Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спачатку збудуюць, пасьля спытаюць. Улады не захацелі абмяркоўваць з жыхарамі Калодзішчаў будаўніцтва новага заводу «Амкадор»


Архіўнае фота
Архіўнае фота

Тым часам будаўніцтва жылога кварталу, якое ўжо ідзе, зноў паабяцалі абмеркаваць з жыхарамі пазьней.

Ініцыятыўная група жыхароў Калодзішчаў, што пад Менскам, паспрабавала трапіць на сустрэчу са старшынём Менскага райвыканкаму Іванам Крупко 10 кастрычніка.

Пусьцілі толькі некалькі чалавек, да асноўнай масы людзей у калідор ня выйшлі, вусна зноў паабяцалі арганізаваць сустрэчу з усімі пазьней. Разам зь мясцовымі жыхарамі на прыём спрабавала прыйсьці лідэрка кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч.

Тыя, каго пусьцілі, засталіся неадаволенымі гутаркай. Пра жылыя дамы, якія ўжо будуюць, адказалі, што грамадзкія абмеркаваньні пляну дэталёвай забудовы пройдуць наступнай вясной (а дамы зьбіраюцца дабудаваць да таго), а на пытаньне пра завод «не хапіла часу». Тым, каго адказы не задаволілі, раённыя ўлады параілі ісьці ў суд.

Чым незадаволеныя

Людзі з Калодзішчаў занепакоеныя парушэньнямі прыродаахоўнага заканадаўства пры будаўніцтве прамысловых аб’ектаў і шматкватэрных дамоў: грамадзкае абмеркаваньне заводу праводзілася з парушэньнямі, а дамоў не праводзілася зусім; участкі адведзеныя з парушэньнямі, і яны прызначаліся для іншага; парушаецца генэральны плян Калодішчаў; інфраструктура не вытрымлівае цяперашняй колькасьці жыхароў, ня кажучы пра будучыя дамы (у прыватнасьці, ужо ёсьць пастаянныя праблемы з напорам вады) і іншым.​

Паводле беларускіх законаў, архітэктурныя праекты павінны ўзгадняцца зь мясцовымі жыхарамі на грамадзкім абмеркаваньні, калі не адпавядаюць генпляну ці праекту дэталёвага плянаваньня, і мусяць праходзіць нават да правядзеньня дзяржаўных экспэртызаў.

Але праект дэталёвага плянаваньня тэрыторыі яшчэ не распрацоўваўся і не абмяркоўваўся, а на чатырох будаўнічых пляцоўках ужо заклалі фундамэнты, недзе дабудоўваюць першы паверх. Завяршыць будаўніцтва, паводле шыльдаў на будоўлях, плянуюць у студзені-лютым 2019 году — а абмеркаваньне абяцаюць правесьці пазьней, у сакавіку-красавіку.

«А што мы будзем абмяркоўваць, калі дамы ўжо стаяць будуць? — зьдзіўляецца прадстаўніца ініцыятыўнай групы Ірына. — Што мы зможам зьмяніць? Навошта патрэбныя абмеркаваньні, калі вы за нас ужо ўсё вырашылі?»

Ранейшая сустрэча з кіраўніцтвам «Амкадору» наконт будаўніцтва заводу не задаволіла актывістаў, яны казалі пра «адсутнасьць канструктыўнага дыялёгу». Старшыня рады дырэктараў «Амкадору» Аляксандар Шакуцін назваў абсурднымі патрабаваньні мясцовых жыхароў, а таксама заявіў, што яны «некім праплачаныя».

Жыхары таксама абураюцца тым, што распрацоўку новага генэральнага пляну аплочавае кампанія «Мэталбудпрофіль», якая вядзе будаўніцтва жылых дамоў. Ірына задумваецца, ці не было незаконнага абмену: ці не памянялі зямельныя ўчасткі на распрацоўку генпляну — аўкцыёнаў па некаторых участках не праводзілася.

Што далей

Прадстаўніца ініцыятыўнай групы Ірына расказала Свабодзе, што 11 кастрычніка ў райвыканкам маюць завезьці зварот, які падпісалі каля сотні чалавек. У звароце па выніках сустрэчы жыхары зноў апісваюць свае прэтэнзіі і неадпаведнасьці будоўляў законам, просяць стварыць камісію па разгляде скаргаў і правесьці сустрэчу з жыхарамі.

Сярод патрабаваньняў жыхароў — растлумачыць, хто зьмяніў прызначэньні ўчасткаў з індывідуальнай забудовы на шматкватэрную; спыніць распрацоўку дакумэнтацыі на будаўніцтва шматкватэрных дамоў; скасаваць папярэднюю згоду на адвядзеньне зямельных участкаў на мэты, не прадугледжаныя дзейным генплянам (дамы зьбіраюцца будаваць у тым ліку там, дзе мелі збудаваць школу і дзіцячы аздараўленчы цэнтар).

Будаўніцтва новага заводу ТАА «Амкадор-Маш» пачалося сёлета ў траўні. На ім будуць вырабляць пагрузчыкі, трактары і гатовыя машынакамплекты для зборачных вытворчасьцяў холдынгу. Магутнасьць вытворчасьці складзе каля 6 тысяч машын у год.

Старшыня рады дырэктараў «Амкадору», адзін з самых блізкіх да ўлады і багатых людзей у Беларусі Аляксандар Шакуцін, плянуе пабудаваць завод за паўтара-два гады.

Летась 2 сьнежня жыхары Калодзішчаў, Міхайлавага Кута, Гарадка і блізкіх да іх дачных масіваў чакалі з плякатамі «Мы за чыстае паветра», «Амкадору — „не“» прыезду міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэя Худыкі.

Міністар праехаў міма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG