Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея дамовіліся аб пастаўках нафтапрадуктаў. На якіх умовах, ня кажуць


Ілюстрацыйнае фота. © Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота. © Shutterstock

Міністэрства энэргетыкі Расеі апублікавала паведамленьне аб перамовах 10 кастрычніка расейскага міністра энэргетыкі Аляксандра Новака зь беларускім намесьнікам віцэ-прэм’ера Ігарам Ляшэнкам.

Паводле расейскага Мінэнэрга, яны «абмеркавалі гандлёва-эканамічную супрацу ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў», а па выніках падпісалі «пратакол аб унясеньні зьменаў у міжурадавае пагадненьне ад 2007 году аб мерах па ўрэгуляваньні гандлёва-эканамічнай супрацы ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў», а таксама «ўзгаднілі індыкатыўныя балянсы і пратаколы па нафтапрадуктах на лістапад-сьнежань 2018 году і на ўвесь 2019 год».

Такое ж паведамленьне прыводзіць беларускае дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА. Беларускае Мінэнэрга, а таксама сайт Савету міністраў, пра пагадненьні не паведамляюць.

З паведамленьня расейскага Мінэнэрга незразумела, на якія аб’ёмы паставак нафтапрадуктаў дамовіліся бакі і ці дамовіліся на нешта канкрэтнае па пастаўках нафты.

Раней старшыня канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў казаў, што «нас чакаюць вельмі цяжкія перамовы з Расеяй па выраўноўваньні канкурэнтнага асяродзьдзя для таго, каб наша нафтаперапрацоўка працавала ў аналягічных умовах з нафтаперапрацоўкай у Расеі». Амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч абяцаў, што ў наступным годзе аб’ём паставак нафтапрадуктаў з Расеі ў Беларусь павялічыцца на 10–15% супраць 2018 году.

Перамовы вядуцца ў тым ліку пра «падатковы манэўр» Расеі, ад якога Беларусь будзе страчваць каля 1,5 мільярда даляраў штогод. Нафтавы падатковы манэўр — гэта замена экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG