў інфэкцыйны шпіталь, у качагарцы якога зьбіраліся падпольшчыкі на чале з галоўным лекарам Львом Куліком, павесілі мэмарыяльную шыльду наагул бяз прозьвішчаў: «У гэтым будынку ў 1941–1943 гадах разьмяшчаўся шпіталь, у якім дзейнічалі антыфашысцкія падпольныя групы Менскага гета», — кажа Эмануіл Ёфэ.

Тыдзень памяці

22 і 23 кастрычніка заплянавана шмат афіцыйных мерапрыемстваў і імпрэзаў, прысьвечаных 75-й гадавіне зьнішчэньня Менскага гета: жалобная цырымонія на мэмарыяле «Яма»; міжнародная канфэрэнцыя ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Раў «75 гадоў трагедыі Менскага гета, праблемы і пэрспэктывы захаваньня памяці пра Галакост»; міжнародны круглы стол у МЗС «Трагедыя Менскага гета: памяць і ўрокі». У іх бяруць удзел афіцыйныя асобы, дыпляматы, дасьледчыкі, сваякі вязьняў гета зь Нямеччыны, Ізраілю, Аўстрыі, ЗША, Вялікай Брытаніі, Польшчы.

У Нацыянальным гістарычным музэі пройдзе выстава графічных работ мастака Мэера Аксэльрода, у Нацыянальным мастацкім музэі — выстава жывапісу і графікі «Памяці Менскага гета»; у кінатэатры «Цэнтральны» — тыдзень дакумэнтальнага кіно «100 тысяч забітых. 825 дзён трагедыі і гераізму».

Ілюстрацыйнае фота. Акцыя памяці ахвяраў Галакосту ў Менску. 26 студзеня 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Акцыя памяці ахвяраў Галакосту ў Менску. 26 студзеня 2017 году

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG