Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беллегпрам» анансаваў адзіны стандарт формы для ўсіх школьнікаў. Мінадукацыі: «Толькі са згоды бацькоў»


Ілюстрацыйнае фота

Адзіны дзяржаўны стандарт школьнай формы можа быць зацьверджаны ў Беларусі да канца 2017 году, перадае БЕЛТА заяву прадстаўніка канцэрну «Беллегпрам» Аляксандра Якоўчыца. Паводле яго, цяпер стандарт праходзіць экспэртызу ў Беларускім дзяржаўным інстытуце стандартызацыі і сэртыфікацыі.

Галоўнай мэтай стандарту называецца вызначэньне таго, што такое рэкамэндаваны Міністэрствам адукацыі да ўжываньня ў школах «дзелавы» стыль адзеньня — ці падпадаюць пад яго тыя ці іншыя гарнітуры. Паводле «Беллегпраму», адзеньне «дзелавога» стылю павінна вырабляцца з паўвіскознай ці паўваўнянай тканіны, але такой, якая ня будзе «калоцца».

Але Мінадукацыі растлумачыла, што ўдзел у праекце з адзінай школьнай формай добраахвотны для кожнай установы адукацыі, перадае БелаПАН. Прымусіць дзяцей насіць адзіную школьную форму можа толькі рада ўстановы адукацыі са згоды бацькоў, вучняў і адміністрацыі.

У прыватнасьці, рады школаў могуць абраць адзіны колер або мадэлі адзеньня, што будзе замацавана ў статуце ўстановы адукацыі — тады вучням давядзецца прытрымлівацца гэткай формы адзеньня.

«Беллегпрам» паведаміў, што ў 2015 годзе пачаў шыць форму для 10 школ і «апрануў» тады 725 навучэнцаў, летась жа працаваў для 112 школ і 27 тысяч навучэнцаў. Канцэрн таксама заявіў пра намер спрыяць таму, каб «усе вучні былі аднолькава апранутыя, каб падкрэсьліць стыль і імідж установы адукацыі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG