У дзень сьмерці салдат, якога 5 верасьня знайшлі павешаным у вайсковай частцы ў Слоніме, зь некім размаўляў па тэлефоне, а пасьля размовы вярнуўся ў кепскім настроі. Што яшчэ вядома пра загінулага салдата тэрміновай службы?
Як стала вядома Свабодзе, салдат паходзіць з Горадзеншчыны. У лістападзе будзе год, як яго прызвалі. Ён служыў у падразьдзяленьні сувязі мэханізаванага батальёна, які знаходзіцца ў стане пастаяннай баявой гатоўнасьці. Такі батальён здольны выканаць у самы кароткі час свае баявыя задачы. У ім вельмі пільны кантроль над асабістым складам.
Са словаў саслужбоўцаў, хлопец у дзень сьмерці карыстаўся таксафонам. З кім размаўляў, невядома. Пасьля размовы вярнуўся ў прыгнечаным настроі, але сваімі думкамі ні з кім не дзяліўся. Неўзабаве яго знайшлі павешаным у так званай «халоднай» капцёрцы — у памяшканьні, дзе захоўваецца інструмэнт для прыбіраньня на вуліцы.
Таксама Свабода даведалася, што ў апошні час у загінулага салдата былі сямейныя праблемы. У яго загінуў айчым, і малодшая непаўнагадовая сястра засталася з маці. Стаяла пагроза, што маці могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў.
Вядома, што цяпер разглядаецца толькі вэрсія суіцыду.
Міністэрства абароны Беларусі 6 верасьня пацьвердзіла, што ў адной з частак Слонімскага гарнізону ўчыніў самагубства 20-гадовы шараговец А.В. Арлоў. Яму заставалася служыць крыху больш за паўгода.
Па факце самагубства Сьледчы камітэт распачаў праверку, у вайсковай частцы працуе камісія Мінабароны. Папярэдне Мінабароны сьцьвярджала, што «прычына суіцыду абумоўленая асабістымі абставінамі і не зьвязаная з праходжаньнем вайсковай службы».
Сайт hronika.by 5 верасьня паведаміў пра самагубства вайскоўца ў частцы 33933 у Слоніме са спасылкай на відавочцаў. Сьцьвярджалася, што хлопец зачыніўся і павесіўся ў памяшканьні, дзе захоўваліся інструмэнты. Прычыны не называліся.