Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 17 верасьня аддаў загад рассакрэціць частку дакумэнтаў, якія тычацца расьсьледаваньня расейскага ўмяшаньня ў амэрыканскі выбарчы працэс.
Як паведаміла прэс-сакратарка Белага дома Сара Сандэрс, прэзыдэнт загадаў Міністэрству юстыцыі ЗША апублікаваць дакумэнты, зьвязаныя з выдачай ордэра на праслухоўваньне Картэра Пэйджа, які некаторы час быў дарадцам Трампа, калі ён быў кандыдатам у прэзыдэнты. Матэрыялы, атрыманыя ў выніку праслухоўваньня, былі адной з падставаў для пачатку маштабнага расьсьледаваньня магчымага расейскага ўмяшаньня ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары.
Рассакрэціць таксама мусяць электронную перапіску былога дырэктара ФБР Джэймса Комі зь некалькімі высокапастаўленымі супрацоўнікамі Міністэрства юстыцыі і ФБР, якая тычыцца так званага «расейскага расьсьледаваньня».
Да такога кроку прэзыдэнта Трампа даўно заклікалі ягоныя саюзьнікі ў Кангрэсе, якія лічаць, што расьсьледаваньне расейскіх сувязяў людзей з атачэньня кандыдата ў прэзыдэнты Дональда Трампа пачалі без дастатковых падставаў нядобразычліўцы Трампа ў шэрагах Міністэрства юстыцыі і ФБР.
У ЗША працягваецца расьсьледаваньне магчымага ўмяшаньня Расеі ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары 2016 году. Паводле амэрыканскіх спэцслужбаў, за тагачаснымі нападамі на сэрвэры Дэмакратычнай партыі стаяла Галоўнае выведнае ўпраўленьне Генштабу Ўзброеных сілаў Расеі.
У студзені 2017 году амэрыканскія спэцслужбы апублікавалі справаздачу, у якой гаварылася аб тым, што расейская ўлада праводзіла маштабную дзейнасьць, спрабуючы паўплываць на ход прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2016 году, і замовіў гэтую кампанію прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
У пачатку жніўня 2017 году спэцпрокурор Робэрт Мюлер сабраў вялікую калегію прысяжных для расьсьледаваньня «расейскага сьледу» у выбарах. Мюлер высьвятляе, ці існавала змова штабу Дональда Трампа з Крамлём з мэтай падарваць пазыцыі кандыдата ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан.
Масква ўмяшаньне ў выбарчы працэс у іншых дзяржавах катэгарычна адмаўляе, Трамп называе гэтае расьсьледаваньне «паляваньнем на ведзьмаў».