Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінчук, якога душыў супрацоўнік ДАІ, быў п’яны, яму пагражае 6 гадоў турмы


Кадры відавочцаў

УУС Берасьцейскага аблвыканкаму агучыла афіцыйную вэрсію канфлікту ў Пінску: нецьвярозы грамадзянін, раней суджаны, напаў на міліцыянта, яму пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Паводле праваахоўных органаў, 26 жніўня 2018 году пры нясеньні службы па наглядзе за бясьпекай дарожнага руху супрацоўнік ДАІ Пінскага ГАУС спрабаваў эвакуяваць аўтамабіль «Хонда», які стаяў з парушэньнем правілаў. Да супрацоўніка ДАІ падышоў 46-гадовы пінчук і нанёс міліцыянту ўдар кулаком у твар.

На здымках відавочцаў бачна, што мужчына неаднаразова патрабаваў у чалавека ў форме назвацца і паказаць дакумэнты, той гэтага рабіць ня стаў (хоць абавязаны), пасьля мужчына замахнуўся на чалавека ў форме.

«Супрацоўнікам ДАІ ў дачыненьні да пінчука, які знаходзіўся ў стане алькагольнага ап'яненьня (1.07 праміле), ужытая фізычная сіла і спэцыяльныя сродкі, — паведамляе УУС Берасьцейскага аблвыканкаму. — Парушальнік пры дапамозе грамадзян быў дастаўлены ў мэдычную ўстанову.

Паводле відавочцаў, супрацоўнік ДАІ душыў мужчыну, пакуль той ня страціў прытомнасьць, з рота пайшла кроў. Мясцовыя спрабуюць спыніць ДАІшніка, але толькі словамі і спробамі расьціснуць рукі — гвалту супраць чалавека ў форме не ўжывалі. Але калі мужчына, якога той душыў, упаў, пачаліся крыкі «забілі», на міліцыянта пачалі замахвацца пэнсіянэры.

На мужчыну заведзеная крымінальная справа паводле арт. 364 КК РБ («гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных справаў»), яму пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Паводле міліцыянтаў, падазраваны мае 9 парушэньняў правілаў дарожнага руху і раней засуджаны за нясплату алімэнтаў і ўхіленьне ад папраўчых работаў.

Асьцярожна, на відэа шмат лаянкі

Ці падпадае пад арт. 364 гвалт супраць чалавека ў форме, які называецца міліцыянтам, але адмаўляецца паказаць дакумэнты, з Крымінальнага кодэксу незразумела. Таксама незразумела, ці можна ўжываць гвалт супраць «людзей у цывільным», якія гвалтоўна цягнуць кагосьці ў машыну без нумароў — часта такія выкраданьні аказваліся затрыманьнямі ўдзельнікаў палітычных акцыяў.

Праваабаронцы ў кожным разе раяць не ўжываць гвалт супраць чалавека, які можа аказацца міліцыянтам, а падпарадкоўвацца патрабаваньням нават тады, калі няма доказаў, што чалавек, які называе сябе міліцыянтам, сапраўды міліцыянт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG