Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў: забараняць георгіеўскую стужку недарэчна

абноўлена

Шэсьце «Несьмяротнага палку» у Менску, 9 траўня 2018 году
Шэсьце «Несьмяротнага палку» у Менску, 9 траўня 2018 году
Ігар Марзалюк
Ігар Марзалюк

Палата прадстаўнікоў лічыць недарэчным забараняць выкарыстаньне георгіеўскай стужкі. Пра гэта гаворыцца ў адказе за подпісам старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Ігара Марзалюка. Пэтыцыя аб забароне стужкі сабрала на сайце petitions.by 589 подпісаў.

Палата прадстаўнікоў: забарона георгіеўскай стужкі — гэта плявок

Забарона стужкі будзе выглядаць як «плявок» жывым удзельнікам Другой усясьветнай вайны, а таксама як зьнявага памяці ахвяраў гэтай вайны, перакананы Марзалюк.

«Той факт, што георгіеўская стужка выкарыстоўваецца сёньня асобнымі дзялкамі ў палітычных мэтах, ня зьменіць у цэлым станоўчага стаўленьня да яе як да аднаго з сымбаляў Перамогі», — гаворыцца ў адказе.

Марзалюк зьвяртае ўвагу, што выкарыстаньне георгіеўскай стужкі калябаранцкай Расейскай вызваленчай арміяй не зьмяніла станоўчага стаўленьня да яе.

Тым часам беларускія ідэолягі падкрэсьліваюць выкарыстаньне бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня» беларускімі калябарантамі падчас Другой усясьветнай вайны.

Экспазыцыя ў музэі Вялікай Айчыннай вайны
Экспазыцыя ў музэі Вялікай Айчыннай вайны

У адказе сьцьвярджаецца, што мэдалямі з георгіеўскай стужкай узнагародзілі да 15 мільёнаў чалавек. Колькі зь іх беларусаў, не ўдакладняецца.

МУС: георгіеўская стужка — сымбаль яднаньня народаў

У адказе на пэтыцыю Міністэрства ўнутраных спраў сьцьвярджае, што заўчасна ўводзіць адміністрацыйную адказнасьць за прапаганду георгіеўскай стужкі.

Паводле адказу МУС, у сучаснай Беларусі выява георгіеўскай стужкі выкарыстоўваецца на дзяржаўных і іншых узнагародах, мэдалях, штандарах, сьцягах і гвардзейскіх знаках адрозьненьня.

«Георгіеўская стужка ў цяперашні час зьяўляецца сымбалем яднаньня пакаленьняў і народаў, якія перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне», — гаворыцца ў адказе МУС.

Першую пэтыцыю аб забароне стужкі закрылі

Крысьціян Шынкевіч
Крысьціян Шынкевіч

Пэтыцыю з просьбай увесьці адміністрацыйную адказнасьць за выраб і распаўсюд георгіеўскай стужкі апублікаваў 12 ліпеня блогер Крысьціян Шынкевіч, яна сабрала 589 подпісаў.

Папярэднюю пэтыцыю закрылі «на просьбу аўтара ў сувязі зь ціскам на яго дзяржорганаў», пад ёй падпісаліся 1257 разоў.

Хто ініцыяваў першую «антыгеоргіеўскую» кампанію, дакладна не вядома, якія органы ціснулі, таксама не ўдакладняецца. З пакінутай на сайце пэтыцый электроннай пошты вынікае, што аўтара завуць Сяргей. Свабодзе не ўдалося зь ім зьвязацца.

Ва Ўкраіне за «георгіеўскія» стужкі штрафуюць

Летась у траўні Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла закон, які фактычна забараняе «георгіеўскія» стужкі. Цяпер іх публічнае выкарыстаньне, дэманстрацыя або нашэньне караецца штрафам у памеры ад 850 да 2550 грыўняў. Пры паўторным парушэньні закону пакараньне больш жорсткае — штраф да 5100 грыўняў або арышт на 15 сутак з канфіскацыяй прапагандысцкіх матэрыялаў.

За выкарыстаньне георгіеўскай стужкі ва Ўкраіне аштрафавалі двух грамадзян Беларусі.

У Беларусі ўлады фактычна адмовіліся ад «георгіеўскай стужкі» з 2014 году і рэкамэндуюць яе не выкарыстоўваць. Наўзамен выкарыстоўваюць чырвона-зялёныя стужкі са стылізаванай кветкай яблыні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG