Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт Сэнату ЗША па выведцы выявіў умяшаньне Расеі ў выбары


Камітэт Сэнату ЗША па выведцы падчас слуханьняў аб умяшаньні Расеі ў выбары. 1 лістапада 2017.
Камітэт Сэнату ЗША па выведцы падчас слуханьняў аб умяшаньні Расеі ў выбары. 1 лістапада 2017.

У 2016 годзе хакеры, зьвязаныя з расійскім урадам, правялі беспрэцэдэнтную, скаардынаваную кібэркампанію супраць дзяржаўнай выбарчай інфраструктуры ЗША. Пра гэта гаворыцца ў заяве Камітэту па выведцы Сэнату ЗША, распаўсюджанай 8 траўня.

У заяве адзначаецца, што расейскія хакеры шукалі слабыя месцы, зьдзяйсьнялі спробы ўварваньня і ў невялікай колькасьці выпадкаў пасьпяхова праніклі ў базу дадзеных рэгістрацыі выбаршчыкаў у шэрагу штатаў. Гэта дзейнасьць была часткай больш маштабнай кампаніі, якая павінна была падарваць у выбаршчыкаў давер да працэсу галасаваньня, адзначаецца ў заяве. Разам з тым камітэт не выявіў ніякіх доказаў таго, што дзеяньні зьвязаных з уладамі Расеі хакераў паўплывалі на вынікі галасаваньня або дадзеныя аб рэгістрацыі выбаршчыкаў.

Як найменей у 18 амэрыканскіх штатах расейскія хакеры спрабавалі патрапіць тым ці іншым чынам у выбарчую кампутэрную сыстэму. Амаль ва ўсіх штатах хакеры тэставалі кампутэрныя сыстэмы, зьвязаныя з выбарамі, на ўразьлівасьць. Як мінімум у шасьці штатах расейскія хакеры паспрабавалі ўзламаць вэб-сайты, якія маюць дачыненьне да выбараў. У некалькіх выпадках у іх атрымалася пракрасьціся ў базы дадзеных выбаршчыкаў, але яны не змаглі маніпуляваць асобнымі галасамі — гаворыцца ў дакумэнце.

Камітэт па выведцы лічыць, што кібэратакі былі часткай больш маштабнай кампаніі па ўмяшаньні ў выбары, якую Расея праводзіла з 2014 году аж да даты выбараў, якія прайшлі 8 лістапада 2016 году. Раней камітэт па выведцы Палаты прадстаўнікоў ЗША прыйшоў да высновы, што Расея мела на мэце пасеяць недавер да сыстэмы выбараў. Дэмакраты, аднак, ня згодныя з гэтай трактоўкай і настойваюць на далейшым расьсьледаваньні магчымых сувязяў выбарчай кампаніі Дональда Трампа з Расеяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG