Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Журналістыка ў Беларусі — рызыкоўная прафэсія», — старшыня БАЖ Бастунец


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні на Дзень Волі ў Менску. Тады былі затрыманыя ў тым ліку журналісты. 25 сакавіка 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні на Дзень Волі ў Менску. Тады былі затрыманыя ў тым ліку журналісты. 25 сакавіка 2017 году

8 верасьня ў шэрагу краінаў адзначаюць Дзень салідарнасьці журналістаў. Чым адметная праца журналіста ў Беларусі, дзе з 1994 году нязьменна пасаду прэзыдэнта займае адзін чалавек — Аляксандар Лукашэнка? Свабода вырашыла нагадаць некалькі гісторый пра беларускіх журналістаў і беларускія мэдыі, што адбыліся за мінулыя 24 гады.

Закрытыя мэдыі: цяпер у тры разы меней

Колькі незалежных мэдый закрыла ўлада падчас праўленьня Аляксандра Лукашэнкі?

Паводле старшыні БАЖ (Беларускай асацыяцыі журналістаў) Андрэя Бастунца, слова «закрыла» патрабуе ўдакладненьня. Ёсьць мэдыі, якія былі закрытыя непасрэдна рашэньнем Міністэрства інфармацыі, і тыя, якія пацярпелі ад разнастайнага ціску ўладаў і не змаглі аднавіцца. Агулам — гэта вялікія страты на рынку незалежных мэдый, мяркуе экспэрт.

Сярод закрытых уладай мэдый былі газэты «Свабода» і «Пагоня», «Аўтарадыё». Але было яшчэ «Радыё 101,2», у якога забралі хвалю і нічога не далі наўзамен, была сярод вельмі папулярных газэта «БДГ», якой стварылі невыносныя ўмовы.

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

«Што ў выніку? Як памятаю, на пачатку стагодзьдзя мы праводзілі фэстываль беларускай незалежнай прэсы, на якім было прадстаўлена больш за 60 выданьняў і мэдый. Але ўжо праз 3–4 гады мы мусілі праводзіць Дзень закрытых газэт. На той час Мінінфарм прыпыніў на 3 месяцы дзейнасьць амаль 20 выданьняў, і частка зь іх не змагла аднавіцца. Прыкладам, гарадзенскую газэту „Біржа інфармацыі“ гэтак прыпынілі, а потым яе не ўзялі ў распаўсюд, і газэта загінула, ня вытрымала тых трох месяцаў. То бок гэта не было зроблена праз судовае рашэньне, але іншымі захадамі празь дзеяньні ўладных органаў. Дык вось, калі на пачатку стагодзьдзя ў краіне дзейнічала 60 незалежных выданьняў, дык цяпер ледзь ня ў тры разы менш», — падвёў рысу Андрэй Бастунец.

Перасьлед журналістаў Белсату і «Беларускага Радыё Рацыя»

Андрэй Бастунец мяркуе, што ў Беларусі незалежныя журналісты ў сваёй працы рызыкуюць ня толькі працоўным месцам і кар’ерай, але і дабрабытам, здароўем і нават жыцьцём.

Больш як 10 гадоў дзейнічае польскі тэлеканал «Белсат», які трансьлюе сыгнал на Беларусь, і ўвесь гэты час беларускія ўлады перасьледуюць журналістаў за супрацоўніцтва з гэтым каналам. Рэгулярна пад рэпрэсіі падпадаюць і журналісты «Беларускага Радыё Рацыя», якое таксама вяшчае з Польшчы.

Затрыманьне ў Курапатах журналісткі тэлеканалу «Белсат» Кацярыны Андрэевай. 6 ліпеня 2018 году
Затрыманьне ў Курапатах журналісткі тэлеканалу «Белсат» Кацярыны Андрэевай. 6 ліпеня 2018 году

​У 2018 годзе ўлады Беларусі зладзілі рэкордны судовы перасьлед журналістаў за супрацоўніцтва з гэтымі мэдыямі. Ужо прайшло больш за 70 судоў, журналістам вынесьлі штрафаў на агульную суму больш за 60 тысяч рублёў, падлічылі ў БАЖ. Апошні такі працэс адбыўся ў Смалявічах, дзе за супрацоўніцтва зь «Белсатам» аштрафавалі на 1225 рублёў журналістку Вольгу Чайчыц.

«Судзьдзя Аляксандар Казлоўскі сказаў, што лічыць мае паказаньні спробаю апраўдацца. На яго думку, усё сказанае мной — хлусьня», — сказала пасьля суду Вольга Чайчыц.

Забойствы і зьнікненьні беларускіх журналістаў

У 2000 годзе пад Менскам зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі, які працаваў разам з Паўлам Шараметам, былым рэдактарам БДГ і адным з самых прынцыповых крытыкаў Аляксандра Лукашэнкі. Тайна гэтага зьнікненьня дагэтуль не раскрытая, а цела Зьмітра Завадзкага, пазьней прызнанага памерлым, ня знойдзенае.

Журналіст Зьміцер Завадзкі
Журналіст Зьміцер Завадзкі

Сярод беларускіх журналістаў, чыя сьмерць лічыцца загадкавай, называюць таксама Васіля Гроднікава, які супрацоўнічаў з «Народнай Воляй» і выкрываў карупцыю, Вераніку Чаркасаву з газэты «Салідарнасьць», якая дасьледавала кантакты Беларусі з рэжымам Садама Хусэйна ў Іраку, рэдактара апазыцыйнага сайту «Хартыя’97» Алега Бябеніна, чыя сьмерць прыпала на пачатак кампаніі па выбарах прэзыдэнта ў 2010 годзе.

Незваротныя страты сярод беларускіх журналістаў працягваюцца. У 2016 годзе ў Кіеве выбухам бомбы быў забіты Павал Шарамет. Гэтае забойства таксама яшчэ не раскрытае.

«Справа БелТА»

У 2018 годзе ўлады Беларусі працягвалі перасьледаваць журналістаў недзяржаўных мэдыяў. Пікам перасьледу назваў БАЖ заведзеную Сьледчым камітэтам у жніўні так званую «справу БелТА».

Падчас ператрусу ў офісе БелаПАН у межах так званай «справы БЕЛТА». 7 жніўня 2018 году
Падчас ператрусу ў офісе БелаПАН у межах так званай «справы БЕЛТА». 7 жніўня 2018 году

Падазраванымі па гэтай крымінальнай справе праходзяць журналісты Паўлюк Быкоўскі, Дзьмітры Бобрык, Аляксей Жукаў, Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Тацяна Каравянкова, Ірына Леўшына, Галіна Ўласік і Ганна Ярмачонак. Большасьць зь іх прадстаўляюць незалежнае агенцтва навінаў БелаПАН і інтэрнэт-рэсурс Tut.by, а Паўлюк Быкоўскі супрацоўнічае з радыёстанцыяй «Нямецкая хваля».

Журналісты перажылі вобшукі ў офісах і кватэрах, выманьне тэхнікі, неапраўданае затрыманьне, знаходжаньне за кратамі, а цяпер і забарону на выезд зь Беларусі. Празь ператрусы і допыты прайшлі многія іншыя супрацоўнікі мэдыяў, зазначае БАЖ.

Супроць журналістаў заведзеная справа паводле 2 часткі 349 артыкула Крымінальнага кодэксу Беларусі — гэта несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, зроблены празь іншую асабістую зацікаўленасьць з нанясеньнем істотнай шкоды. Справу паводле гэтага артыкула завялі ў Беларусі ўпершыню, а сьледчыя, якія яе распачалі, нядаўна атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды.

Беларусь на 155 месцы ў рэйтынгу свабоды слова

У рэйтынгу свабоды слова ў 2018 годзе Беларусь апусьцілася з 153 на 155 месца параўнальна з папярэднім годам. Абноўлены варыянт рэйтынгу ў красавіку абнародавала Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў». Паводле праваабаронцаў, на першым месцы ў рэйтынгу свабоды слова стаіць Нарвэгія, на апошнім — Паўночная Карэя. Усяго дасьледчыкі вывучылі становішча з свабодай слова ў 180 краінах сьвету.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG