Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаныя ў справе Коржыча сяржанты адмовіліся даваць паказаньні


Падсудныя Антон Вяжэвіч, Ягор Скуратовіч і Яўген Бараноўскі (зьлева направа)

Другі дзень суду павінен быў пачацца з допыту сяржанта Бараноўскага.

9 жніўня ў судзе Маскоўскага раёну Менску працягнуўся разгляд справы аб гібелі салдата Аляксандра Коржыча ў вайсковай частцы ў Печах пад Барысавам. У самым пачатку паседжаньня сяржанты Яўген Бараноўскі, Ягор Скуратовіч і Антон Вяжэвіч адмовіліся даваць паказаньні. Іх допыт можа прайсьці пасьля таго, як у судзе выступяць пацярпелыя ад дзеяньняў сяржантаў салдаты і маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана.

Напярэдадні пракурор зачытаў абвінавачаньні, выстаўленыя Бараноўскаму, Скуратовічу і Вяжэвічу. Гэта заняло ўвесь першы дзень працэсу.

Загнаў Коржыча ў акоп і шпурляў у яго рыдлёўкай. Онлайн першага дня гучнага працэсу

Паводле вэрсіі сьледзтва, Бараноўскі, Скуратовіч і Вяжэвіч сыстэматычна займаліся вымаганьнем і зьбіцьцём падначаленых ім салдатаў, змушаючы набываць ім прадукты харчаваньня і цыгарэты. Таксама ў матэрыялах справы ёсьць інфармацыя пра зьдзекі з салдат. У прыватнасьці, Скуратовіча абвінавачваюць у тым, што ён прымушаў аднаго з шарагоўцаў аблізваць ёршык для ўнітаза.

Сваю віну сяржанты Бараноўскі, Скуратовіч і Вяжэвіч прызнаюць часткова. Яны пагаджаюцца з тым, што атрымлівалі хабар ад салдат, аднак адмаўляюцца прызнаваць, што іхныя дзеяньні сталі прычынай сьмерці Аляксандра Коржыча.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Справу аб трагічнай гібелі салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча расьсьледавалі каля 9 месяцаў, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Да працэсу расьсьледаваньня ў якасьці выключэньня была дапушчаная маці нябожчыка Сьвятлана Коржыч.

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Пры гэтым сам СК раней паведамляў, што цела знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай — як гэта спалучаецца з вэрсіяй пра самагубства, маці не патлумачылі. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Праз два тыдні пасьля таго, як у падвале вайсковай часткі ў Печах знайшлі труп Аляксандра Коржыча, Сьледчы камітэт Беларусі распачаў 8 крымінальных спраў у дачыненьні да 8 вайскоўцаў. Пазьней колькасьць затрыманых у справе Аляксандра Коржыча вайскоўцаў павялічвалася: акрамя сяржантаў і прапаршчыка, за краты трапілі таксама два афіцэры, якія кіравалі ротай Коржыча. Аднак з больш чым 15 чалавек, затрыманых у справе, на лаве падсудных у першым працэсе апынуліся толькі тры сяржанты, якім прад'явілі абвінавачваньні паводле ч. 1, 2 арт. 430 і ч. 3 арт. 455 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

У справе салдата Коржыча, які загінуў у войску, будуць судзіць толькі сяржантаў

Частка 3 артыкула 455 КК. Злоўжываньне начальніка ці службовай асобы ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі зь цяжкімі наступствамі. Пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або без канфіскацыі і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Часткі 1 і 2 арт. 430 КК. Прыняцьце службовай асобай для сябе ці для блізкіх матэрыяльных каштоўнасьцяў ці выгод маёмаснага характару. Караецца абмежаваньнем волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю, або пазбаўленьнем волі на тэрмін да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу. На 31 ліпеня ў судах знаходзіцца яшчэ 12 крымінальных спраў за дзедаўшчыну, у іх фігуруе 19 асобаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG