Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль год чакалі. Беларусь атрымала шосты транш крэдыту Эўразійскага банку


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Налічылі 200 млн даляраў, яшчэ 200 млн недадалі. Ці дадуць астатняе, невядома — у плянах наступных траншаў няма.

Эўразійскі банк разьвіцьця паведаміў аб пералічэньні Беларусі шостага траншу крэдыту, які пачалі выдаваць у 2016 годзе. Перавялі 200 млн даляраў.

Усяго Беларусі абяцалі выдаць 2 млрд даляраў некалькімі траншамі (беларускія ўлады спачатку прасілі 3 млрд). Першапачаткова меркавалася перавесьці грошы за два траншы ў 2016 годзе (1,1 млрд даляраў), тры ў 2017-м і яшчэ адзін у 2018-м. Апошні, пяты транш быў 25 кастрычніка 2017 году.

Гэта яшчэ ня ўсе грошы, абяцаныя Беларусі: пакуль выдадзена 1,8 млрд даляраў з абяцаных 2 млрд. Што будзе зь «недададзенай» часткай крэдыту, не паведамляецца.

Эўразійскі банк удакладняе, што Беларусьсю не былі выкананыя 5 з 25 паказьнікаў для атрыманьня шостага траншу, зь іх тры кантрольныя. У ліку нявыкананых: пастановы ўраду, накіраваныя на падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу; стварэньне інстытуту ўпаўнаважанага ў абароне правоў прадпрымальнікаў; актывізацыя рынку працы праз аптымізацыю дзяржаўных прадпрыемстваў і перападрыхтоўку звольненых.

Ды Савет Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця вырашыў, што на гэта можна не зьвяртаць увагі, бо Беларусь выканала дадатковыя ўмовы дзеля атрыманьня шостага траншу. У ліку выкананых — унясеньне ў інструкцыі па падрыхтоўцы прававых актаў элемэнтаў ацэнкі рэгулятарнага ўплыву на разьвіцьцё бізнэсу і зьмены ў нарматывы, накіраваныя на стрымліваньне празьмернага росту спажывецкага крэдытаваньня.

Тым часам Беларусь то зьбіраецца, то не зьбіраецца прасіць крэдыт у Міжнароднага валютнага фонду. Міністар фінансаў Максім Ермаловіч у канцы верасьня казаў, што ўлады зьбіраюцца працягнуць перамовы з МВФ наконт атрыманьня новага крэдыту ў 2020 годзе — праз два тыдні пасьля таго, як заяўляў, што не зьбіраюцца.

У 2019 годзе Беларусі трэба выплаціць 3,5 млрд даляраў дзяржаўнай запазычанасьці, у 2020-м — 3,7 млрд. Паводле міністра фінансаў, з гэтым разьбіраюцца некалькімі шляхамі.

75% дзяржаўнай запазычанасьці зьбіраюцца рэфінансаваць (гэта значыць, узяць крэдыты на выплату крэдытаў). Ермаловіч кажа, «мы ідзём на новыя рынкі пазык». Таксама дзяржава зьбіраецца прыцягваць рэсурсы «на больш камфортныя тэрміны па больш камфортных стаўках». Толькі 25% дзяржаўнай запазычанасьці плянуецца выплаціць за кошт даходаў дзяржаўнага бюджэту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG