Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст Pussy Riot: «Магчыма, расейскія спэцслужбы выпрабавалі на мне новы атрутны кактэйль»


Удзельнік расейскага гурту Pussy Riot Пётар Вярзілаў.
Удзельнік расейскага гурту Pussy Riot Пётар Вярзілаў.

Удзельнік расейскага гурту Pussy Riot і выдавец інтэрнэт-рэсурсу «Медиазона» Пётар Вярзілаў упэўнены, што да імавернай спробы яго атруціць маюць дачыненьне расейскія спэцслужбы. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію нямецкаму выданьню Bild.

Паводле актывіста, напад быў учынены прафэсійна. Прычынай яго ён лічыць сваё расьсьледаваньне гібелі расейскіх журналістаў у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы.

«Магчыма, на мне выпрабавалі новы атрутны кактэйль: я не заўважаў нічога цягам некалькіх дзён, яна [атрута] падзейнічала імгненна. А потым я страціў на некалькі дзён памяць», — распавёў Пётар Вярзілаў.

26 верасьня стала вядома, што Вярзілава выпісалі з клінікі ў Бэрліне. Паводле зьвестак тэлеканалу RTVi, актывіст мае намер вярнуцца ў Расею, хоць сябры і блізкія яго адгаворвалі. Цяпер Вярзілаў знаходзіцца пад аховай паліцыі Нямеччыны. Як паведаміла паплечніца актывіста Надзея Талаконьнікава, за ўсімі, хто прыяжджаў яго адведаць, сачылі невядомыя.

Пётар Вярзілаў трапіў у рэанімацыю ў Маскве 11 верасьня пасьля таго, як рэзка пачаў траціць зрок, мову і здольнасьць рухацца. 15 верасьня яго адправілі на лячэньне ў Бэрлін.

Нямецкія лекары схіляюцца да таго, што Вярзілава маглі атруціць, аднак пакуль ня могуць вызначыць тып рэчыва, якім гэта было зроблена. Паводле блізкіх Вярзілава, атручэньне можа быць зьвязана зь яго расьсьледаваньнем гібелі ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы расейскіх журналістаў — Архана Джэмаля, Аляксандра Растаргуева і Кірыла Радчанкі. У дзень шпіталізацыі Вярзілаў атрымаў ад сваіх крыніц з ЦАР важныя зьвесткі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG