Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбалістаў зборнай Расеі затрымалі па справе аб зьбіцьці беларускага кіроўцы і расейскага чыноўніка

абноўлена

Аляксандар Какорын, які прыйшоў на допыт са спазьненьнем
Аляксандар Какорын, які прыйшоў на допыт са спазьненьнем

Расейская паліцыя распачала крымінальную справу аб хуліганстве ў сувязі з бойкамі 8 кастрычніка ў Маскве, у якіх два расейскія футбалісты зьбілі спачатку грамадзяніна Беларусі, затым чыноўніка Міністэрства гандлю, паведамляе ТАСС.

Падазраваным загадвалі зьявіцца на допыт да 18:00 10 кастрычніка.

Толькі адзін з футбалістаў, падазраваных у нападзе, прыйшоў на допыт своечасова, паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў Расеі. Гэта паўабаронца клюбу «Краснодар» Павал Мамаеў.

Другі падазраваны, нападнік клюбу «Зенит» Аляксандар Какорын, зьявіўся на допыт пазьней. Абодвух затрымалі на 48 гадзінаў.

Крымінальным кодэксам Расеі за хуліганства прадугледжана пакараньне ад штрафу да пазбаўленьня волі на тэрмін да 5 гадоў.

Як пісаў «Московский комсомолец», пацярпелы беларус Віталь Салаўчук расказваў, што бойка адбылася так. Ён сядзеў у машыне і чакаў тэлевядоўцу, кіроўцам якой працуе, калі ў аўто села незнаёмая яму пʼяная дзяўчына — сказала, што хоча пагрэцца. Ён папрасіў яе выйсьці, тая адмовілася, але праз хвіліну незнаёмы яму мужчына забраў жанчыну. Празь некалькі хвілін у машыну нешта кінулі, ён выйшаў — група людзей пачала яго абражаць, затым зьбіваць («Чемпионат» мяркуе паводле відэа з камэраў назіраньня, што Салаўчука справакавалі першым нанесьці ўдар, затым пачалі зьбіваць прынамсі пяць чалавек).

Паводле шэрагу расейскіх СМІ, пасьля гэтага футбалісты зьбілі чыноўніка расейскага Міністэрства прамысловасьці і гандлю Дзяніса Пака, бо прынялі яго за кітайца.

Футбольны клюб «Краснодар» вырашыў разарваць кантракт з Мамаевым. «Зенит» заявіў, што ўчынак Какорына «выклікае толькі сорам», але чакае прававой ацэнкі, каб вырашыць, як пакараць гульца з боку клюбу.

Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава на тле скандалу з Мамаевым і Какорыным прапанавала «даваць крэсламі па галаве» футбалістам за незабітыя і прапушчаныя галы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG