Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня «Белнафтахіму»: «Нас чакаюць вельмі цяжкія перамовы з Расеяй»


Перамовы з Расеяй аб пастаўках у Беларусь нафты знаходзяцца на завяршальным этапе, у бліжэйшы час плянуецца падпісаньне шэрагу дакумэнтаў, заявіў у эфіры тэлеканала АНТ старшыня канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў.

«Пасьля падпісаньня гэтых дакумэнтаў усе суб’екты гаспадараньня будуць забясьпечаныя нафтахімічнай прадукцыяй у поўным аб’ёме і нават звыш таго, што яны плянавалі ў гэтым і наступным гадах», — удакладніў Андрэй Рыбакоў.

Паводле яго, магчымыя наступствы для Беларусі ад падатковага манэўру ў Расеі — «на сёньня гэта самае важнае пытаньне, якое патрабуе рашэньня да канца бягучага году».

Нафтавы падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

Як адзначыў кіраўнік «Белнафтахіму», гэта ўжо другі этап падатковага манэўру. Першы этап Беларусь, паводле яго, перажыла пачынаючы з 2015 году, калі цана на нафту вырасла, «і мытны збор быў зьніжаны і, адпаведна, перайшоў у цану на нафту».

«Але чым характэрны другі этап падатковага манэўру — тым, што Расея на працягу 6 гадоў практычна адмаўляецца ад мытных пошлін, і ўсё гэта будзе перакладзена ў цану на нафту. Фактычна мы прыйдзем да сусьветнай цаны на нафту, але пры гэтым сваім суб’ектам гаспадараньня гэта будзе кампэнсавана праз мэханізмы дэмпфіруючых акцызаў. Гэта значыць перапрацоўшчыкі ў Расеі фактычна нічога ня страцяць», — сказаў Рыбакоў.

На пытаньне, ці прадугледжаныя якія-небудзь мэханізмы кампэнсацыі для беларускіх перапрацоўшчыкаў нафты, Андрэй Рыбакоў адказаў:

«У нашым бюджэце такіх інструмэнтаў проста няма, у сувязі з гэтым нас чакаюць вельмі цяжкія перамовы з Расеяй па выраўноўваньні канкурэнтнага асяродзьдзя для таго, каб наша нафтаперапрацоўка працавала ў аналягічных умовах з нафтаперапрацоўкай ў Расеі, і мы ўжо распачалі гэтыя перамовы. Да канца году асноўнай задачай будзе рашэньне гэтага пытаньня».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG