Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На якой мове беларусы пішуць уладам? Ігар Случак сабраў зьвесткі за 7 гадоў


Ігар Случак, архіўнае фота
Ігар Случак, архіўнае фота

Беларускі юрыст і блогер Ігар Случак, які ў інтэрнэце атрымаў мянушку «моўны інспэктар», ад 2011 году зьбіраў зьвесткі аб тым, колькі раз беларусы зьвярталіся зь пісьмовысі зваротамі да ўладаў на беларускай мове, а колькі — на расейскай.

Ігар Случак называе статыстыку ўнікальнай: дзяржава не вядзе такіх дасьледаваньняў адносна выкарыстаньня дзяржаўных моваў.

Зьвесткі ўдалося сабраць далёка не з усіх раёнаў і гарадоў Беларусі: недзе мясовыя ўлады адказвалі, што самі не вядуць статыстыку, недзе адмаўляліся ёю падзяліцца, недзе не адказалі на зварот, а недзе адказалі часткова, ды абарвалі перапіску.

Па-беларуску сталі пісаць часьцей. Улады мусяць адказваць на мове звароту

У 2011 годзе толькі 0,47% зваротаў да выканкамаў былі па-беларуску, у 2012-2016-м — ад 0,52% да 0,55%, а ў 2017-м — аж 1,97%.

«Да 2012 году даваць адказ на пісьмовы беларускамоўны зварот па-беларуску было не абавязкова, — тлумачыць Свабодзе Ігар Случак. — З 2009 году я займаўся распрацоўкай і прасоўваньнем зьменаў у закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» і ў 2012 годзе мая прапанова, каб адказ на зварот быў на мове звароту была прынятая».

Паводле Случака, цяпер гэта адзіная норма ў беларускім заканадаўстве, якая дэталёва рэглямэнтуе ўжываньне дзьвюх дзяржаўных моваў і не дыскрымінуе беларусаў.

«Статыстыка ўнікальная, падобных дасьледаваньняў дзяржавай не вядзецца, — дадае ён. — Яна паказвае, як зьмяняецца ўжываньне беларускай мовы, калі права на яе ўжываньне забясьпечана законам. З 2012 году колькасьць пісьмовых беларускамоўных зваротаў вырасла ў 4 разы».

Дзе «Вяйшнорыя»?

На мапе няма выразнага падзелу на «больш беларускамоўную» і «больш расейскамоўную» часткі краіны, рэгіёны не групуюцца ў нешта накшталт прыдуманай беларускім Генштабам «Вяйшнорыі». Хіба на поўдні часьцей, чым на поўначы, адказвалі на запыты Случака.

«У межах курсаў „Права на мову“, што мы вядзем з паліттэхнолягам Алінай Нагорнай, мы езьдзім па ўсёй Беларусі — і я не заўважыў, што дзесьці па-беларуску размаўляюць менш, а дзесьці больш, — расказвае ён. —. Паўсюль ёсьць людзі, якія прыходзяць з пытаньнем: як у Беларусі размаўляць па-беларуску і пачуваць сябе абароненым?

Беларусь — у адрозьненьне, напрыклад, ад Украіны – адзіная ў сьветапоглядзе. І лёгка стварыць «Горадзенскую» ці «Гомельскую народную рэспубліку» не атрымаецца».

Чаму так мала?

У мінулым перапісе насельніцтва 53% беларусаў назвалі роднай мовай беларускую. Але звароты да ўладаў на роднай мове піша непараўнальна меншая частка людзей.

«Роднай мовай беларускую ў нас лічаць больш за 53% беларусаў, не менш за 75-80%, — адзначае Случак. — Лічба ў 53% з’явілася праз некарэктнасьць пытаньняў перапісу-2009.

Што да малога адсотку выкарыстаньня беларускай мовы ў жыцьці, то тут праблема ў дыскрымінацыйнай дзяржаўнай моўнай палітыкі ў адносінах да беларускамоўных беларусаў. Расейская мова меншасьці была навязаная беларускамоўнай большасьці праз тое, што ўсё заканадаўства, сфэра дзяржаўнага кіраваньня, тэлевізія, вышэйшая адукацыя і іншае па-расейску.

Мова — гэта найперш сродак камунікацыі. Праз умовы, што стварыла дзяржава, беларуская мова гэту функцыю не выконвае. Шараговы беларус не змагаецца за мову, а проста жыве ў створаным моўным полі, таму і не карыстаецца беларускай мовай. Але любіць і цэніць яе, хацеў бы карыстацца ёю з камфортам. І пры сапраўдным раўнапраўі беларускай і расейскай моваў лёгка перайшоў бы на беларускую».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG