Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіна перафарбоўвае валасы


Ганаровая вахта на Плошчы перамогі. Ілюстрацыйнае фота.

Калі ўявіць сабе ўсё гэта ў маштабе, калі пабачыць скрозь сьцены і дахі, калі праляцець гэтымі днямі над Беларусьсю чароўным квадракоптэрам, то можна пабачыць, як у Горадні і Віцебску, у Берасьці і Гомелі, у Івацэвічах і Рудзенску, у Петрыкаве і Мядзелі школьнікі перафарбоўваюць валасы ў натуральныя колеры.

Нехта проста перафарбоўвае — ну прыкапаліся дарослыя, ну што зробіш. Нехта дзеліцца з сяброўкай крыўдай і злосьцю — чым перашкаджалі ім мае фіялетавыя кудзеркі? Нехта шмыгае носам пад суворым матчыным позіркам. Але з кожным днём на Беларусі менее дзяцей з пафарбаванымі валасамі.

«А калі яны ўсе пафарбуюцца ў розныя колеры і прыйдуць у клясу, што гэта будзе?!» — адказала пытаньнем на пытаньне строгая чыноўніца ад адукацыі («А што ня так з пафарбаванымі валасамі?» — спыталіся ў яе). Я сумленна паспрабавала ўявіць сабе, што гэта будзе. Уявіла. Будзе кляса дзяцей з пафарбаванымі валасамі. Кляса як кляса, батанікі — на месцы, хуліганы — таксама, ніхто ня стаў разумнейшым ці дурнейшым, горшым ці лепшым, проста ў іх пафарбаваныя валасы.

Я ведаю адну жанчыну — яна сочыць за дрэскодам у адной школе. Па праўдзе, яна там наогул загадвае выхаваўчай часткай. Тры дні таму яна пры іншых дзецях накрычала на дзевяціклясьніцу за тое, што дзяўчынка прыйшла ў школу не заплеценая. «Што?! Ты ў люстра сябе бачыла?! Лахудра! Што гэта за выгляд?! Пайшла адсюль! Села яна! Ты ня маеш права тут знаходзіцца, вучаніцы так не выглядаюць!» Цікава, чаму ў школах па сёньня не забаранілі дарослае хамства, затое забаранілі пафарбаваныя валасы?

Так, яны вельмі крутыя — сёньняшнія дзеці. Яны расьлі бяз голаду і галечы, мамы і таты вадзілі іх у адукацыйныя цэнтры і на грунтоўныя заходнія мульцікі, чыталі ім скандынаўскія казкі і раз-пораз ставілі альбомы Лявона Вольскага. Гэтыя дзеці любяць свабоду і ведаюць, што маюць на яе права. Іх цяжка спалохаць. Яны прызвычаіліся, што іх погляды маюць права на існаваньне. Яны фарбуюць валасы ў сіні і ружовы. Яны гатовыя супрацьстаяць дарослым, у кожным разе — у пытаньні колераў. Напэўна, некаторыя дарослыя могуць палічыць гэта дзяржаўнай небясьпекай.

Тады гэтыя дарослыя кінуць распрацоўваць новыя праграмы і падручнікі. Забудуцца на рэформы і кампэтэнтнастны падыход. Стануць адзіным фронтам. І не дазволяць! Не дазволяць! Ніякіх! Пафарбаваных! Валасоў! У самы бліжэйшы час школы павінны будуць распрацаваць унутраныя дакумэнты. Склікаць бацькоўскія сходы. Пераадолець супраціў. І зрабіць так, каб ва ўсіх дзяцей былі валасы строга абазначаных колераў.

Няма такога абавязку ў бацькоў — быць зброяй у руках дзяржавы.

Гэта краіна, у якой мы жывём. У яе такія правілы. Большасьць дарослых ва ўладзе лічыць пафарбаваныя валасы небясьпечнымі. Што ж. Мабыць, так і трэба. Мабыць, і сапраўды. Дачушка, ну што ўжо. Ну давай. Будзем перафарбоўваць. Я сказала — перафарбоўваць! А ну марш у цырульню!

Я хацела папрасіць бацькоў. Якое б рашэньне не прынялі вашы дзеці — перафарбоўваць ці не перафарбоўваць бядовую сваю галаву — проста падтрымайце іх. Не станавіцеся на бок сыстэмы — станьце на бок дзіцёнка. Вырашыць ён ісьці на кампраміс і фарбавацца па правілах — гэта рашэньне, вартае павагі. Вырашыць супраціўляцца — тым больш павагі вартае. Як бы тое не было — давайце іх падтрымаем. Няма такога абавязку ў бацькоў — быць зброяй у руках дзяржавы. Абараняць і падтрымліваць сваіх дзяцей — такі абавязак у нас ёсьць.

І я хацела папрасіць дзяцей. Дзеці. Якога б колеру не былі вашыя валасы сёньня і заўтра. Ніколі, ніколі не забывайцеся на тое, як сьмешна, недарэчна і жаласна выглядаюць дарослыя, якія замест важных дарослых спраў патрабуюць ад дзяцей перафарбоўвацца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG