Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнія словы Коржыча да маці: «Я буду сам ваяваць з гэтай арміяй»


Вайскоўцы падчас суду ў справе Коржыча
Вайскоўцы падчас суду ў справе Коржыча

10 жніўня ў Менскім абласным судзе на судовым працэсе па факце гібелі салдата Аляксандра Коржыча апыталі чатырох пацярпелых — траіх саслужыўцаў і маці нябожчыка Сьвятлану. З расказанага імі можна скласьці ўяўленьне пра тое, як прайшлі апошнія месяцы жыцьця загінулага салдата ў вайсковай частцы ў Печах пад Барысавам

Аляксандр Коржыч быў прызваны ў войска 18 траўня 2017 году. Па словах ягонай маці Сьвятланы, сына павінны былі забраць на службу ў адну з частак Берасьця, аднак калі ён змог пазваніць ёй, то сказаў, што яго разам зь іншымі прызыўнікамі вязуць у барысаўскія Печы. З сабой у Аляксандра Коржыча быў неабходны для прызыўніка набор рэчаў, а таксама просты кнопкавы мабільны тэлефон і банкаўская картка з апошнім заробкам — каля 600 рублёў.

Першы месяц службы праходзіў больш-менш спакойна. Сьвятлана Коржыч на судзе расказала, што сын толькі папрасіў перавесьці яму 50 рублёў, ні на што ў тэлефонных размовах ня скардзіўся. На прыняцьце прысягі жанчына паехаць не змагла, упершыню пасьля адпраўкі ў войска яна ўбачыла сына 3 ліпеня, калі прыехала да яго ў Барысаў.

Маці з сынам падчас провадаў у войска
Маці з сынам падчас провадаў у войска

«Ім патрэбныя толькі грошы»

«Тут усе замбаваныя на грашах, — пераказвае Сьвятлана Коржыч пачутае ад сына падчас той сустрэчы. — Ім патрэбныя толькі грошы. Пералічвай мне на картку, я буду сам разьбірацца».

Гэта быў першы раз, калі Сьвятлана Коржыч пачула ад сына аповеды пра парадкі ў часьці. Яна кажа, што пасьля гэтага прыкладна раз на тыдзень пералічвала яму на картку каля 50 рублёў. Самастойна вырашыць праблему не спрабавала.

Чаму маці баялася скардзіцца

«Я ня скардзілася кіраўніцтву часткі, таму што баялася зрабіць горш, — сказала Сьвятлана Коржыч судзьдзі. — Ці дапамагло б гэта? Папярэдні выпадак у Барысаве быў з Басьцюком (Арцём Басьцюк быў знойдзены павешаным у Печах за месяц да прызыву Коржыча ў войска. — РС). Тады ён паскардзіўся бацькам, яны кіраўніцтву часткі расказалі ўсё. Ці дапамагло гэта?»

У ліпені і жніўні, паводле паказаньняў Сьвятланы Коржыч, сын пэрыядычна званіў ёй зь невядомага нумару. Гэты нумар, як яна пазьней даведалася, належаў ягонаму сяржанту Бараноўскаму. Жанчына спрабавала высьветліць, чаму Аляксандар карыстаецца не сваім нумарам, аднак ён не даваў ёй адназначнага адказу.

«Матэрыялы справы паказалі толькі пасьля ліста Лукашэнку». Як расьсьледуюць сьмерці ў войску

Сьвятлана Коржыч таксама расказала на працэсе, што аднойчы сын пазваніў і папрасіў пераслаць яму перадачу з прадуктамі. Пры гэтым нехта падчас размовы падказваў яму, што канкрэтна павінна быць у пасылцы.

Апошняя размова з маці

Па словах Сьвятланы Коржыч, праблемы ў сына пачаліся пасьля таго, як ён вырашыў больш не плаціць сяржантам. Гэта адбылося прыкладна ў сярэдзіне верасьня 2017 году, калі Коржыч вярнуўся ў сваю частку з мэдычнай роты, куды трапіў з прастудай. Жанчына расказала на паседжаньні, што спрабавала пераканаць сына адмовіцца ад гэтай ідэі. Аднак ён быў настойлівы і сказаў маці, што сам зь ёй разьбярэцца. Апошняя размова з сынам у Сьвятланы Коржыч, па яе словах, адбылася 25 альбо 26 верасьня.

«Я сам буду ваяваць з гэтай арміяй, — пераказала Сьвятлана Коржыч апошнія пачутыя ёй словы сына. — Яны не нажаруцца грашамі. Апэтыт прыходзіць падчас ядзеньня».

Маці Аляксандра Коржыча ў судзе
Маці Аляксандра Коржыча ў судзе

Саслужыўцы: грашовыя паборы былі

Паказаньні саслужыўцаў Аляксандра Коржыча, дадзеныя падчас першых дзён працэсу, пацьвярджаюць словы Сьвятланы Коржыч аб грашовых паборах у частцы, дзе служыў Аляксандар Коржыч.

Першыя тры салдаты, прызнаныя пацярпелымі па справе, пацьвердзілі, што існаваў асобны прэйскурант на некаторыя паслугі. У прыватнасьці, можна было выкупіць права на карыстаньне мабільным тэлефонам.

Па словах пацярпелых Сівухі, Штыка і Асіпка, сяржанты Бараноўскі, Вяжэвіч і Скуратовіч бралі па 20 рублёў за карыстаньне звычайным кнопкавым тэлефонам і 40 — за карыстаньне смартфонам. Гаворка ідзе пра карыстаньне тэлефонамі ў забаронены вайсковым статутам час — пасьля адбою і ў будзённыя дні.

Таксама ўсе трое пацьвярджаюць, што за наведваньне крамы трэба было набываць сяржантам невялікія падарункі ў выглядзе цыгарэт, печыва, вафляў або кавы.

Печы, дзе служыў Аляксандар Коржыч
Печы, дзе служыў Аляксандар Коржыч

«Асаблівае» стаўленьне сяржантаў да Коржыча

«Да Коржыча сяржанты ставіліся па-асабліваму, — сказаў на судзе Кірыл Штык, які служыў зь ім у адной роце. — Бараноўскі празь дзень адпраўляў Коржыча ў краму за прадуктамі. Коржыч не займаўся гаспадарчымі працамі разам з намі, знаходзіўся ў частцы. Хадзілі чуткі, што за гэта сяржанты бяруць зь яго грошы. Аднойчы я быў сьведкам размовы паміж Коржычам і Бараноўскім. Сяржант патрабаваў у Аляксандра грошы. Калі той сказаў, што грошай ня мае, то Бараноўскі параіў яму пазычыць іх у таварышаў па службе. Я ня ведаю, што было далей».

Усе апытаныя ў першыя дні працэсу саслужыўцы Аляксандра Коржыча кажуць, што ён пакідаў уражаньне «звычайнага, нармальнага хлопца». Ім невядома пра нейкія канфлікты з удзелам Аляксандра Коржыча. Таварышы па службе расказваюць, што асабліва блізкія адносіны ў яго склаліся з двума іншымі салдатамі, якія служылі ў ягонай роце. Пра думкі аб суіцыдзе ад Коржыча ніхто ня чуў. Толькі Кірыл Штык расказаў, што меў з Коржычам незвычайную размову.

У Коржыча была трывога

«Аднойчы Аляксандар Коржыч сказаў мне, што адчувае трывогу, — сказаў пракурору Штык. — Ён расказаў, што мае такое пачуцьцё, быццам адбудзецца нешта дрэннае. Расказваў, што баіцца знаходзіцца ў танку».

І Штык, і Сівуха, і Асіпок расказалі на судзе, што сяржант Бараноўскі чамусьці карыстаўся асабістым тэлефонам Коржыча, пра гэта ведалі яго саслужыўцы. Таксама яны пацьвердзілі, што аднойчы бачылі, як сяржант Вяжэвіч загнаў Аляксандра Коржыча ў яму глыбінёй больш за мэтар, пасьля чаго пачаў кідаць у яго рыдлёўкамі. Па словах былога таварыша Аляксандра Коржыча па службе Андрэя Асіпка, прычынай гэтага стаў кіляграм вафляў, якія Коржыч нібыта быў вінен сяржанту.

Абвінавачаныя ў справе Коржыча Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч
Абвінавачаныя ў справе Коржыча Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч

На працягу верасьня саслужыўцы амаль не кантактавалі з Аляксандрам Коржычам, гэты месяц ён правёў у мэдычнай роце. Спачатку два тыдні адбыў там з прастудай. Потым трапіў да мэдыкаў ізноў на прыкладна такі ж тэрмін са скаргамі на боль у вобласьці сэрца. Саслужывец Аляксандра Коржыча Андрэй Сівуха на судовым паседжаньні расказаў, што бачыў яго апошні раз прыкладна 26 верасьня ў краме вайсковай часткі. Пра сьмерць саслужыўца салдаты 3 роты даведаліся ад кіраўніцтва часткі, пасьля чаго іх звазілі ў Пінск на пахаваньне.

Апытаныя ў першыя дні працэсу саслужыўцы Аляксандра Коржыча сьцьвярджаюць, што ўсе яны зазнавалі фізычны гвалт з боку падсудных сяржантаў. Аднак нікому зь іх нічога не вядома пра акалічнасьці сьмерці загінулага салдата.

Страшная вестка

Пра тое, што Аляксандар Коржыч знойдзены мёртвым, Сьвятлана Коржыч даведалася 3 кастрычніка. Разам з блізкімі і сябрамі сына яна паехала ў Печы, каб забраць цела сына.

Паводле Сьвятланы Коржыч, у частцы зь ёй доўга ніхто не хацеў размаўляць. Празь нейкі час камандзір часткі Чарнецкі сказаў Сьвятлане, што Аляксандар быў вінен вялікую суму грошай. Прычынай гэтага нібыта былі кампутарныя гульні і няшчаснае каханьне.

«Коржыч гаварыў, што баіцца памерці». Што на судзе саслужыўцы салдата расказваюць пра службу ў Печах

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Справу аб трагічнай гібелі салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча расьсьледавалі каля 9 месяцаў, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Да працэсу расьсьледаваньня ў якасьці выключэньня была дапушчаная маці нябожчыка Сьвятлана Коржыч.

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Пры гэтым сам СК раней паведамляў, што цела знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай — як гэта спалучаецца з вэрсіяй пра самагубства, маці не патлумачылі. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Праз два тыдні пасьля таго, як у падвале вайсковай часткі ў Печах знайшлі труп Аляксандра Коржыча, Сьледчы камітэт Беларусі распачаў 8 крымінальных спраў у дачыненьні да 8 вайскоўцаў. Пазьней колькасьць затрыманых у справе Аляксандра Коржыча вайскоўцаў павялічвалася: акрамя сяржантаў і прапаршчыка, за краты трапілі таксама два афіцэры, якія кіравалі ротай Коржыча. Аднак з больш чым 15 чалавек, затрыманых у справе, на лаве падсудных у першым працэсе апынуліся толькі тры сяржанты, якім прад'явілі абвінавачваньні паводле ч. 1, 2 арт. 430 і ч. 3 арт. 455 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

У справе салдата Коржыча, які загінуў у войску, будуць судзіць толькі сяржантаў

Частка 3 артыкула 455 КК. Злоўжываньне начальніка ці службовай асобы ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі зь цяжкімі наступствамі. Пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або без канфіскацыі і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Часткі 1 і 2 арт. 430 КК. Прыняцьце службовай асобай для сябе ці для блізкіх матэрыяльных каштоўнасьцяў ці выгод маёмаснага характару. Караецца абмежаваньнем волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю, або пазбаўленьнем волі на тэрмін да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу. На 31 ліпеня ў судах знаходзіцца яшчэ 12 крымінальных спраў за дзедаўшчыну, у іх фігуруе 19 асобаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG