Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партрэты зьняволеных журналістаў. Ад Тацяны Каравянковай зьбягаюць чыноўнікі і міністры


Тацяна Каравянкова, архіўнае фота
Тацяна Каравянкова, архіўнае фота

Тацяна Каравянкова скончыла факультэт філязофіі і сацыялёгіі БДУ. Добра валодае ангельскай мовай. Ужо больш за 10 год працуе ў БелаПАНе палітычным аглядальнікам. А пачынала журналісцкую кар’еру якраз у БелТА.

«Любіць фіялетавы колер, соваў і не пераносіць амлет»

«Таня — а не Тацяна, менавіта так яна любіць, каб яе называлі, — нарадзілася ў Менску ў сям’і інжынэраў. Сьмелая, зь неверагодным пачуцьцём гумару і абвостраным пачуцьцём справядлівасьці, яна любіць фіялетавы колер, соваў і не пераносіць амлет.

Цяжка ўявіць чалавека больш начытанага. Яе любімы дэвайс — электронная кніга. Таня наведвае ўсе кінапрэм’еры і ведае ўсе сусьветныя, без перабольшваньня, музычныя кампазыцыі.

Уваходзіць у закрытую групу „Секс в большом городе“ :), заснавалі якую яшчэ ў 2008 годзе тры сяброўкі — Таня, Света, Юля — і тым самым даказалі, што жаночае сяброўства ёсьць», — кажа Юлія.

«Таня канкрэтна можа „адбрыць“, яе немагчыма „заткнуць“, узяць „на спалох“»

Калега, журналіст Эўрарадыё Зьміцер Лукашук прызнаецца, што з Тацянай знайшоў паразуменьне менавіта на прафэсійнай глебе, бо яны абое любяць вострыя пытаньні і не баяцца іх задаваць.

«У парлямэнце міністры ўцякаюць ад Тані, таму што калі яна ўчэпіцца, то не адпусьціць, пакуль не даб’ецца свайго. Прычым яе немагчыма „заткнуць“ любімымі чынавенскімі адмазкамі, кшталту „хто вы тут такая, як вы сябе паводзіце, я вам нічога казаць ня буду“».

Тацяна канкрэтна можа «адбрыць» спасылкай на Закон аб СМІ, на права журналіста атрымліваць інфармацыю. Гэтая яе настойлівасьць мне вельмі падабаецца, і калі мы сустракаемся ў парлямэнце, заўсёды пераглядваемся: каго сёньня лавіць і мучыць будзем?

Таню немагчыма ўзяць «на спалох». Калі мы пачулі, што Таню затрымалі, першы быў сумны жарт, што гэта яны дарэмна зрабілі, яны яшчэ ня ведаюць, з кім зьвязаліся, Каравянкова ім яшчэ пакажа!

Даведаўшыся, што Таня адмовілася размаўляць без адваката, Зьміцер не зьдзівіўся — падумаў, што менавіта так, годна і цьвёрда Таня будзе трымацца на допытах, у турме, як заўсёды трымалася перад міністрамі.

«Чыста па-чалавечы яна заўсёды дапаможа, калі ты ня можаш знайсьці інфармацыю, заўсёды падкажа. Мы зь ёй заўсёды адзін аднаму скідвалі цікавыя навіны, абменьваліся інфармацыяй пра прэс-туры, цікавыя мерапрыемствы. Мне таксама ў ёй гэта падабалася, бо ў некаторых ёсьць такая журналісцкая сквапнасьць, маўляў, „нічога нікому не распавяду“, а Таня заўсёды дзялілася. Вельмі годны журналіст, цьвёрды, прынцыповы і высокапрафэсійны», — кажа Зьміцер Лукашук.

«У Тані пастаянна гараць вочы»

Калега па працы ў БелаПАНе Наста Лосіч лічыць Таню Каравянкову прафэсіяналам высокага ўзроўню. На яе думку, такіх журналістаў у Беларусі ня вельмі шмат.

«Яна чалавек, які заўсёды разьвіваецца. У Тані ніколі не зьнікае інтарэс, у Тані заўсёды гараць вочы, хоць у многіх гэты запал праходзіць зусім ці прападае на пэўны час.

Яе баяцца ўсе чыноўнікі, зьбягаюць ад яе, хаваюцца за прэс-сакратарамі, таму што яна вельмі бойкая і адважная, у яе заўсёды ёсьць сьмеласьць і жаданьне штосьці запытацца, „прыціснуць да сьценкі“ чыноўніка.

А яшчэ яна вельмі добры, справядлівы чалавек, у яе вельмі высокія маральныя прынцыпы, яна часта прасоўвае ў рэдакцыі пытаньні журналісцкай этыкі, чалавечага стаўленьня да герояў. І яшчэ яна вельмі надзейны сябар», — кажа Наста Лосіч.

Партрэты зьняволеных журналістаў. Творчы маратон Марыны Золатавай

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць

  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
  • 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
  • Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
  • 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
  • Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
  • Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
  • Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс​
  • У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG