Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны рэдактар Tut.by Марына Золатава: «Асабіста мяне ніхто не вэрбаваў»


Марына Золатава
Марына Золатава

«Многія чамусьці лічаць, што „справа БелТА“ ўжо завершаная. А яна толькі пачалася. І чым і калі скончыцца — абсалютна незразумела... Мы па чарзе ходзім на допыты. Ідзе сьледзтва», — напісала ў сваім фэйсбуку галоўны рэдактар Tut.by Марына Золатава.

Пасьля 7 жніўня, калі на некалькі дзён былі затрыманыя супрацоўнікі Tut.by, БелаПАН, іншыя журналісты, і ў іх зьявіўся статус «падазраваных», у іх жыцьці многае зьмянілася, піша Золатава. А пасьля 25 верасьня, калі журналіст Tut.by Дзьмітрый Бобрык прызнаўся ў сваім фэйсбуку, што падчас допыту ў Сьледчым камітэце па «справе БелТА» яго шантажом завэрбавалі, да «падазраваных» нечакана дадаецца статус «завэрбаваных».

«Таму што калі ты не прызнаўся, што завэрбаваны, значыць, ты завэрбаваны. Цалкам дакладна магу сказаць: асабіста мяне ніхто не вэрбаваў. І не спрабаваў, дарэчы. Тое ж самае кажуць і ўсе мае калегі ў рэдакцыі. А Дзіма выступіў. І правільна зрабіў», — лічыць Марына Золатава.

Пасьля прызнаньня рэдактара аддзелу сайту Tut.by Дзьмітрыя Бобрыка ў тым, што ён пад ціскам Сьледчага камітэту падпісаў дамову аб супрацоўніцтве, ніхто зь іншых фігурантаў «справы БелТА» не заявіў аб гэтым. Разам з тым апытаныя Свабодай фігуранты «справы БелТА» падтрымалі Бобрыка і выказалі абурэньне ціскам Сьледчага камітэту на журналіста.

«Справа БелТА». Што важна ведаць

  • У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.​
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
  • Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG