Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому дарадцу Трампа вынесьлі прысуд па «расейскай справе»


Джордж Пападопулас

Экс-дарадца перадвыбарчага штабу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джордж Пападопулас, са словаў якога пачалося расьсьледаваньне магчымых сувязяў штабу Трампа з Расеяй, асуджаны да 14 сутак турэмнага зьняволеньня за дачу ілжывых паказаньняў ФБР.

Прысуд вынес суд сталічнай акругі Калюмбія, паведамляе агенцтва Reuters.

Акрамя заключэньня, Пападопуласу прызначана пакараньне ў выглядзе 200 гадзін грамадзкіх работ і штрафу ў памеры 9,5 тысяч даляраў.

На турэмным тэрміне ў якасьці пакараньня настойваў спэцпракурор ЗША Робэрт Мюлер, які вядзе расьсьледаваньне. Перад вынясеньнем прысуду адвакат абвінавачанага Томас Брын папрасіў аб паблажцы для свайго кліента. Паводле адваката, сам Трамп зрабіў значна больш, каб перашкодзіць расьсьледаваньню меркаванага ўмяшаньня Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША.

Камэнтуючы прысуд былому дарадцу, Трамп назваў гэты дзень «выдатным для ЗША». «14 дзён за 28 млн даляраў гэта па 2 млн у дзень, ніякай змовы», — напісаў ён у Twitter.

Раней прэзыдэнт казаў журналістам, што практычна ня быў знаёмы з Пападопуласам.

Пападопулас стаў першым чальцом каманды Трампа, арыштаваным паводле абвінавачваньня ў дачыненьні да магчымай спробы Расеі паўплываць на вынікі амэрыканскіх прэзыдэнцкіх выбараў у 2016 годзе.

Расьсьледаваньнем меркаванага ўмяшаньня Расіі ў выбары з 2016 году займаюцца камітэты па выведцы абедзьвюх палат Кангрэсу ЗША.

Трамп катэгарычна адмаўляе якія-небудзь кантакты чальцоў сваёй каманды з Крамлём, а Расея адмаўляе якое-небудзь умяшаньне ў выбары ў ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG