Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія могілкі чакае татальная зачыстка. Старыя надмагільлі пад пагрозай


На гістарычнай частцы габрэйскіх могілак у Магілёве
На гістарычнай частцы габрэйскіх могілак у Магілёве

У Магілёве пад пагрозай зьнішчэньня апынуліся старыя пахаваньні з унікальнымі надмагільлямі. Прыгледзець за імі няма каму, а новая рэдакцыя закону «Аб пахаваньні і пахавальнай справе», прынятая ў 2015 годзе, дае дзяржаўным спэцыялізаваным арганізацыям права дэмантаваць і ўтылізаваць іх, «калі ступень разбурэньня выключае рамонт і аднаўленьне». Апавяшчэньні «навесьці парадак» на магілах вывешаныя на ўсіх гарадзкіх кладах.

Падобная сытуацыя характэрная для ўсіх могілак Беларусі, кажуць экспэрты.

Патрабуючы парадку на габрэйскіх могілках, не ўспамінаюць пра Галакост

Першымі пад увагу Магілёўскага спэцыялізаванага камбінату абслугоўваньня насельніцтва трапілі габрэйскія могілкі. Тыя, хто мае на іх пахаваньні, гаворыцца ў абвестках, абавязаныя «прывесьці надмагільныя збудаваньні ў належны стан» да 22 чэрвеня 2018 году.

На гістарычнай частцы гэтых могілак, якую доўгі час хавала разрослае кустоўе, цяпер шмат раскіданых, паваленых і раструшчаных надмагільляў.

Памятны знак пахаваным габрэям, чый спакой быў «па-барбарску парушаны»
Памятны знак пахаваным габрэям, чый спакой быў «па-барбарску парушаны»

«Тысячы габрэяў сем’ямі загінулі ў Галакосьце, таму прыгледзець за большасьцю старых пахаваньняў няма каму. Чамусьці, калі гаворыцца пра навядзеньне парадку на могілках, пра наступствы Галакосту ня згадваюць. Ён выбіў амаль усіх габрэяў гораду», — камэнтуе сытуацыю адзін з наведнікаў могілак.

Паводле старажылаў, бурыць могілкі пачалі ў апошнія пяцьдзясят гадоў. Мармуровыя помнікі перараблялі і затым ставілі на негабрэйскія магілы. З агароджаў і помнікаў зрывалі мэталічныя часткі. Улада тады на гэта не рэагавала.

У грамадзкім аб’яднаньні «Магілёўская габрэйская грамада» сьцьвярджаюць, што днямі выяўлена зь дзясятак новых пашкоджаных надмагільляў, якія, як лічаць у аб’яднаньні, «уяўляюць гісторыка-культурную і мастацкую каштоўнасьць», хоць афіцыйна ня маюць такога статусу.

Калі надмагільле — не гісторыка-культурная каштоўнасьць, яно падпадае пад дэмантаж

На Магілёўскім спэцыялізаваным камбінаце кажуць: у іх прадпісаньне Генэральнай пракуратуры. Яе прадстаўнікі аб’ехалі могілкі ў Беларусі і зрабілі выснову, што закон «Аб пахаваньні і пахавальнай справе» не выконваецца. Праведзеная прадпрыемствам інвэнтарызацыя выявіла занядбаныя надмагільлі. Упарадкаваць іх належала на працягу двух гадоў. Калі тое ня зроблена, то надмагільле дэмантуецца.

Абвестка з папярэджаньнем пра дэмантаж надмагільля, калі «ня будзе ўпарадкаваная магіла»
Абвестка з папярэджаньнем пра дэмантаж надмагільля, калі «ня будзе ўпарадкаваная магіла»

«Што тычыцца іх унікальнасьці, то ў нас ёсьць пашпарты гісторыка-культурнай каштоўнасьці, і калі надмагільле прызнанае такім, то яго ніхто чапаць ня будзе. Калі такога пашпарта няма, надмагільле ў нас не на балянсе і яно не гісторыка-культурная каштоўнасьць, то падпадае пад дэмантаж», — сказала супрацоўніца спэцкамбінату.

Паводле яе, адшукаць адказных за стан старых пахаваньняў на габрэйскіх могілках праблематычна. Улік магіл, сказала яна, пачалі весьці толькі пасьля 1990 году. Суразмоўніца прызнала, што выйсьця з сытуацыі пакуль не знайшлі.

«Навошта патрэбная дзяржава, калі яна ня рупіцца пра гісторыю краіны?»

Габрэйскія могілкі — адны з найстарэйшых у горадзе. Паводле архіўных зьвестак яны вядомыя з 1745 году. Нямала надмагільляў вырабленыя ў Варшаве, Вільні, Санкт-Пецярбургу. Многія з пахаваных укладалі пры жыцьці сродкі ў разьвіцьцё гораду.

«Навошта патрэбная тады дзяржава, калі яна ня рупіцца пра гісторыю краіны і яе спадчыну? Захаваньне надмагільляў — гэта пытаньне маралі і выхаваньня падрастаючага пакаленьня», — кажа лідэр габрэйскай грамады Магілёва Аляксей Каплан.

Фрагмэнт надмагільля з пазнакай, што яно трапіла пад каталягізацыю. Калі актывісты праводзілі фіксацыю, помнік быў цэлы
Фрагмэнт надмагільля з пазнакай, што яно трапіла пад каталягізацыю. Калі актывісты праводзілі фіксацыю, помнік быў цэлы

Ён адзначае: старыя надмагільлі прыкметныя сваім выглядам, мастацкімі вартасьцямі, і іх варта паказваць як архітэктурныя славутасьці.

Летась актывісты габрэйскай грамады скончылі каталягізацыю пахаваньняў на двух магілёўскіх могілках . На габрэйскіх апісана больш за 600 старых магіл. Значнай частцы зь іх пагражае зьнішчэньне. Адшукаць сваякоў пахаваных і аднавіць надмагільлі за два гады, якія даваліся новым законам, было немагчыма, кажуць у габрэйскай грамадзе.

Пра сытуацыю на могілках праінфармавалі амбасаду Ізраілю

Грамадзкія і рэлігійныя габрэйскія аб’яднаньні гораду зьвярнуліся ў Магілёўскі гарвыканкам, каб той «спыніў разбурэньне гістарычных аб’ектаў». Яны паінфармавалі пра праблему амбасаду Ізраілю, Саюз беларускіх габрэйскіх арганізацыяў, а таксама юдэйскае рэлігійнае аб’яднаньне.

Габрэйскія могілкі ў Магілёве
Габрэйскія могілкі ў Магілёве

У звароце да ўладаў адзначаецца, што могілкі — адно з найбольш значных месцаў, якія наведваюць замежнікі па праграмах генэалягічнага (настальгічнага) турызму.

«Барбарскае разбурэньне нашай гісторыі ўжо выклікала нэгатыўны водгук у грамадзкасьці», — гаворыцца ў звароце.

Экспэрт: абараніць старыя надмагільлі можа толькі грамадзкасьць

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

Паколькі габрэйскія могілкі ў Магілёве ня маюць статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, кажа старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, то абараніць надмагільлі прававымі мэтадамі «дужа складана». На ягоную думку, каб уратаваць помнікі, павінна ўзьняцца грамадзкасьць.

«Неабходна, каб да габрэйскай грамады далучыліся ўсе, каму не абыякавая гэта праблема», — кажа Антон Астаповіч.

«Падобная сытуацыя характэрная для ўсёй Беларусі, — працягвае ён. — Такія ж памкненьні ёсьць і ў менскага спэцкамбінату адносна Кальварыйскіх і Вайсковых могілак, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Ідзе вялацякучае змаганьне са спэцкамбінатам».

На каталіцкіх могілках, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці
На каталіцкіх могілках, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці

З ахоўным мэдальёнам у Магілёве толькі каталіцкія могілкі, на якіх таксама нямала старых пашкоджаных пахаваньняў. Іх аднаўленьне вымагае багата сродкаў.

На яшчэ адных гарадзкіх кладах — Усьпенскіх — паводле каталягізацыі, больш за 100 старых надмагільляў. Стан большасьці зь іх занядбаны.

На Ўсьпенскіх могілках. На іх хавалі праваслаўную знаць гораду
На Ўсьпенскіх могілках. На іх хавалі праваслаўную знаць гораду

Самае старое ў горадзе пахаваньне — якраз на Ўсьпенскіх кладах. На пашкоджаным надмагільлі — выява герба вядомага беларускага роду Валовічаў. Паводле новага закону «Аб пахаваньні і пахавальнай справе» гэтай магіле таксама пагражае зьнішчэньне.

Нябесная Беларусь. На 13 тысячах могілак спачывае 30 мільёнаў беларусаў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG