Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэтыцыю аб забароне «​георгіеўскай» стужкі закрылі «пад ціскам уладаў»


Савецкія ўзнагароды і гвардзейскія стужкі

Аўтар пэтыцыі аб забароне прапаганды «​георгіеўскай»​ стужкі ў Беларусі сьцьвярджае, што яго прымусілі спыніць збор подпісаў на пляцоўцы petitions.by. Як сказана на старонцы, «пэтыцыя закрыта ў сувязі зь ціскам дзяржорганаў».

Хто ініцыяваў «антыгеоргіеўскую» кампанію, дакладна невядома, якія органы ціснулі, таксама не ўдакладняецца. З пакінутай на сайце электроннай пошты толькі вынікае, што аўтара завуць Сяргей. Свабода спрабуе зь ім зьвязацца.

За 10 дзён ад моманту свайго старту пэтыцыя сабрала 1257 подпісаў, пад тэкстам пакінута 317 камэнтароў. Меркавалася, што калектыўны зварот будзе накіраваны ў Савет Міністраў і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

«У сувязі зь непрызнаным міжнароднай супольнасьцю уключэньнем у склад Расейскай Федэрацыі ў 2014 годзе Крымскага паўвострава, разьмешчанай у адміністрацыйных межах рэгіёнаў Украіны, а таксама захопам улады з ужываннем агнястрэльнай зброі і вайсковай тэхнікі часткі Данбасу (тэрыторыя Ўкраіны) выкарыстаньне «​георгіеўскай» (гвардзейскай) стужкі як знаку прарасейскіх сілаў стала сымбалем беззаконьня, хаосу, нестабільнасьці і сотняў ахвяраў сэпаратызму. Прапаганда стужкі ў культурных, сацыяльных і палітычных мэтах ўяўляе небясьпеку для тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў закрытай пэтыцыі.

Аўтар і падпісанты просяць увесьці забарону і адміністрацыйную адказнасьць за прапаганду «​георгіеўскай» (гвардзейскай) стужкі — выраб, публічнае выкарыстаньне, дэманстрацыю, нашэньне, а таксама распаўсюд стужкі на сувэрэннай тэрыторыі Беларусі.

Такія захады, на перакананьне праціўнікаў «​георгіеўскай» стужкі, паслужаць выразным сыгналам для ўсіх краін: грамадзяне Рэспублікі Беларусь зацікаўленыя ў захаваньні незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржавы, падвышэньні духу патрыятызму і нацыянальнай самасьвядомасьці.

У Беларусі зьбіраюць подпісы за забарону георгіеўскай стужкі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG