Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Калодзішчаў патрабуюць спыніць будаўніцтва новага заводу «Амкадора»


Філіял заводу «Амкадор» у Калодзішчах

Людзі занепакоеныя парушэньнямі прыродаахоўнага заканадаўства пры будаўніцтве прамысловых аб’ектаў і шматкватэрных дамоў на тэрыторыі менскага прыгараду Калодзішчы.

Жыхары пасёлку Калодзішчы, што пад Менскам, дамагліся правядзеньня сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў па пытаньні будаўніцтва новага заводу «Амкадор». Сустрэча прызначаная на 26 верасьня ў Беларускім навукова-дасьледчым цэнтры «Экалёгія».

«Сустрэчу арганізуе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя ў сувязі са зваротамі грамадзян, — сказалі карэспандэнту Свабоды ў міністэрстве. — Сьпіс удзельнікаў пакуль ня вызначаны. Грамадзяне прасілі прадстаўнікоў нашага міністэрства і „Амкадора“».

Сябры ініцыятыўнай групы ў Калодзішчах скардзяцца, што кіраўніцтва ААТ «Амкадор» дагэтуль не прадставіла ім экалягічную інфармацыю, якая тычыцца ўзьвядзеньня новага заводу. Таксама жыхары занепакоеныя парушэньнямі прыродаахоўнага заканадаўства пры будаўніцтве прамысловых абʼектаў і шматкватэрных дамоў на тэрыторыі аграгарадка Калодзішчы.

«Мы хацелі дамагчыся, каб яны далі нам дакумэнтацыю. Мы хадзілі на кансультацыю ў Орхускі цэнтар, і нам сказалі, што адказваюць за прадстаўленьне экалягічнай інфармацыі Міністэрства прыродных рэсурсаў і Савет міністраў. Мы прасілі правесьці гэтую сустрэчу яшчэ 9 месяцаў таму, каб нам патлумачылі пытаньні, зьвязаныя з будаўніцтвам „Амкадора“. Яны проста зацягвалі час. Калі мы пачалі ім тэлефанаваць у жніўні, то нам прызначылі сустрэчу на 26 верасьня», — сказала карэспандэнту Свабоды прадстаўніца ініцыятыўнай групы Ірына.

Тым часам жыхары Калодзішчаў даведваліся пра новыя факты, якія, на іх думку, сьведчаць пра парушэньні ў сувязі з будаўніцтвам новага заводу.

«У нас, аказваецца, нахабна ідзе забудова на ўчастку, дзе павінна быць школа. Яго аддалі „Мэталбудпрофілю“ для шматпавярховай забудовы. Таксама мы выйгралі тэндэр на стварэньне экалягічнай сьцежкі на ўчастку, дзе плянаваліся сажалкі-выпарвальнікі. Але гэты ўчастак дагэтуль належыць „Амкадору“. Калі яны кажуць, што сажалак-выпарвальнікаў тут ня будзе, а яны будуць на тэрыторыі заводу, то яны павінны былі накіраваць дакумэнтацыю ў цэнтар экспэртыз заканадаўства і атрымаць дадатковае заключэньне. Нам адказалі, што туды нічога не паступала. Значыць, дадатковай экспэртызы не зрабілі», — сказала Ірына.

Паводле Ірыны, сябры ініцыятыўнай групы выпадкова даведаліся, што ўся тэрыторыя вакол заводу належыць да зоны адпачынку «Вясёлка».

«Атрымліваецца, што ўсе адкіды будуць падаць на гэтую зону. У пастанове Савету міністраў ад 2016 году напісана, што ў зоне адпачынку не павінны пашырацца прадпрыемствы, разьмяшчацца шкодныя вытворчасьці. Таксама ёсьць пытаньні па сьвідравіне, якая знаходзіцца за 160 мэтраў ад тэрыторыі заводу, і выкіды будуць трапляць на другі пояс гэтай сьвідравіны. Таму яны павінны былі ўрэгуляваць гэтае пытаньне і за свой кошт пабудаваць новую сьвідравіну. Улічваючы нават той факт, што будаўніцтва заводу ідзе, хоць і незаконна. Я спадзяюся, што мы нешта зможам адстаяць, хоць на парушэньні, пра якія мы ведаем, закрываюць вочы», — сказала Ірына.

Будаўніцтва новага заводу ТАА «Амкадор-Маш» пачалося ў траўні гэтага году. На ім будуць вырабляць пагрузчыкі, трактары і гатовыя машынакамплекты для зборачных вытворчасьцей холдынгу. Магутнасьць вытворчасьці складзе каля 6 тыс. машын у год. Старшыня рады дырэктараў «Амкадора», адзін з самых блізкіх да ўлады і багатых людзей у Беларусі, Аляксандар Шакуцін плянуе пабудаваць завод за паўтара-два гады.

Жыхары Калодзішчаў незадаволеныя тым, што дзеля гэтага вуліцу Менскую (Прамысловую) зьбіраюцца ператварыць у чатырохпалосную дарогу, па якой на завод пойдуць грузавікі. Уздоўж дарогі высекуць сосны і дубы, каля Міхайлавага Кута высекуць тры гектары лесу і выкапаюць там заводзкія сажалкі-выпарвальнікі. Выкіды шкодных рэчываў складуць каля 132 тон за год.

2 сьнежня жыхары Калодзішчаў, Міхайлавага Кута, Гарадку і блізкіх да іх дачных масіваў чакалі з плякатамі «Мы за чыстае паветра», «Амкадору не» прыезду міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэя Худыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG